Выбрать главу

На браме цэнтральнага ўваходу вісеў, як звычайна, замок, і я звыкла пералез цераз сцяну каля капліцы. Я пералазіў цераз яе ўночы разоў дваццаць, за ёй былі любімыя могілкі Лі-Лі — адзіныя, як яна казала, жывыя могілкі ў Мінску.

— Гэта ненармальна, Лі-Лі, могілкі любіць, — сказаў я, калі яна зацягнула мяне сюды ўпершыню.

— Чаму? — спытала яна. — Калі я іх люблю?..

Мы хадзілі па дарожках між магіламі, Лі-Лі бліскала ліхтарыкам, выхоплівала з цемры надмагіллі — крыж, помнік, надпіс, фотаздымак... Над магіламі шарахаліся цені, шасталі ў кустах, хаваліся за помнікамі здані, прывіды, душы памерлых — Лі-Лі распавядала фантасмагарычныя гісторыі пра тое, як яны жылі і паміралі... Не скажу, што было весела, асабліва ў першыя разы. А потым я, сам не заўважыўшы, як, прывык да нашых кальварыйскіх фантасмагорый, да ценяў і прывідаў, мяне нават цягнула да іх — аднойчы я сам прапанаваў Лі-Лі паехаць на Кальварыю.

— А-а!.. — ускочыла на мяне малпаю, закруціўшы ногі на спіне, Лі-Лі. — Не-нар-маль-ны!..

Мы сабраліся, Лі-Лі ўзяла з сабой ліхтарык і яшчэ свечкі, сказаўшы, што, паколькі я ўжо нармальна ненармальны, значыць, гатовы да таго, каб нешта ўбачыць...

Магіла, да якой яна прывяла мяне, была абнесена ланцугом, але не на чатырох, як звычайна, а на трох каменных слупках, каля аднаго з якіх, унутры і ў вяршыні трохкутніка, мясцілася між бакавымі ланцугамі вузкая і кароткая — дваім ледзь сесці — чугунная лаўка. На магіле ляжала чорная гранітная пліта, таксама трохкутнік, з вяршыні якога намагалася ўзляцець мармуровая птушка, мусібыць, лябёдка. За раскінутымі крыламі лябёдкі, у выемцы ў пліце, стаяў авальны, у форме яйка, светлы камень, адшліфаваны белы валун з белым, высечаным з таго ж валуна, крыжам над ім. Крыж быў не зусім правільнай формы, выглядаў крылатым — трохі выгнуты, як пад ветрам, са скошанымі канцамі папярэчыны. За валуном, падпіраючы яго, віднеўся яшчэ адзін камень, пляскаты, аточаны чугунным вянком — нібыта пастамент, на якім помнік паставіць хацелі, ды ў апошнюю хвіліну перадумалі... Праз гэтую пустату над пастаментам надмагілле выглядала не зусім завершаным.

— Стаяў там помнік, — сказала Лі-Лі, пасвяціўшы ліхтарыкам на пляскаты, у чугунным вянку, камень. — Яго сцягнулі, прыгожы быў... Цяпер яна сама там стаіць.

— Хто — яна сама?..

— Аміля.

Лі-Лі пасвяціла на белы валун, на якім тонкімі, лятучымі літарамі з віньеткамі было выгравіравана адно імя:

А м і л я

Я спытаў першае, што ў галаву прыйшло:

— А даты?..

— На пастаменце. Яна нарадзілася ў адзін дзень са мной... Толькі раней за мяне, у пазамінулым стагоддзі. Я магла быць ёй, ды ўсё пераблыталася. З блытаніны мы з’яўляемся ў свеце, а не з Боскай волі...

Кажучы гэта, Лі-Лі ставіла свечкі — дзве на кончыкі крылаў і адну на шыю белай лябёдкі...

— Аміля падобная на мяне, як сястра, зараз убачыш... Але спачатку я раскажу табе пра яе. Як яна жыла і памірала...

Пасадзіўшы мяне на чугунную лаўку, Лі-Лі абыйшла магілу і паднялася на пляскаты камень, на пастамент за валуном з крыжам. Яна стала на ім, крыламі прыпадняўшы рукі і трохі нахіліўшыся ўперад — помнік! Грувасткае ў асобных дэталях надмагілле адразу набыло завершанасць і лёгкасць, адчулася, як палёт. Лябёдка, крыж і чалавек ядналіся ў адным намаганні, душа, дух і цела зліваліся ў адным памкненні — ускрыліць, узляцець, вырвацца, вызваліцца... Гэта было тым, чаго свядома ці несвядома прагне кожны, хто прападае, як кажа бацька Лі-Лі, толькі-толькі нарадзіўшыся.

— У жылах Амілі цякла блакітная кроў, бацька яе быў радавіты шляхціч, доўга жыў за мяжой і ажаніўся з англічанкай, выхаванай віктарыянскай эпохай, таму Аміля з маленства ведала, што Бог неспасцігальны, несмяроцце малаверагоднае, і толькі абавязак неаспрэчны і абсалютны, — пачала распавядаць Лі-Лі чарговую фантасмагарычную гісторыю. За спінай яе хісталіся вершаліны дрэў, гналіся ветрам, сутыкаліся і разрываліся хмары, у якіх то ўсплывала, то патанала поўня. На нейкія хвіліны Лі-Лі хавалася ў цемры, яе амаль не відаць было, толькі камяні бялелі, і голас яе гучаў, здавалася, з камянёў, з самой даўніны, пра якую яна распавядала. — Дзіцячыя гады Аміля правяла ў Англіі, у невялічкім старажытным гарадку на беразе Лі, скуль была яе маці. Там, у мясцовым саборы...

— На беразе чаго?..

— Рака Лі — прыток Тэмзы, і не перапыняй мяне болей.. Там, у мясцовым саборы, збудаваным яшчэ ў ХІІ стагоддзі, аднойчы ўбачыла яна двух іншаземцаў, што размаўлялі на той славянскай мове, якой навучыў яе бацька. “Якая прыгажуня... — гледзячы на Амілю, сказаў маладзейшы іншаземец старэйшаму. — Каралеўна, ды й толькі... З такою шлюб узяць — ад шчасця памерці...”