Выбрать главу

Аміля, якой было шаснаццаць, пачула ў словах іншаземца нешта большае за тое, што ён сказаў... Гэткія словы, думкі такія не дазваляліся ў храме! Гэта грэх быў, які Аміля адразу пачала замольваць, і ўчула голас з-пад гатычнага скляпення сабора: “Не грэх, а лёс...” Яна страціла прытомнасць, малады іншаземец падхапіў яе на рукі хутчэй, чым бацька. Не грэх, а лёс. Так іншаземцы з бацькам Амілі пазнаёміліся. Ён запрасіў іх у госці, яны гасцілі амаль месяц і пра нешта з бацькам гаварылі, гаварылі, гаварылі...

Праз год памерла маці. Застаўшыся ўдаўцом, бацька засумаваў нясцерпна, надумаў бегчы з Англіі, трываць не мог болей нічога ангельскага. “На радзіму пара”, — сказаў ён Амілі. Яны селі на карабель, даплылі да французскага Брэста, адкуль тры гады, падоўгу жывучы ў Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, рухаліся і рухаліся на ўсход, пакуль не дабраліся нарэшце да радзімы. Якраз пад паўстанне 1863 года.

Пад гэты час Аміля была ўжо заручаная, стала нявестай таго самага іншаземца з радзімы, які падхапіў яе на рукі ў саборы. Заручыліся яны ў Італіі, дзе Лаўрусь Жыховіч, як звалі іншаземца, шукаў і купляў зброю для паўстання. Грошы на зброю здабываў бацька Амілі. Ён прадаваў уласную маёмасць, каштоўнасці, нічога не шкадаваў на барацьбу за вольную будучыню радзімы, не ведаючы, якую будучыню купляе для сябе, рыхтуе для дачкі.

Паўстанне разграмілі, жаніха і бацьку Амілі злавілі і збіраліся павесіць. Аміля прыйшла да генерала, якога называлі вешальнікам, прасіць за іх. Ёй споўнілася дваццаць, яна была самай прыгожай нявестай ва ўсёй Еўропе...

— Прасі за аднаго, — сказаў генерал.

Ён сказаў так назаўтра раніцай перад натоўпам на гарадской плошчы, сказаў гэта каля памоста з дзвюма шыбеніцамі, пад адной з якіх стаяў на падстаўцы з вяроўкай на шыі бацька Амілі, пад другой — яе жаніх. Аміля кінулася ў ногі генералу, білася галавой аб камяні...

— За аднаго прасі, — паўтарыў генерал. — Здымі пятлю з таго, за каго просіш, каго пакідаеш жыць. І хутка, бо павесім абодвух.

Хістаючыся, Аміля паднялася на памост, стала паміж шыбеніцамі. Натоўп сціх, замёр. Чуваць было, як парыпваюць дошкі памоста, на якіх стаяла і хісталася Аміля. Нарэшце яна зрабіла крок, другі, трэці — да шыбеніцы, пад якой стаяў бацька.

— А-ах!.. — выдыхнула плошча.

Аміля падышла да бацькі, укленчыла, абняла за ногі, прыціснулася — бацька кіўнуў ёй з пятлі і ўсміхнуўся.

— Пакідаю цябе на Лаўруся...

Аміля паднялася і зняла пятлю з шыі жаніха. Пачуўся пошчак барабанаў, які нарастаў, нарастаў, абарваўся — і кат выбіў падстаўку, асінавую цурку, з-пад ног бацькі.

— Курва!.. Сучка!.. — паляцела з натоўпу, як толькі бацька Амілі заматляўся ў пятлі. Аміля вяла за руку з памоста Лаўруся, а насустрач ім, ззаду і з усіх бакоў змяілася і шыпела: “Курва... курва... сучка... сучка...”

Ніхто не ведаў, што было ўчора ў маёнтку, занятым генералам-вешальнікам, да якога прыйшла Аміля прасіць за бацьку і жаніха. Можа, і не было нічога. Можа, надакучыла генералу проста так вешаць і вешаць, захацелася нечага весялейшага — ён і наладзіў спектакль. Дзеля такой дзеі, павесіўшы тысячы, аднаго можна і жывым пакінуць. Пра тысячы забудуць, пра аднаго запомняць... Так, ці не так, таго ніхто, апроч Амілі з генералам, не ведаў, але ж, калі не ведаеш, дык здагадацца не цяжка — і з натоўпу ляцела: “Курва... Сучка...” Нідзе, ніхто і нікога так не ўмее любіць, як любяць у нас свае сваіх.

Лаўрусь, які з усімі разам чакаў, што Аміля бацьку, а не яго зратуе, і ўжо адной нагой на тым свеце пабываў, ішоў за нявестай, выратавальніцай, галаву ў плечы ўціскаў, горбіўся і думаў: “Цяпер так і жыць?..” Ён паглядзеў на зласлівы натоўп, на насмешлівага генерала і абыякавага ката, вырваў руку сваю з рукі Амілі і вярнуўся, зноў падняўся на памост, стаў пад шыбеніцу і крыкнуў:

— Вешайце!

Генерал разрагатаўся, даў шпоры каню і паскакаў з плошчы, і кат засмяяўся і скочыў з памоста, і ў натоўпе пачуліся смяшкі: “Герой з курвай сваёй...”

Усё было абсмяянае: барацьба, пакуты, паўстанне — нават смерць. І найперш абсмяяным пачуваў сябе Лаўрусь Жыховіч, перакананы ў тым, што паратунак яму знайшла Аміля ў ложку вешальніка. Як кахаў ён цяпер Амілю, так яе і ненавідзеў — скруцілася ўсё і змяшалася.

Аміля пакутвала, штодня малілася і плакала... Яна плакала па каханні, малілася за бацьку... Лаўрусь выносіць яе плачу, чуць малітваў яе не мог, кідаўся ва ўсе бакі, шукаў і не знаходзіў смерці — на яго паказвалі пальцам і смяяліся. Рэўнасць, крыўда, знявага асляпілі яго, ён ужо не бачыў побач з сабой таго дзіва, валодаць якім дазволіліся яму нябёсы, — і толькі дадзенае слова і абавязак змусілі Лаўруся пайсці з Аміляй да шлюбу.