Выбрать главу

— Я не пра сябе, пра Крабіча!

— А чаго ты яго ўзненавідзеў так? — з’едліва знайшоўся і нібы здзівіўся Шчапок. — Нядаўна ж сябравалі...

“Жаба ты плюгавая!” — мне б на гэта сказаць, але я перамаўчаў, бо па дзяржаўным радыё музыку маю перадавалі, а Шчапок не стаў чакаць — і ў паўзе паклаў трубку.

— Рычард Пятровіч, вітаем вас у нашай студыі! І першае да вас пытанне: чым абумоўлена ваша рашэнне ступіць на нялёгкі і цярністы шлях палітыка? Ці проста яно вам далося?

— Не проста... Але я прыняў яго. Яно абумоўлена ўсім маім папярэднім жыццём, жаданнем як мага болей зрабіць для людзей, для росквіту нашай роднай дзяржавы. Нашаму грамадству зараз, як ніколі, патрэбная кансалідацыя ўсіх здаровых сіл, на падтрымку якіх я спадзяюся і ў выбарчай кампаніі, і ў далейшай сваёй дэпутацкай дзейнасці...

У дзверы коратка, не надта ўпэўнена пазванілі з першымі словамі Красевіча і, перачакаўшы, націснулі кнопку званка яшчэ раз, празваніўшы ўжо даўжэй...

— Якімі прынцыпамі збіраецеся вы кіравацца ў вашай дэпутацкай дзейнасці?

У сваёй дэпутацкай дзейнасці... у вашай дэпутацкай дзейнасці... у нашай дэпутацкай дзейнасці... Дзінь... дзінь... дзінь... дзінь... дзінь...

Пра прынцыпы мне, відаць, не дазнацца — кнопку званка націснулі і не адпускалі... Я адчыніў — на парозе стаяў пыльны і пакамечаны фікусалюб. Ціхан Міхайлавіч Лупеха, ці Аляксей Віктаравіч Мацвеенка, нехта з іх — сведкаў па маёй справе.

— Вось... — падаў фікусалюб цераз парог, насцярожана азірнуўшыся ўверх і ўніз на лесвіцу, складзеную паперчыну. — Вам...

Разгарнуўшы паперчыну, я прачытаў:

“Даўно не бачыліся, давай спаткаемся”.

То тэлеграмы, то запіскі... Ні імя, ні подпісу. Але почырк — высокі, клінапісны — аднекуль знаёмы.

— З кім?..

— Гэта ўжо на словах, з кім... Прайсці можна?

Фікусалюбу трывожна было стаяць у расчыненых дзвярах, відавочна трывожна.

— Праходзьце, Ціхан Міхайлавіч. Прызнацца, не чакаў.

— Мяне Аляксеем зваць...

Не чакаў і не ўгадаў. А ўпэўнены быў, што ўгадаю. Значыць, Ціхан Міхайлавіч Лупеха — асіметрычны. А запіска ад каго?.. Ніяк не ўспаміналася, чый гэты знаёмы, клінапісны почырк?

— Дык з кім спаткацца?

— З кім, з кім... — шнырнуў вачамі па паліцах на кухні, куды мы прайшлі, фікусалюб. — Так і скажы вам адразу...

— Няма нічога, Аляксей Віктаравіч. Было шампанскае — выпілі.

— Сікі газаваныя, — паморшчыўся фікусалюб. — Не п’ю... З амерыканцам спаткацца.

Я ўспомніў паштоўкі, якія зрэдку, звычайна на Каляды, прыходзілі з Амерыкі. З віншаваннямі, напісанымі высокім, клінапісным почыркам.

— З Дзінам Рыдам?..

Сведку па маёй справе Аляксея Віктаравіча Мацвеенку мог падаслаць да мяне хто заўгодна... Следчы Патапейка мог падаслаць.

— Дзін Рыд памёр... — не надта ўпэўнена прамовіў фікусалюб. — Яшчэ пры мне.

Гэта дзіўнавата ў яго прагучала: памёр яшчэ пры мне. Але я здагадаўся, пра што ён — многае хавалася за агаворкай. Чалавек пазнаецца па агаворках, як па адбітках пальцаў. Нават больш, бо адбіткі — знешняе... Некалі, калі Дзін Рыд жыў, фікусалюб не быў бамжом. Быў некім, пры сабе, не выкінутым з жыцця...

Падаслаў яго не Патапейка.

Падаслаў яго Панок.

Я сказаў:

— А Кенадзі пры мне забілі.

Фікусалюб не зразумеў.

— Ну і што?..

— Тады з кім сустракацца?.. Хто з амерыканцаў жывы?

— А-а... — працягнуў фікусалюб. — Асцерагаецеся... — Нахіліўся да мяне і прашаптаў: — І я асцерагаюся, яго ловяць.

— Каго? — адступіў я — так ад Аляксея Віктаравіча патыхала.

— Амерыканца. Сябра вашага.

Запіска — ад Фелікса Рачніцкага. Напісаная ва ўсякім разе ягоным почыркам. Высокім, клінапісным почыркам калядных віншаванняў на амерыканскіх паштоўках.

Гэта ставіла ў тупік. Калі Панок падаслаў фікусалюба, каб справакаваць мяне на сустрэчу з Феліксам, дык, выходзіла, прыслаў яго ад самога Фелікса?.. Калі, канечне, не падрабілі почырк, што не праблема.

Але нашто?..

І нашто Феліксу звязвацца са мной цераз бамжа? Мог сам пазваніць... Ды, мусіць, не мог: ніхто не хоча апошнім часам са мной па тэлефоне размаўляць.

Мы былі калісьці з Феліксам сябрамі сапраўднымі — не па гульбах і п’янках... Хоць ён і з Крабічам сябраваў таксама. Росціка ведаў...

— Дык яго не арыштавалі?

— Не, мы схавалі. Ён чалавек. У-у, чалавек які!.. Хоць гэткі ж амерыканец, як і я.

Прыловяць мяне з амерыканскім шпіёнам там, дзе бамжы яго схавалі, і так прыціснуць, што ані ў які бок не крутануся. І думаць кіну ў аглоблі біць...

— Чалавек, як вы?.. Што ж вы з Лупехам следчаму мяне здалі?