Выбрать главу

— Згодны ты ў жонкі ўзяць... — пачаў святар, і Лаўрусь раптам перапыніў яго: “Згодны, калі яна перад Богам скажа, што нявінная...” — і Аміля прашаптала ціха: “Перад Богам кажу, што нявінная...” — так яна Лаўруся кахала, што яму жыццё, а бацьку смерць выбрала, так кахала, што гонар свой яму пад ногі кінула, а ён пераступіў цяраз гонар яе і ў храме, пры алтары крыкнуў: “Дык заставайся вечнай нявестай хрыстовай, калі нявінная!..” — і ўдарыў кінжалам у грудзі!..

“Ну, гэта ўжо занадта — пры алтары зарэзаць...” — падумаў я, не перапыняючы Лі-Лі, і яна нібыта мяне пачула, паправілася:

— Гэта крыкам сваім: “Дык заставайся нявестай хрыстовай, калі нявінная!” — Лаўрусь, як кінжалам, ёй у грудзі ўдарыў, павярнуўся і рушыў з храма. Сэрца Амілі, горам і болем перапоўненае, не вытрывала — і Аміля ўпала на рукі святара. “Не грэх, а лёс...” — пачулася ёй з-пад гатычных скляпенняў...

Лі-Лі ўвайшла у ролю, апошнія словы прагучалі ледзь чутна, замагільна, я спалохаўся, ці сама яна не памірае... Зусім нечаканай была ў тую ноч Лі-Лі, зусім нязвыклай... Ды й наогул, хоць і тэатральна, але страшнавата было — могілкі ўсё ж... Лі-Лі запаліла свечкі на крылах і шыі лябёдкі, уціснулася да мяне на лаўку. “Глядзі туды, дзе я стаяла... Як поўня вынырне — так і ўбачыш”.

Поўня вынырнула, і я сапраўды — ці якраз не сапраўды — убачыў... Не ведаю, як яно і з чаго ўзнікла — з чараў, з галюцынацый, з праламленняў святла?.. — але там, дзе толькі што стаяла Лі-Лі, з пустаты, з цемры, з разрывістага ў лятучых хмарах месячнага бляску і трапяткога агню свечак зляпілася Аміля. Я пазнаў яе, нібы бачыў раней... Падобная на Лі-Лі, яна ўзнікла на тле поўні, роўна-роўненька на лініі, што напалам дзяліла трохкутнік магільнай пліты і трухкутнік агароджы, на адной лініі з крыжам над валуном і свечкай на шыі лябёдкі. На Амілі бялела шлюбная сукенка ў карунках, твар яе быў спакойны, вочы заплюшчаныя — яна плавала трошкі з боку ў бок і ззаду ўперад, і толькі тое і выдавала яе: гэта ўсё ж была ці душа Амілі, ці здань, але не чалавек.

— Можаш спытацца ў яе што-небудзь, — шапнула Лі-Лі. — Толькі ціха.

Пра цішыню яна магла не казаць, тут хацеў бы крыкнуць — не крыкнеш...

— Што спытацца?..

— Што хочаш... Пра сябе, пра некага...

Пра сябе, убачыўшы Амілю, я ўсё забыўся, таму спытаў:

— Лі-Лі кахае мяне, Аміля?..

Аміля ўсміхнулася і плаўна, павольна кіўнула галавой: “Кахае...”

— Я табе сама сказаць магла, — прашаптала Лі-Лі. — Ведаеш, чаго яна хоча?..

— Чаго?..

— Каб мы палюбіліся... Тут, пры ёй... І з ёй...

— Не выдумляй, Лі-Лі... На могілках...

— Ёй усё адно, дзе... Яна памерла, не зведаўшы, і цяпер хоча, хоча і хоча... — Лі-Лі ўжо расшпільвала мне дзягу, у гэтым яна налаўчылася. — Я сяду на цябе...

— Лі-Лі...

Павярнуўшыся, Лі-Лі падсела на мяне, адразу надзелася, — яна была без трусікаў, ведала, па што на могілкі едзе... Унутры была яна мокрая, нібы паспела кончыць.

— Так... Глыбей... О...

— Лі-Лі...

— Ідзі да нас, Аміля... Ідзі да нас...

— Не кліч яе... Я звар’яцею...

— Яна хоча...

— Гэта здань, Лі-Лі... Нічога яна не хоча... Не можа яна хацець...

— Яна падыйсці не можа, ёй нельга... Пайшлі да яе...

— Лі-Лі...

— Яна кліча, я чую... Толькі не выходзь з мяне...

Лі-Лі падымалася, я падымаўся за ёй, ставаў на цырлы, каб з яе не выйсці, з мяне спаўзалі штаны — Амілі, мусібыць, смешна глядзець на гэта было... З-за спіны Лі-Лі я нічога не бачыў, яна падвяла мяне да каменя, да пастамента, дзе Аміля павінна была стаяць, калі яшчэ стаяла, не збегла... Лі-Лі пераступіла камень, а мне не дала з яго сыйсці, на крайку спыніла, мы цяпер роўныя былі, не трэба было на цырлы ўздымацца, раманчык мой утульна ў Лі-Лі прыладзіўся, і Лі-Лі прыціснула мяне да сябе, завёўшы назад рукі:

— Глыбей, глыбей... Мы з ёй... Мы ў ёй... Мы — яна, і яна — мы...

Зліўшыся, мы стаялі слупком, амаль не рухаючыся, і я насамрэч адчуваў, што мы не самі па сабе і не ўдваіх, а з некім, з нечым, нават у нечым стаім, і тое нешта атуляла нас, цякло знізу ўверх і зверху ўніз, хваляй ласцілася, і я, здавалася, кранаў тую хвалю, што нас атуляла, трапяткую, дрогкую, а Лі-Лі спрабавала цалавацца з ёю ў ёй:

— Ідзі да нас, Аміля... да яго... да мяне... будзь у нас... мы ў табе... а... — о... — у... — а...

Такой Лі-Лі я не бачыў, не адчуваў ні раней, ні пасля... Яна была асцярожнай, стрыманай, цнатлівай, нібы ў першую шлюбную ноч, яна аберагала таго — тую? — з кім — ці кім? — была, і была плаўнай, без парывістых рухаў, нібы баялася прычыніць боль, стаяла і рухала клубамі, выгіналася, выгіналася і выгіналася ў таліі з боку ў бок, нічога болей не рабіла, доўга-доўга-доўга нічога болей не рабіла, толькі рухала клубамі і выгіналася, ад асалоды знемагала, ногі ў яе падкошваліся, і нарэшце яна страціла прытомнасць, я трымаў яе, абняўшы за жывот, і не ведаў, куды пакласці — не на магілу ж...