Выбрать главу

Некалі ў стыляг (было такое племя вольных у няволі, Лі-Лі, у кашулях з пеўнямі і з прычоскамі з кокам) мы куплялі саматужныя запісы на скарыстаных рэнтгенаўскіх плёнках. Запісваліся на тых плёнках не Бетховен і не Малер, так даходзіў да нас амерыканскі рок. Гэта называлася музыкай на касцях. Элвіс Прэслі дастаўся мне на шыйных пазванках, Дзін Рыд — на грудных. Дзін Рыд быў першым і лепшым, Лі-Лі. Дасюль не ўцямлю, як ён раптам стаўся змагаром, амаль савецкім патрыётам?.. Яго ўкруцілі ў палітыку, а пасля ўтапілі ў ціхім нямецкім возеры.

Укруцілі — і ўтапілі. Тут ёсць прычына... Але ведаеш, Лі-Лі: у Берлін, каб яго ўтапілі, Дзін Рыд паляцеў, бо там чакала жанчына.

Купляючы музыку на касцях, я прысніць не мог, што лёс звядзе мяне з Дзінам Рыдам — дзе ў тыя часы была тая Амерыка?.. Ды й наогул... І ўсё ж мы сустрэліся ў Краснаярску, Росцік нас звёў, так што Росцік у нейкім сэнсе — лёс, хоць і не спраўджаны. Мы дамовіліся запісаць дзве мае песні — і ўяві, Лі-Лі, якая магла быць удача, што б магло здзейсніцца, каб не ціхае нямецкае возера... Калі б не чакала жанчына.

Не здзейснілася. Не спраўдзілася. Таму я сеў у іншы самалёт — і здзейснілася, спраўдзілася Анна. Пасля чаго Ніна ўзрэзала сабе жывот. Пасля чаго я выкраў з Рыгі Марту...

Неяк, перабіраючы барахло, якім аброс за жыццё, я знайшоў запісы на касцях, рентгенаўскія плёнкі... Наўздагад выбраў адну — і пачуў: “Вам музыкі?.. Шып... Шып... Шып... Шып... Вам музыкі?.. Шып... Шып... Шып... Шып... Вам музыкі?... Шып... Шып... Шып... Шып... Хрэн вам, а не музыкі!..”

У кашулях з пеўнямі і з прычоскамі з кокам вольныя ў няволі стылягі гэтак жартавалі.

Я пачынаю не разумець, як я жыву, Лі-Лі... Калі сэнс жыцця, як надумаў я сабе, ні ў чым іншым — нават не ў музыцы, — а толькі ў жанчыне, дык які сэнс у Стэфе?.. Адмовіць Стэфе ў тым, што яна жанчына, не выпадае, і, значыць, сэнс павінен быць, але які?.. Той самы, што ў бясконцасці іншых жанчын, пра якіх я забыўся?.. Якіх гэтак не помню, нібы іх не было, і выходзіць, што сэнсу — ніякага?.. Бо сэнс — гэта мець і страчваць, помніць і развітвацца... На такой невыноснай вышыні, на якой развітваецца Малер.

Мяне здзіўляе, што я чапляюся за гэтую вышыню, адчуваючы сябе ў задніцы... Якая ў задніцы музыка?

І чаму я так пачуваюся, Лі-Лі?.. Пасля нечага, пасля Стэфы?.. Пасля Крабіча з ягонымі ідыёцкімі фантазіямі?.. Пасля Максіма Аркадзьевіча з ягонай кітайскай філасофіяй?.. Ці перад некім, перад нечым?..

Шып... шып... шып...шып...шып...шып...

Іголка драпае кружэлку там, дзе ўжо няма музыкі. Дзе хрэн вам, а не музыкі...

Зялёнае вока “Рыгонды” глядзіць на мяне, не міргаючы. Міргаць яно пачынае, калі пераключаеш радыёлу на радыё, настройваешся на станцыю. Зялёны абадок то звужаецца, то пашыраецца, падміргвае — і ніколі не ўгадаеш, што пачуеш. Часцей за ўсё якую-небудзь лухту. Такую, як зараз: што нейкі Красевіч толькі і думае пра краіну і народ, таму вылучаецца ў дэпутаты. А хто такі Красевіч?.. Што ён напісаў?.. Вынайшаў?.. Зрабіў?.. Ніхто і нічога пра яго не ведае, а ён вылучаецца — і народ нават не падазрае, што Красевіч гэты альбо штатны канторшчык, альбо стукач.

Хрэн вам, а не музыкі.

“О!..”

— Прыняць удзел у выбарчай кампаніі, падтрымаць свайго кандыдата ў дэпутаты, інтэрв’ю з якім праз некалькі хвілін вы пачуеце, пажадалі знакамітыя ў нашай краіне людзі. Мы не называем іх прозвішчы, бо перакананыя, што вы самі здагадаецеся, хто яны, гэтыя людзі, любімыя ў народзе творцы, аўтары ўсім вам вядомай песні...

Радыёла падміргнула: ага, даўно не чулі — мая з Крабічам песня!.. Хоць на Крабіча — табу, забарона на ўсіх каналах. І на табе: любімы ў народзе творца. Гэта, канечне, аванс з падачы Шыгуцкага, Красевічу б забарону не адмяніць...

Крабіч зверам на мяне накінецца, калі Красевіч ягонае імя назаве... Не паверыць, што я ні пры чым...

Вось яно і пайшло-паехала... Паехала-пайшло... Здзяйсняцца пачало і спраўджвацца.

Разгублена не ведаючы, што рабіць, я тузануўся да тэлефона.

Начальнік радыё, плюгавенькі Толік Шчапок, які некалі на адным курсе з Крабічам вучыўся, вершыкі папісваў і па гарэлку для Крабіча бегаў, доўга бараніўся сакратаркай: “Анатоль Андрэевіч заняты...” Нарэшце абарона, слабыя месцы якой я даўно ведаў, здалася, сакратарка ўздыхнула, як у апошні раз, і Шчапок, паслухаўшы мяне, спытаў:

— Ты хочаш, каб я пазваніў, каму трэба, і сказаў, што ты супраць таго, каб па дзяржаўным радыё тваю музыку перадавалі?

Па дзяржаўным радыё, як па дзяржаўным радыё ў яго прагучала. А смарчок жа, шпендрык...