Выбрать главу

Я паспрабаваў мазгі яму ўправіць:

— Максім Аркадзьевіч, ваша дачка прапала!

— Як вада хаваецца ў вадзе, так Лі-Лі хаваецца ў Лі-Лі, — сказаў на гэта Максім Аркадзьевіч нешта, мусібыць, з кітайскай філасофіі... Ён, мне здалося, папіваў не адно той каньяк, які ад мяне застаўся, і ціха ўзрадваўся, што я згубіў Лі-Лі, а пра тое, што яна магла наогул згубіцца, прапасці — і думаць не думаў. Ці думаў, што, калі Лі-Лі ўсе згубяць, яна да яго вернецца?..

Я пазваніў ад Максіма Аркадзьевіча першай сваёй жонцы, спадзяючыся, што да тэлефона падыйдзе Каміла, але пасля дзесятка гудкоў трубку ўзяла Ніна. Спрасонку яна доўга не магла скеміць, для чаго я падняў яе з ложка, спытала, скеміўшы: “А дачку сваю ты б гэтак шукаў?..” — і доўга будзіла Камілу, якая параіла мне не панікаваць і не шукаць сваіх палюбоўніц у былых жонак, бо за Лі-Лі водзіцца такое — прападаць.

— Я вас для больш простых адносін звяла, — сказала Каміла.

— Лі-Лі прападала раней?.. — спытаў я Максіма Аркадзьевіча. Ён адказаў, што кожны з нас, як толькі народзіцца, так прападае.

Заўважыўшы, што Максім Аркадзьевіч як цвярозы, так і нападпітку прыблізна аднолькавы, я ўсё ж наліў сабе кілішак, каб каньяк не прападаў.

— З чаго раптам прападае?

— Бо робіцца карысным для некага ці нечага... Для мяне, для вас... Для кахання, для нянавісці... Кожны прападае праз карыснае ў ім, а карыснае можна знайсці ва ўсім, таму не прападае толькі тое, чаго няма...

— А каньяк? — наліў я яшчэ кілішак. — Ён жа шкодны...

— Карысны... — не згадзіўся і выпіў са мной Максім Аркадзьевіч. — П’яніца разумее карысць бескарыснага... Радасць кветкі, якая не вырасла, таму яе нельга сарваць...

Я ўспомніў свой беспрабудны запой пасля разводу з Мартай: сапраўды пра нешта такое я запойна думаў... Адчуваў тужліва, што ўсе карыснае — парахня.

— Вы хіба п’яніца?

— Я філосаф...

— Гэта адно і тое ж?

Максім Аркадзьевіч падумаў і сказаў:

— Падобнае... Але не адно і тое ж.

— Тады скуль вы ведаеце, што разумее п’яніца?

— А вось гэта пытанне! — падаўся да мяне і ўчапіўся ў локаць Максім Аркадзьевіч. — Вы хоць трохі, хоць неяк уяўляеце, якое задалі пытанне?

Я ніяк не ўяўляў...

— Якое?..

— Ну, якое?.. — сціскаў ён так мне руку ў локці, што я ледзь вызваліўся, падумаўшы: “Ці не для гэтага патрэбная яму Лі-Лі?..”

— Выпадковае... Можаце не адказваць.

— Трэба адказаць, гэта важна! — занерваваўся Максім Аркадзьевіч. — Толькі як бы прасцей... — Ён паставіў побач два кілішкі. — Бачыце, яны ва ўсім абсалютна аднолькавыя. Але ўявіце, што яны мысляць... І тады адзін абавязкова думае, што ён не такі, як другі. Кожны думае, што ён не кожны, і так яно і ёсць, але той, хто спасціг дао, здольны быць кожным, сваім я ўвайсці ў я іншае... Я здольны быць Лі-Лі, быць не з ёй, а ёй!.. Быць п’яніцам, не п’ючы, разумееце?..

Я не стараўся зразумець і сказаў:

— Што ж, танна абыйдзецца...

Максім Аркадзьевіч уздыхнуў безнадзейна і напоўніў кілішкі, адзін з якіх думаў, што ён не такі, як другі.

— Паслухайце... — Магнітафон шчоўкнуў і замоўк, Максім Аркадзьевіч перавярнуў касету. — Вы чуеце, адчуваеце, якая радасць і воля?.. — Яму ўсё ж карцела нешта давесці мне. — Аднойчы старажытны кітайскі філосаф, гуляючы на беразе ракі, заўважыў, што радасць рыбы — прывольна гуляцца ў вадзе, а яму запярэчылі, што ён не рыба, каб ведаць, у чым радасць рыбы... Што б вы адказалі на ягоным месцы?.. — І, не чакаючы адказу, Максім Аркадзьеіч спытаў па звычцы сваёй без ніякага пераходу. -- Паслухайце, Раман, калі б вы зусім адзін засталіся, што б вы рабілі на маім месцы?..

На гэта я мог адказаць.

— Шукаў бы тых, з кім быў не адзін.

— А хіба тады, калі вы былі з імі, вы былі не адзін?..

Раптам ён не спадабаўся мне, зусім не спадабаўся.

— Вы ананізмам калі-небудзь займаліся, Максім Аркадзьевіч?

— Не! — адказаў ён паспешліва, хоць, канечне ж, займаўся. — Чаму вы спыталіся?

— Бо вы падобны на член, які сам сябе дрочыць.

— Як гэта?.. — па-філасофску не зразумеў Максім Аркадзьевіч.

— Гэта ў кітайскі старажытны спосаб, — сказаў я, зачыняючы за сабой уваходныя дзверы, за якімі ў дуэце з Полем калыхаўся, падаў і ўзлятаў голас Лі-Лі, якую шукаць сярод жывых — я не ведаў, дзе?..

І падаўся шукаць да мёртвых.

Вяртаючыся дахаты, я заехаў на Кальварыйскія могілкі. Не таму, што фікусалюб з асіметрычным пісталет тут пасля страляніны знайшлі — мы з Лі-Лі сюды часта заходзілі... Таксіст, які і без таго пачынаў пазіраць на мяне падазрона, стаяць і чакаць ноччу каля могілкаў не захацеў; я пераплаціў яму і сказаў, каб ён быў праз паўгадзіны.