Выбрать главу

Пакалочваючыся ад кашмару, я падняўся і падаўся ў ванну, каб змыць кроў і чым-небудзь перавязацца... Трэба было б знайці ёд, але дзе яго шукаць у чужой кватэры?.. На палічках у ваннай нічога аптэчнага не стаяла.

Я заначаваў у кватэры Рутнянскіх, змусіў сябе заначаваць у гэтым доме, у пакоі Ігара Львовіча, бо падумаў, што Лі-Лі, калі вернецца, дык вернецца сюды. Яшчэ я прыдумаў, што так мне зручней будзе, не перабягаючы з хаты ў хату, пакарміць нараніцы і вывесці пагуляць Дартаньяна. Нешта трэба было, апроч Лі-Лі, прыдумаць... Каб не здавалася, што я ўжо хвіліны лішняй пражыць без яе не магу.

Уночы я шукаў яе ўсюды, дзе яна магла быць. Пакінуўшы на балконе голую, залітую месяцам, Лілію, здань, якая ледзь не падмяніла Лі-Лі, я раптам здаўся сябе самому пустатаю ў пустаце, адчуў скразную, невыносную адзіноту. Адзіноту не наогул — адзіноту без Лі-Лі, і ад жандармерыі я не ішоў, а бег да вакзала, каб хутчэй злавіць таксі. “Чачэнец нейкі каля яе круціцца...” — сказала, развітваючыся, Зоя, але дзе і якога мне шукаць чачэнца? — трэба Поля знайсці. Не ведаючы, дзе жыве Поль, я заехаў, каб дазнацца адрас, да другой сваёй жонкі — дзверы адчыніў немец у піжаме. Марце заўсёды хацелася, каб я ў піжаме клаўся спаць, бацька яе спаў у піжаме, Марта мне піжамы гэтыя на ўсе святы дарыла, падбірала, у якую зажадаю ўлезці, я не ў адну ўлезці не зажадаў, таму яна на немца мяне і памяняла. Немец трымаў мяне ў дзвярах, не будзіў ні Марту, ні Роберта, мармытаў:”Nacht... ноч...” — думаў, можа, што я Марту ўночы забіраць прыпёрся, нібы ўдзень не мог яе забраць. Марта нарэшце сама выйшла са спальні, таксама ў паласатай піжаме, гэта ўжо немец яе ў піжаму загарнуў, са мной яна ў піжаме не спала, устрывожаная: “Што здарылася?..” — яна ўсё ж перажывала за мяне, немка паласатая. Дзе жыве Поль, яна дакладна не ведала: “На Зялёным Лузе недзе, нашто ён здаўся табе ўночы?..” — пабудзіла Роберта, і Роберт, канечне ж, быў у піжаме, толькі ў клетку, а не ў палосы, я зноў падумаў: “Каго немчура гэтая зробіць з майго сына?..” Роберт сказаў, што Полю можна пазваніць, нашто ехаць, але мне трэба было бачыць Поля — аднаго, ці з чачэнцам, ці з чачэнцам і з Лі-Лі. Роберт зазбіраўся ехаць са мной, гэта лепей, чым не зазбіраўся б — ён, значыць, не зусім немец. Я запісаў адрас і абняў Роберта, пацягнула яго абняць: “Наладзім яшчэ гулянку начную, сын, толькі другім разам...”

Поль чакаў мяне каля пад’езду, Роберт усё ж пазваніў яму — набраўся звычаяў нямецкіх. Але, калі Лі-Лі тут, дык яна тут, не збегла, Лі-Лі з тых, што прападаюць, а не з тых, што збягаюць. “Лі-Лі ў мяне няма, — адразу сказаў Поль, — вы наогул не так усё разумееце”. — “А як мне разумець, калі яна кажа, што спіць з табой?..” — “Яна так кажа?..” — “І што ад цябе ў яе, можа быць, дзіця!..” — “Яна так кажа?..” — толькі і пытаўся Поль, я падштурхнуў яго: “Вядзі ў хату!..” — “Няма ў мяне Лі-Лі...” — “Пайшлі!..” — “Бацькі дома, што я ім скажу?..”

Бацькоў ягоных дома не было, Поль зманіў, але не было ў яго і Лі-Лі. І чачэнца не было — підар быў у Поля, хоць, мусіць, і чачэнец можа підарам быць, але гэта быў выкладчык кансерваторыі, якога я ведаў, таму Поль не хацеў мне яго паказваць... Ці, можа быць, з-за Роберта паказваць не хацеў, які раптам са мной да Поля ўночы зазбіраўся? — ды хрэн тут разбярэшся, з-за чаго!.. У прыбіральні, куды я, абшукаўшы ўсе пакоі, уварваўся і натыкнуўся на выкладчыка, старая канцэртная афіша з фэйсам маім вісела... Выкладчык, седзячы на ўнітазе, вочы долу апусціў, сама сарамлівасць: “Раман Канстанціновіч, гэта, спадзяюся, паміж намі...”

Па дарозе да Максіма Аркадзьевіча я ўспомніў выкрутасы Поля пры нашым змаёмстве, павіншаваў сябе з афішай у прыбіральні і падумаў, што толькі гэтага мне, підару, і не хапала...

Максім Аркадзьевіч не спаў, сядзеў на кухні і слухаў касету з дуэтам Лі-Лі і Поля. Дога ён, як толькі я ў дзверы пазваніў і назваўся, адразу ў спальні зачыніў, замітусіўся: “Можа, вып’ем?..” — “Вы ж не п’еце...” — “Ваш каньяк застаўся...” Я няёмка павінен быў бы пачуваць сябе перад чалавекам, ад якога звёў і дачку, і жонку, але мне пляваць было на ўсё і ўсіх, апроч Лі-Лі, я ў самім сабе не меў дзе быць, Максім Аркадзьевіч так і сказаў:

— Раман, мне здаецца, вы ў самім сабе не маеце, дзе быць.

Дзе можа быць Лі-Лі, ён не ведаў.

— Вы не знойдзеце яе, Раман... Вы згубілі яе — і ўсе згубяць. Яна занадта вялікі дар, каб некаму належыць.