Выбрать главу

— Не пахаваў я Лі-Лі...

— А мой знаёмы?.. Ён вар’ят?

Я ўгадаў стан Максіма Аркадзьевіча, раз ён пра сябе і Лі-Лі падумаў. Толькі ён не хацеў, каб я ўгадаў.

— Малайчына ваш знаёмы.

— Чаму?

— Бо казаў я вам: у сабе не займей, дзе быць. І ваш знаёмы ў сабе стварыў пустату. Зрабіў спробу стварыць. Толькі ў пустаце ўсё можа быць і пераўтварацца бясконца. Гэта вам, думаю, не так цяжка зразумець, бо вы музыкант. Музыка — пустата.

— Так вучыць кітайская філасофія?

— Нішто і ніхто так не вучыць. Так ёсць.

— Тады што мы слухаем?

— Слухаем мы Лі-Лі... Госпадзі, ды вы пачулі ўсё не так! Зусім не так!.. — І Максім Аркадзьевіч дагаварыў, як за ім вадзілася, без аніякага пераходу. — У вас праблемы, Раман! Лі-Лі не сказала, якія, але я зразумеў, што сур’ёзныя, і яна неяк дапамагчы вам спрабуе — не ўцягвайце вы яе! Не для таго яна, зусім не для таго! — ці ўсё адно вам, для чаго яна?.. І вы прыехалі на ўсю ноч з сабакам, каб і я на вас стараўся?

Ён так выскачыў, як я не чакаў... Даць па мордзе мне доктар філасофіі не даў, але спробу зрабіў.

— Не ўцягваю я нікога...

— Як нікога?.. А чаму Зоя ў Маскве? І дзе яшчэ Лі-Лі будзе? Дайце ёй вырвацца з вас, яна хоча вырвацца!..

— Скуль вам ведаць?

— Ад яе! Ці думаеце — я з Лі-Лі не размаўляю? Страціў яе? Пахаваў?..

Па такую размову я не ехаў і, пакуль не далі па мордзе, падняўся.

— Пайду... Світае...

— Ідзіце, — нервова ўключыў і выключыў магнітафон Максім Аркадзьевіч. — Прыйшлі, пайшлі... Ва ўсіх шляхах адзін і той жа шлях.

Пагаварылі...

Дартаньян не ішоў са мной, хаваўся за Максіма.

— Я страціў цябе? — спытаў я Дартаньяна і, не асцерагаючыся дога, ухапіў таксу за шкірку і пацягнуў да дзвярэй — буду я тут яшчэ ўсялякую драбязу страчваць!.. Абодва сабакі, не ўнюхаўшы майго звычайнага страху перад імі, гэтак разявіліся, што Максім аслупянеў, а Дартаньян цягнуўся па падлозе, не ўпіраючыся, як палена.

Кітайская філасофія не вучыць разяўляцца.

Кітайская філасофія наогул не вучыць. Мусібыць, маючы на ўвазе, што ты не слуп, не палена, а кітаец — і здольны самаўдасканальвацца. Разам з пераўтварэннямі і ўдасканаленнем пустаты.

Музыка — пустата?..

У мяне, Лі-Лі, ёсць кружэлка, якую ніколі я для цябе не ставіў: Адажыа Дзесятай сімфоніі Малера. Кружэлка старая, старэйшая за мяне: ведаеш, былі такія бліскуча-чорныя кружэлкі на семдзесят восем, сорак пяць і трыццыць тры з паловай абаротаў... Яны зусім не тое, што цяперашнія асляпляльна-серабрыстыя кампакт-дыскі, на якіх хоць яечню засмажвай — з імі нічога не станецца. Кружэлкі шарпаліся, драпаліся, іх трэба было ашчадна, амаль музейна захоўваць, каб запісанае на іх пачуць без трэску і шыпу. Пры маім перабежным жыцці іх цяжка было зберагчы, ды ўсё ж нейкія захаваліся, і, слухаючы іх, я думаю пра тое, як хутка, на любых абаротах неймаверна хутка ўсё адкружваецца, становіцца былым і мінулым... Кружэлка пашыпвае, патрэсквае — ёсць нешта шчымліва-жывое ў крохкасці матэрыялу, Лі-Лі.

Зрэшты, само жыццё — крохкі матэрыял. Усё яно ў разломах, трэшчынах, драпінах... Памяць западае ў іх і пераскоквае з канца ў пачатак, з пачатку ў канец, альбо круціцца і круціцца недзе ў сярэдзіне на адным і тым жа месцы — і амаль немагчыма расчуць мелодыю скрозь несупынны трэск і шум. Тады пачынаюць адольваць сумненні, найпакутлівае з якіх: а ці была яна, мелодыя? Ці не цалкам жыццё проста пратрэскала і прашумела?..

Не, я не рэфлексую і не пытаюся, ці так жыў, ці тое рабіў, скарыстаў альбо прамінуў кожны, які здараўся, шанец... Я кінуў тузаць сябе няздзейсненым, уцяміўшы аднойчы, што не ведаю і ніколі не буду ведаць, як магло быць інакш?.. Можна хіба што ўявіць, як яно магло быць, ды гэтаксама можна ўявіць інакшым і тое, што ёсць.

Кожны мае, што мае, жадаючы большага, але змучваць сябе пытаннямі, што б сталася і як, каб павярнулася не гэтак і не так — без толку. У ланцужку выпадковасцей, якія вызначаюць шлях і называюцца лёсам, ранейшае звяно не замяніць пазнейшым. Яны ўсе — адно да аднаго, і кожнае — на месцы. Таму, жадаючы чаго заўгодна, трэба ўмець прымаць непазбежнае.

Я не кажу пра смерць. І Адажыа Дзесятай сімфоніі не пра смець, хоць музыка знемагае — так развітваецца... Нібы на мяжы свету таго шкадуе пра ўсё, што не спраўдзілася на гэтым.

Ведаеш, што я пастанавіў сабе, Лі-Лі?.. Калі дасюль я жывы, калі магу шкадаваць і не шкадаваць пра нешта ўяўнае, што не здзейснілася, дык усё ў маім жыцці хай і не так, як найлепш, але і не горш ад таго. Усё, як мае быць, і правільна ўсё шанцы скарыстаныя і не скрыстаныя, бо той шанец, які я прамінуў, не скарыстаўшы, мог стаць апошнім. І хай нават да жалезных звенняў ланцужка датачылася б залатое, ды што з ягонага бляску, калі б ланцужок на ім, на тым звяне залатым, і абарваўся б?..