Выбрать главу

— А чаму жыды ў Хрыста не вераць, Росцік?

-- Жыды ў Бога вераць, Ромчык.

Росціка не выпісваюць, цягнуць — нагнаў на ўсю бальніцу страху Шыгуцкі. Ён, аказваецца, наведваў Росціка на пару з Красевічам. Росцік задаволены:

— Па блаце здаравейшым зробяць, чым быў...

— Пра што яны гаварылі з табой?

— Пра рознае... — Росцік тузаецца. — І не так са мной, як з Лі-Лі... Якраз Лі-Лі ў мяне была...

— Калі?

— Перад мінулым тваім прыходам... За дзень...

— І ты мне толькі сёння...

Росцік вінавата перабівае:

— Я хацеў сказаць тым разам, ты не спытаўся... Мне здалося, ты не хочаш гаварыць пра Лі-Лі...

Я ўспамінаю, што ён сапраўды ў мінулы раз не даказаў нечага... Скуль я ведаў, што трэба спытацца?..

— Зашмат між намі тонкасцей, Расціслаў Якаўлевіч. Ты не знаходзіш?..

— Жыды — тонкія людзі, — гладзіць жывот Росцік.

— Лі-Лі не прыходзіла болей?

— Не. Як пайшла з імі, так і пайшла...

— З імі?.. І ты адпусціў?

— А то ў мяне пытаўся нехта!.. Яны кіпцюрамі ў яе ўчапіліся!..

Занерваваўшыся, Росцік падымаецца, дастае з тумбачкі аплаткі на сподачку, доўга выбірае, якія выпіць, і ўсе разам высыпае ў жменю і закідвае ў рот. Я чакаю, пакуль ён зап’е...

— Яшчэ не з’елі, а ўжо аблізваліся!.. Абодва! Наваліліся на мяне, каб яна канцэрты вяла!..

— Якія канцэрты?

— Выбарныя, якія!.. Шыгуцкі хоць выгляд рабіў, нібы і не такія кралі ў чарзе да яго ракам стаяць, а Красевіч з порткаў выпаў!.. Яна сподак скінула, аплаткі рассыпала, дык ён па ўсёй палаце поўзаў і збіраў...

Не адзін я, выходзіць, зборам лекаў гэтымі днямі займаўся...

— Але пра тое, што ў цябе праблемы, Шыгуцкі ёй сказаў, не Красевіч, — раптам зусім ціха паведамляе Росцік.

— Чакай... — Я разумею, пра што ён, і ўсё ж пытаюся... — А нашто?..

Росцік глядзіць на мяне, як на прыдурка, яму крыўдна, што я прыдурак, і ён кажа:

— Ты прыдурак. Ты кручок.

Гэта якраз тое, што я зразумеў.

— Лі-Лі выгляд зрабіла, нібы на ўсё дзеля цябе гатовая, — думаючы, што да мяне не дайшло, дагаворвае Росцік.

У яго свая Лі-Лі, не мая і не нечая, і я пытаюся з’едліва — з нервовым смяшком:

— А яна гатовая не на ўсё?..

Росціку не падабаюцца ні маё пытанне, ні мой смяшок... Мне яны яшчэ больш, чым яму, не падабаюццца.

— Не будзь смешным, — заўважае на гэта Росцік. — Яна проста сыграла, што трэба было: аванс Шыгуцкаму выпісала... Бачыў бы ты, як выпісвала! Гэта ўдача, Ромчык, што яна з намі...

Росцік у захапленні ад гульні Лі-Лі, ён не ведае яе гульняў, а я ведаю — і ў мяне скроні халадзеюць: я пачынаю ўсіх, хто да Лі-Лі дакрануцца можа, ненавідзець, нават Росціка, хоць у яго галава праламаная.

-- І што за аванс?..

— Запрасіла ў Тэатр моды прыйсці. Шоу яе глянуць. Шыгуцкі паабяцаў, што прыйдзе — і, можа, не адзін...

Росціку хочацца, каб я спытаўся: з кім?.. Я пытаюся, і ён па складах прагаворвае, чакаючы, што я з крэсла ўпаду.

— З прэ-зі-дэн-там.

З крэсла я не падаю. Я ўспамінаю лысіну, вусы, пырскі сліні, калі ён крычыць — і мяне сцінае ўсяго.

— Каб трахнуць, я такое паабяцаю...

— Ты памочнік дзяржаўнага сакратара?.. — пытае Росцік, які ва ўсім за Лі-Лі. — І не ў пасадзе нават справа, ён у сябрах прэзідэнцкіх...

Ну, Лі-Лі... Я ўсю ноч па горадзе, па могілках... Здань выклікаў, у нябожчыцы пытаўся... Вар’яцеў, будзіў дзяцей, жонак... Поля ледзь не адмяцеліў, Максіма Аркадзьевіча... Ну, Лі-Лі...

— Не да твару табе... бледнасць... — гледзячы на мяне і не ведаючы, што казаць, перакідваецца на іронію і гаворыць з паўзамі, як у зубах калупаецца, Росцік. — Не твой... стыль...

У Росціка дзіра ў патыліцы зарастае, ён рады, што гэтым разам не загнуўся, — і спрабуе нібыта жартаваць. Але нешта ўва мне ўсё ж занепакойвае яго і ён лезе ў тумбачку:

— Валідолу даць?..

Мяне адпускае, скроні цяплеюць, толькі ў патыліцы пустата, нібы там дзіра, як у Росціка.

— Пакінь нашчадкам...

— Клізмай абыйдуцца... Калі ўжо тонкасці паміж намі, дык я здзіўлены, Ромчык... Умееш ты здзіўляць. Я развучыўся.

— Сам здзіўляюся...

— Веру... І ні слова пра Лі-Лі, пакуль колеру не набярэш... Нармальна пачуваешся?

— Нармальна... Я да цябе ў бальніцу прыйшоў, а не ты да мяне...

— Добра, што не на могілкі... Шыгуцкі ўсё яшчэ хоча пасадзіць Крабіча. Нашто яму гэта, не скажаш?..

І я распавёў Росціку пра ўсё, што апошнім часам сталася, толькі размову з Панком утаіў. Не ўсю размову — сутнасць. Збіраўся сказаць — і не сказаў, чамусьці такое не выгаворваецца.