Выбрать главу

— Аміля... — ачуняўшы, прашаптала Лі-Лі, калі я данёс яе да лаўкі. — Аміля... — І ўбачыла мяне. — Табе хораша ў ёй?..

Не грэх, а лёс...

Поўня схавалася ў хмары, на пастаменце нікога і нічога не было, толькі цемра, перад якой дрыжэла на белым камені, на крыжы, на надпісе Аміля святло трох свечак — і намагалася ўскрыліць лябёдка...

Звычайна мы вярталіся да нашых сексуальных забаў, паўтараліся ў іх хоць аднойчы, каб паглядзець, што ж мы такое прыдумалі, але пра забаву на могілках і я, і Лі-Лі, як згаварыўшыся, нібы забыліся. Лі-Лі ні разу болей і блізка не падводзіла мяне да магілы Амілі...

Камень, пастамент, аточаны чугунным вянком, на якім мы кахаліся ў Амілі і яна кахалася ў нас, быў пусты — што ж гэта было ў тую ноч з намі, як магло такое быць?.. Свечак я не меў, паставіў бензінавую, якую папрасіў у таксіста, запальнічку на шыю лябёдкі, сеў на лаўку і стаў чакаць, пакуль вынырне з хмары поўня... Яна вынырнула, срэбрам заліла ўсе могілкі, мне здалося, я ўявіў, нібы мільгнула нешта на пастаменце, цень, штосьці белае, я спытаў:

— Аміля?..

Ні ад каго ніякага адказу...

— Аміля, дзе Лі-Лі?... Яна да мяне вернецца?..

Дрыжэла на белым камені, на крыжы, на надпісе Аміля святло запальнічкі. Я сядзеў, пакуль не загасіў запальнічку вецер.

Я не бачыў яшчэ балотнага кашмару... Сеўшы ў таксі, я паехаў яго сніць, ноч даначоўваць у кватэры Рутнянскіх.

Ты ператвараеш жыццё лабуха ў фантасмагорыю, Лі-Лі... “Я здольны быць Лі-Лі”, — сказаў твой бацька.

Я не здольны быць табой...

XIV.

Дартаньян, пэўна, адчуваў сябе сабакам, ва ўсіх сэнсах сабакам, які ні за што, па дурасці сабачай угрыз чалавека, з якім яму трэба было б не грызціся, а сябраваць — хоць бы за пракорм... Зашыўшыся пад стол на кухні, ён пазіраў адтуль жаласліва і вінавата.

— Ты ж не шалёны? — спытаў я, і Дартаньян, як мне здалося, здзівіўся. Лідзія Паўлаўна пры кожным зручным выпадку нахвальвала яго: такі ўжо разумны, усё разумее, што кажуць — і я сказаў, каб замірыцца:

— Ёд знайшоў бы, калі вінаваты...

Палены батон, пачуўшы ў голасе маім міралюбівыя ноткі, паклаў морду на лапы і перакінуў хвост з боку ў бок... Ці Лідзія Паўлаўна здольнасці ягоныя перабольшвала, ці ён не ведаў, дзе той ёд шукаць.

Ёд знайшоўся на кніжнай паліцы ў пакоі Ігара Львовіча, у кардонцы з-пад абутку, поўнай лекаў. Не хацеў паміраць Ігар Львовіч... Калі б ведаў, што заб’юць, дык лячыўся б?..

Росцік кажа: “Усё, што пакіну нашчадкам — скарыстаную клізму і пачаты пачак ампіцыліну...” Клізму, можа, і пакіне, а ампіцылін наўрад ці, ён аплаткі ўсе, якія яму прапісваюць, жарэ жменямі, я болей ніводнага такога пажыральніка лекаў не сустракаў. Росцік упэўнены, што таму і жывы...

Кардонку, парыўшыся ў ёй, я няўдала пасунуў на край паліцы, кардонка кульнулася — і ўсё з яе сыпанулася на падлогу разам з заплямленай паперынай, што засцілала дно. Я збіраў па ўсім пакоі пачакі, бутэлечкі, бляшаначкі, цюбікі, гарчычнікі, бінты, прэзерватывы, белыя і чырвоныя, жоўтыя і зялёныя, сінія і блакітныя аплаткі, потым падняў паперыну...

что и было совмещено в устройстве, создающем резонанс с естественными колебаниями земной коры, “сейсмической бомбе”. Прекращение финансирования этой части программы означает свертывание всей работы по созданию принципиально нового вида оружия.

7. Исходя из неблагоприятного местоположения Беларуси, всех факторов, изложенных в п.1 данной аналитической записки, считаю также совершенно необходимым финансирование исследований по воздействию на биоорганизмы магнитных полей, космических и земных излучений. С учетом влияния Чернобыля, факторы эти напрямую связаны с жизнеспособностью населения, проживающего на территории республики.

РУТНЯНСКИЙ И.Л., доктор физико-технических наук, профессор.

З размашыстым подпісам Ігара Львовіча...

Прачытаўшы заканчэнне запіскі, два, пад збітую капірку надрукаваныя, машынапісныя абзацы, я адчуў сябе сабакам, ва ўсіх сэнсах сабакам... Морду на лапы я не кладу і хвост з боку ў бок не перакідваю, але ёсць сіла, якая са мной, як з хвастатым, абыходзіцца... Найвышэйшая яна, найвелічная, хто яе ведае, толькі гэта адзіная сіла, у якой можна выпрасіць грошы на бомбу — больш ніхто грошы на бомбу не дасць.

— Ну, што ты мне скажаш?.. — спытаў я Дартаньяна. — Твой цёзка-мушкецёр сказаў бы: “Пойдзем паміраць, куды нас пасылаюць...”