Выбрать главу

Разборкі ўчыняць праз тое ён не стаў:

— На сябе самога — не на некага!

Я гэтаксама меркаваў, а Марта думала не так, іначай.

— А якая розніца?.. На сябе нават горш. Ва ўсе часы ўсе злыдні таго і дамагаліся, каб чалавек найперш нагаварыў на сябе самога. Далей прасцей...

— Методыку карную спасцігаеш, — паспрабаваў пажартаваць жандар, з якім Крабіч прышоў мірыцца. — Нездарма немка...

Крабіч бездапаможна, скасавурана неяк зірнуў на Марту і прамаўчаў, адвярнуўшыся... І раптам кінуўся на жандара, з якім прышоў мірыцца:

— Марта не жартам сказала!.. Зусім не жарт сказала немка!..

І яны пакаціліся па падлозе...

Калі мы высяляліся ад жандара, Крабіч усё ж прапанаваў пажыць у яго. Марта адмовілася наадрэз.

З кім павядзешся, ад таго і набярэшся — і ад Крабіча я не толькі нукаў ягоных, але і яшчэ таго-сяго набраўся. Крабіч казаў, што варта рабіць толькі тое, чаго рабіць не варта. Што нікому не ў патрэбу, чаго сам ад сябе не чакаеш. Каб пасля ўзяцца за галаву, ківацца і думаць: ну што ж гэта такое я ўчыніў?..

Павярнуўшы да дома, у якім жылі мы некалі з Мартай, я падняўся на трэці паверх і націснуў кнопку званка каля дзвярэй злева.

Да дзвярэй падыйшлі, памаўчалі. Вочка ў дзвярах не было. Я помніў: дзверы былі такія тонкія, што вочка не ўрэзаць...

— Хто там?.. — спытаў жаночы галос. Не дзявочы і не старэчы, менавіта жаночы. Насцярожаны, але не палахлівы.

— Выбачайце, гэта кватэра Шалея?

— Якога Шалея?..

— Дзмітрыя Віктаравіча. Ён жыў тут...

— Калі?..

— Гадоў пятнаццаць...

— Гэта даўно... Даўно тут вайсковыя кватэры былі... Цяпер гарадскія.

Калі пятнаццаць гадоў для яе даўно, значыць, ёй не болей, як трыццаць...

— Дык цяпер не жыве?..

— Тут не жыве... А так, мусіць, жыве дзе-небудзь...

— Вы яго ведаеце?

— Не. Мужу ад работы кватэру далі...

На ўсялякі выпадак і пра мужа сказала, які дома — і калі што якое...

— Ад якой работы?

Голас здзівіўся.

— Вам нашто ведаць, ад якой?

Здзівіўшыся, голас падвысіўся, зазвінеў...

— Я выпадкова спытаў, прабачце... Ведаеце, голас у вас такі...

— Які?..

— Падобны на той, які я чуў, калі жыў тут... Я пакой наймаў у гэтай кватэры... Дабранач...

— Бывайце... — сказаў, разгубіўшыся, голас і спытаў адразу: — А вы што хацелі?

Хоць і галава баліць, але з голасам маім усё, як мае быць: жанчыны яму давяраюць...

— Нічога... Паглядзець.

— Што паглядзець?..

— Пакой, у якім жыў...

— Тут два пакоі...

— Я ведаю. Той, які без балкона...

— У любой кватэры ёсць пакой без балкона...

— Гэты без балкона з балконнымі дзвярмі...

— І таму вы захацелі ўбачыць яго?..

— Можа быць...

— Сярод ночы?..

Я зірнуў на гадзіннік: сапраўды было якраз сярод ночы, а поўначы...

— Днём не выпадае... — Я сеў да дзвярэй, упёршыся ў праёме спінай і нагамі. — А вам чаго не спіцца?..

За дзвярыма перамаўчалі, раздумаючы, ці адказваць... Калі адказваць — гэта ўжо размова. Сярод ночы невядома з кім... Нічога не вырашаўшы, даволі гучна спыталіся:

— Вы селі пад дзверы?..

— Сеў...

— І сядзець будзеце?..

— Буду, калі не прагоніце... Мне ісці няма куды.

Таксама прысеўшы, з-за дзвярэй спыталі цішэй:

— Вы не бомж?.. Вы ж ішлі некуды?.. У вас ёсць дом?..

Дзверы былі тымі ж, што і раней, тонкімі, як з фанеры, нават ціхаму голасу не заміналі. Гаварыць праз іх можна было хоць да раніцы...

— Дом ёсць. А ісці няма куды.

— А-а, жонка выгнала... — працягнуў голас, у якім адразу з’явіліся ноткі, з якімі гаворыць баба, калі думае, што ўсё ведае пра мужыка. Гэта ўжо была не размова, я пачаў падымацца... Голас змяніўся амаль спалохана.

— Пачакайце!..

— Чаго?

— Я ведаю, пра што вы, выбачайце... У самой такое бывала... І я адчыніла б вам, але...

— Нічога... Я разумею.

— Ды вы не разумееце!.. Я замкнёная.

Я сеў, не падняўшыся.

— Адамкніцеся...

— Не магу... — ледзь не шэптым сказалі, але і шэпт быў чутны, за дзвярама. — З таго боку замкнёная, з вашага. І ключа няма... Муж з’ехаў на два дні і замкнуў мяне. Ён заўсёды, калі з’язджае, замыкае мяне і ключы забірае...

— Чаму?..

За дзвярыма зноў памаўчалі і ўздыхнулі.

— Бо лічыць, што я блядзь, і пайду гуляць...

Уздыхнулі даверліва, нават занадта даверліва... Тут ужо я памаўчаў, не знаходзячы, што сказаць... Голас гэты на бляцкі не быў падобны...