Выбрать главу

Толькі для чаго я гэта прыдумаў?.. Не жадаючы страт ні малых, ні вялікіх, а прагнучы, каб усё маё было са мной?..

Мне здавалася, што сканаю, калі не разбяруся ў гэтай кітайскай філасофіі, і я кінуўся ў дом, дзе адзіноціўся філосаф, які сам сабе прыдумаў, нібы ўжо згубіў, ці яшчэ губляе дачку. І мы ўсю ноч прасядзелі на кухні, выпівалі і слухалі, час ад часу ўключаючы магнітафон, як спявае Лі-Лі.

— Вы дарма прыехалі да мяне, Раман. Больш я гэтага не хачу, — першае, што сказаў Максім Аркадзьевіч.

Я ператрываў. Мне без яго было не абыйсціся — з кім яшчэ разбірацца?..

Лі-Лі спявала то адна, то з Полем — і Максім не выў. Як ні спяшаўся я да Максіма Аркадзьевіча, але заскочыў выгуляць Дартаньяна, які заўпіраўся вяртацца з двара ў пустую кватэру — і я ўзяў яго з сабой. Каб не адзіноціўся і не думаў, нібы ўсіх згубіў, ці яго ўсе згубілі. Перад дзвярыма, пазваніўшы і ўчуўшы рык Максіма, я падняў Дартаньяна на рукі: падумаў апасліва, што дог парве таксу, як тузік шапку. А яны абнюхаліся і пачалі вылізвацца. Улавіўшы, мусібыць, адзін на адным знаёмые пахі знаёмых жанчын... Ці хто іх ведае, чаму... І Максіма Аркадзьевіча не здзівіла тое, што я, баючыся сабак, з’явіўся з сабакам. Асцерагаючыся дога, прыехаў з таксай. Кітайская філасофія не вучыць здзіўляцца.

— Калі так, больш не прыеду...

— Дзе вы Зою падзелі?

Усе пра нешта дапытваюцца і дапытваюцца... Дзе тое схаваў, дзе тую падзеў?..

Мяне б пашукалі.

— Яна ў Маскве.

— Для вас?

— Для мяне.

— Дык мы памяняліся?

— Не, наадварот...

— Як наадварот?

— Давайце зноў памяняемся. Дзе Лі-Лі?..

Я не на ўсё, па што да Максіма Аркадзьевіча ехаў, паспеў. На большую палову спазніўся. З-за Дартаньяна. Каб не заехаў выгуляць — паспеў бы.

На большую палову заўсёды спазняешся праз некага. У каго найчасцей і клопату ўсяго да цябе — нагу задраць...

Лі-Лі забягала за гадзіну перада мной. Няўлоўная, як страчаная... Пакінула запрашэнні на шоу. Фірмовыя запрашэнні: у канвертах, на глянцавай паперы... І скуль яна грошы ўзяла, такая хуткая?

Калі я шукаў Лі-Лі ў тэатры моды, дырэктарка сказала, што прэм’ера шоу будзе ў іх, але зараз сцэна ўвесь час занятая — і для рэпітыцый далі Лі-Лі нейкую асобную пляцоўку. Недзе ў самым цэнтры. Я спытаў: “Хто даў?..” — і дырэктарка бровы ўскінула: “А то вы, Раман Канстанцінавіч, не ведаеце...”

— У рэальнасці круціцца, — ткнуў пальцам уверх Максім Аркадзьевіч. — А вы ўяўляеце яе, як сон... І правільна.

— Чаму, як сон?.. І чаму правільна?..

— Бо алмаз, які ў сне бачыш, і сам нікому, каб і хацеў, не аддасі — і ніхто ў цябе забраць яго не можа.

Я ўспомніў Атоса, які ў косці гуляў на алмаз д’Артаньяна. Толькі ўбачыў, што ў д’Артаньяна ёсць алмаз — і стаў на яго, без ведама гаспадара, гуляць. З англічанінам, які таксама той алмаз толькі бачыў у д’Артаньяна. І калі назаўтра, дазнаўшыся, як алмаз ягоны пераходзіў з рук у рукі ад Атоса да англічаніна, д’Артаньян самлеў: “Атос, клянуся, вы звар’яцелі!..” — мушкецёр заўважыў: “Вам, д’Артаньян, трэба было сказаць мне пра гэта ўчора...”

Максіму Аркадзьевічу пра сны алмазныя трэба было б расказаць мне да таго, як я ўбачыў Лі-Лі... І падумаў, што паставіць магу на алмаз, яго толькі ўбачыўшы... У гульні, як кажа Крабіч, жаданняў.

Я спытаў:

— А як жа страсці?.. Жаданні?..

— А што жаданні?.. Мы хочам не старэць — і старэем, не хочам паміраць — і паміраем. Жыццё ідзе насуперак нашым жаданням.

Кітайская філасофія не вучыць жадаць.

— А чаму мы самі ідзем насуперак жаданням?

— Бо жаданні — жыццё без нас.

— Як гэта?

Максім Аркадзьевіч зморшчыўся — нібы я балеў яму, як зуб.

— Ды вы не зразумееце... Для вас — як журавель у небе. Не думайце, што ўсё так проста — і на ўсё ёсць адказ.

Я так і не думаў... Калі жыццё ідзе насуперак нашым жаданням, а мы — жыццё, дык і самі мы ідзем насуперак нашым жаданням — і ўсё нармальна. Мы баімся жыцця, а ў ім — саміх сябе... Ці наадварот, хто яго ведае.

— Мы і ёсць жыццё... Хіба не?

— Ніякае вы не жыццё, — буркнуў Максім Аркадзьевіч. — Вы...

Ён не дагаварыў, не сказаў тое, што хацеў сказаць — пайшоў насуперак сваім жаданням. Не ішоў бы ім насуперак — даўно б даў мне па мордзе.

Можа, яшчэ і дасць...

— Я без Лі-Лі не жыццё... І калі страчу яе, дык жыццё будзе ў некага... Хоць бы ў вас, а нашто мне ваша жыццё?

Максім Аркадзьевіч не стаў біцца, наліў па кілішку.

— Прачніцеся.

— Я не сплю... Гэта адзін мой знаёмы, які зараз спіць, прысніў, нібы страціў дачку. Прыдумаў, што пахаваў яе, а яна жывая.