Выбрать главу

Дартаньян перакінуў хвост з боку ў бок... Не дурны сабака... Ён мяне ўгрыз, я шукаў ёд, таму і знайшоў паперыну, з якой неаспрэчна вынікала, што і намёкі Шыгуцкага, і страшылкі Панка — не скразная ахінея... Ігар Львовіч, пакуль не захварэў і не запіў, займаўся сур’ёзнымі — не па маім розуме — справамі, пра якія лепей не ведаць, бо закапаюць і свечку не паставяць. У савецкія часы яго самога расстралялі б ужо за тое, што не на рабоце ў сейфах сакрэтчыкаў, а дома такія паперыны трымаў. Ды часы змяніліся, цяпер і бомбы дома трымаюць, перасылаюць адзін аднаму ў кардонках...

что и было совмещено в устройстве, создающем резонанс с естественными колебаниями земной коры, “сейсмической бомбе”.

Колькі праляжала паперына на дне кардонкі?.. Год, два, болей?.. Ігар Львовіч піў на маіх вачах гады тры, так што бомбу гэтую, мусібыць, ужо зляпілі. На што іншае — не, а на бомбу грошы знайшлі.

С учетом влияния Чернобыля, факторы эти напрямую связаны с жизнеспособностью населения, проживающего на территории республики.

Неяк Ігар Львовіч спыніў мяне ў двары, прысадзіў на лаўку, быў вечар, дамаркочваўся чарговы дзень шэрай, змрочнай, бясконцай восені, Ігар Львовіч піў з бутэлькі, не закусваючы, і спытаў: “Хочаце ведаць, чаму я п’ю, Раман?.. — Ён глынуў і працягнуў, не ўдакладняючы, ці хачу я гэта ведаць. — Бо ў гіблым месцы мы жывём... Тут мы сканчаемся значна раней, чым паміраем... Над намі — дзіра, пад намі — яма. — Ён збіраўся яшчэ нешта растлумачыць, але зноў глынуў і махнуў рукой. — А, якая розніца...”

Ён сказаў — я паслухаў і забыўся. Дзіра, яма... Каб навуковую базу пад п’янку падвесці, не абавязкова быць прафесарам. Любы лабух вам такую базу падвядзе...

7. Исходя из неблагоприятного местоположения Беларуси, всех факторов, изложенных в п.1 данной аналитической записки...

І што ў гэтым п.1 изложено?.. І ў шасці п. астатніх?.. Не прычыны, па якіх не стала Ігара Львовіча?..

“Вы былі заняты шчасцем”, — расталкаваў Атос д’Артаньяну, які доўга не заўважаў, як сур’ёзна ўзяліся за яго людзі кардынала. Заняты Лі-Лі, я, мусібыць, быў шчаслівы, не надта зважаў на шыгуцкіх з панкамі, на балотных веліканчыкаў — і толькі цяпер да мяне ўсё болей і болей даходзіла, у што яны мяне ўкруцілі... Калі, канечне, гэтыя два машынапісныя абзацы на паперыне пад прэзерватывамі — не навуковая база пад п’янку, не песня адпітых мазгоў... Калі не, тады забілі Ігара Львовіча не “фікасалюб” з “асіметрычным”, не “прафесарша” і тым больш не Лідзія Паўлаўна... Таму і з міліцыі крымінальную справу забралі, і ведамства падпалкоўніка Панка не збіраецца шукаць забойцу... Нашто шукаць, калі ў ведамстве ведаюць, хто забіў... Чуеш, Дартаньян: у змове з амерыканскім шпіёнам, я, лабух, забіў твайго гаспадара, доктара фізіка-тэхнічных навук, які займаўся распрацоўкай новай зброі і, спіўшыся, вырашыў прадаць сакрэт зброі за мяжу... Памерці і не жыць, як кажа твая гаспадыня...

Лідзія Паўлаўна ці ведала, ці здагадвалася, чым займаўся Ігар Львовіч... Былі ж нейкія званкі, размовы... Прыйшла дахаты, а тут такое... Савецкая актрыса, пражыўшы савецкае жыццё, зразумела, што да чаго... Таму і пісталет — канечне ж, наўмысна кінуты — схавала, і збегла...

І нечакана мяне закалаціла...

Веліканчыкі-трахальшчыкі!.. Уладная ваша сіла, дзяржаўная?.. Ні з чым яе не параўнаць?.. Ну так, што для вас скрыпка ў параўнанні з бомбай!..

Вы скажаце — ты чуеш, Дартаньян? — што няма тут чаго параўноўваць?.. Ну, скажыце!.. Дык і я вам скажу, што няма чаго параўноўваць — і мудак Апенгеймер у параўнанні з Моцартам!

Трэба ж было так пазавіхацца, усё ў свеце перакруціць, каб тое, дзеля чаго жывем, выглядала дадаткам да жыцця!.. Каб музыка — дадатак, каханне — дадатак!.. А каб самім жыццём здавалася ўсялякая хрэнацень з бомбамі!.. Ах вы сукі!.. Вы і жанчын сваіх навучылі найболей бамбістаў ды тыранаў любіць!.. Тых, хто найбольш парушыў і найболей забіў!.. І яны стаяць — помнікі, героі, сусветныя забойцы, сціскаюць каменныя сківіцы!.. А над нязбытным, няўлоўным, шчымлівым, над кожным жыццём чалавечым, што мільгае знічкай, хто заплача?.. Над вашым жыццём, жабы вы балотныя!.. Хто, як не Бог праз Моцарта?.. Ці хай сабе праз п’янага лабуха, праз блазена са скрыпкай!..

Я раптам пачуў свой голас — я крычаў... Адзін, у пустой кватэры... Дартаньян круціў ва ўсе бакі галавой і глядзеў на мяне здзіўлена...

— Нервы... — сказаў я яму. — Пайшлі прагуляемся, гэта дапамагае пры нервах...

І чаму так: як апошняя надзея — так на габрэя?.. Калі не на Хрыста, дык на Росціка...

— Ну, не ведаю, — кажа Росцік. — Можа, табе на святую гару Афон паломнікам схадзіць, руку Марыі Магдалены пацалаваць... Адзін лабух, ты з ім знаёмы, схадзіў, пацалаваў — вярнуўся іншым чалавекам. Без нерваў... Моліцца, посціць, на храмы ахвяруе... І спіць толькі з жонкай.