Выбрать главу

— У іх два бамжы з пісталетам, а ім няма на каго, апроч як на цябе, п’янтоса забітага павесіць?.. Нешта тут не так... Ці нечага ты не дагаворваеш...

— Што мне рабіць, Росцік?..

— Не перабольшваць сваёй ролі ў гісторыі. Ты ў ёй не нумар раз. Дзякуй скажы, што мікраскоп навялі, заўважалі...

— Я не перабольшваю... Не я да іх, яны да мяне палезлі...

— І хто палез? Тараканы?.. Улада да цябе палезла. А шмат да каго ўлада лезе?

— Гледзячы з чым...

— Скажуць, з чым, калі не сказалі... З прапановай нейкай цябе шчэмяць. Таму і абстаўляюць усё так, каб па дураце сваёй ад прапановы ты не адмовіўся.

Неяк надта хутка ўгадаў Росцік тое, што я не дагаварыў... Мусіць, не цяжка ўгадаць...

— Ты з чаго гэта ўзяў?

— З захапленняў Красевіча. Такі ўжо ты разумны — куды там!..

“Як Дартаньян, — падумаў я. — Што ні скажуць — разумею...”

— Можна і ў дурня згуляць... Можна?..

— Усё можна... Толькі ўлада — баба крыўдлівая. І помстлівая, — сказаў Росцік так, нібы ад самой улады перадаваў, што яна крыўдлівая і помстлівая.

— Ды якая ўлада!.. Калгас, брыгада...

— Ну і што? — нечакана спытаў Росцік. — А табе якая трэба, калі ты лабух?..

Я вырашыў, што ён падначвае, і адмахнуўся:

— Кінь... Нібы ты не гэтак жа думаеш...

— Я думаю, што я перадумаў.

— Даўно?

— Пасля таго, як Крабіч мне патыліцу праламаў... Уяўляеш яго пры ўладзе?..

Крабіча пры ўладзе я не ўяўляў... Нашто яна яму?.. Хоць хто яго ведае: улада такая цацка, што толькі дай...

— Ты праўда перадумаў?..

— Якая пра ўладу можа быць праўда, Ромчык?.. Праўда пра ўладу — гэта рэвалюцыя.

— Тады пра што мы гаворым?

— Пра выгаду. Гаварыць варта толькі пра выгаду... Але ёсць тонкасці: прыстойнасць, яшчэ там нешта... Таму нам выгадна лічыць, што гэтая ўлада нічым не горшая за іншую.

— Табе выгадна?..

Росцік не стаў пярэчыць:

— Мне, калі так хочаш... Ва ўсякім разе не горшая за тую, якая была. Ведаеш, чым яна змагароў раздражняе?..

На гэты раз Росціку захацелася, каб я спытаўся: чым?.. Я спытаўся:

— Чым?

— Тым, што ёсць такая, якая ёсць. Нібыта і не павінна яе быць — калгас жа, як ты кажаш, брыгада — а яна ёсць. І прэзідэнт той, які ёсць, і міністры, а змагарам усё здаецца, што тут падман нейкі. Каб яны ў прэзідэнтах, яны ў міністрах былі, тады ўсё было б справядліва, а так — не. Іх грызе адчуванне прайгранай гульні, якую, як ім зараз здаецца, яны лёгка маглі б выйграць. Яны паражэнцы, найперш паражэнцы, а потым ужо за нешта там барацьбіты...

Я слухаў Росціка і думаў: нечага ён не дагаворвае... Абодва мы не дагаворваем, таму і пустая гаворка...

— Росцік, — спытаў я, — чаго да цябе Шыгуцкі з Красевічам прыходзілі?

— Праведаць.

— А пасля чаго?..

Росцік таксама, мусіць, адчуў, што далей не дагаворваць — размова без толку. Без выгады.

— А пасля дагаварыць тое, што ў лазні Крабіч дагаварыць не даў... Што дэпутацкія выбары — прыкідка да прэзідэнтскіх, пад якія ўжо ўвесь шоу-бізнес нам аддадуць... І пакінуць яго за намі, пакуль пры ўладзе будуць, а пры ўладзе яны, Шыгуцкі кажа, назаўсёды. — Росцік, які некалі і лабухам быў, і дырэктарам, і канферанс’е, крутнуў кулак на кулаку і сказаў голасам Шыгуцкага: “І ніхто не рыпнецца!..”

Прыблізна гэтага я і чакаў...

— Усё?..

— Амаль што... Драбяза яшчэ... Адыходзячы, абнялі і сказалі: “Не трэба Раману Канстанцінавічу ў аглоблі біць”.

Росцік разумеў, што гэта не драбяза, таму і пракінуў пад самы канец: “Адыходзячы, абнялі і сказалі...”

— Хто сказаў?..

— Шыгуцкі. Красевіч упэўнены, што ў аглоблі біць ты і не збіраешся...

Тут я не стрываў, каб не ўпікнуць:

— І ўсё ж табе даручылі паўплываць?..

Росцік зірнуў на мяне з той габрэйская тугой, з якой самы тужлівы беларус не зірне... Хіба толькі хітрыць будзе, паказваючы, нібы яму гэтак жа тужліва, як габрэю...

— Да мяне прыйшлі і мне адкрыта сказалі пра маю выгаду... А я стары і хворы жыд, каму я на хрэн патрэбны?.. І я ляжаў і думаў: жыццё — чарга. Кожны ў ім, хто не першы, стаіць за некім. Выйшла так, што я за табой... Чым ты бліжэй да першых, тым я да іх бліжэй. Цябе падцягваюць да ўлады — мне гэта выгадна, Ромчык... Давай паспрабуем выкруціць з гэтага ўсё, што можна...

Росцік глядзеў, як сусветны сум — мне шкада яго стала.

— Калі ты ў аглоблі біць не будзеш...

— Не буду, — усміхнуўся Росцік. — Дык што?..

— Не хачу я з імі нічога выкручваць.

— А з кім хочаш? Са змагарамі? З вар’ятамі накшталт Крабіча?..

— Ні з кім.

— З некім прыйдзецца, — сказаў Росцік тое самае, што Крабіч казаў, і выходзіла, што нічым касмапаліт габрэй не разумнейшы за нацыяналіста беларуса.