Выбрать главу

— А хто б не здаў? Калі б прыгразілі, што пасадзяць? Хоць за пісталет... І скуль мы ведалі: вы, не вы?.. Гатовыя былі ўсё пацвердзіць, што следчы ні выдумляў. Абы на нарах не парыцца. Сам на іх ніхто не палезе... Што, не так?

Яно так... Нары — не палок.

— А пісталет вы куды засунулі?

— Футра Лідзіі Паўлаўны ў прыхожай вісела... Хто летам футры носіць? Мы падкладку збоку надарвалі і за падкладку кінулі... І навідавоку — і не здагадаешся.

— Нехта ж здагадаўся?

Фікусалюб уздыхнуў вінавата:

— Ну так...

— Казаў я вам, каб занеслі ў міліцыю?.. І не было б нічога.

На гэта Аляксей Віктаравіч нібы і не запярэчыў, але і не згадзіўся:

— Усё адно нешта было б.

Падобна на тое...

Калі запіска — не падробка, нешта Феліксу ад мяне трэба. Праз пятнаццаць гадоў. Колькі часу не мінае, а чалавеку ад чалавека ўсё нешта трэба і трэба.

А мне ад Фелікса — што?.. Тое, па што Панок да яго пасылаў?.. Я і спробы ніякай, каб знайсці Фелікса, не зрабіў, бо мог Панок зманіць, не ведаюць і сочаць, праз мяне знойдуць — і на табе...

Не шлях, а лёс.

— Ісці далёка?

— Ехаць. Не бойцеся, усё прамазгавана. У амерыканца — галава. Не п’е толькі, а так — галава.

Фелікс, колькі я ведаў яго, сапраўды не піў. І прыдумаць гэтага ніхто не мог.

— Няма мне чаго баяцца... Ліскінай таксама прыгразілі?

— За прафесаршу мы не ў адказе, — адмахнуўся фікусалюб і спытаў з глыбінным недаўменнем, калі мы ўжо выходзілі. — І як гэты вы палезлі на гару такую?..

XVI.

У двары, азіраючыся ва ўсе бакі, прагульваўся асіметрычны — Ціхан Міхайлавіч Лупеха. Робячы выгляд, нібы аказаўся тут выпадковым прахожым, ён рушыў з двара на вуліцу, і ўдвух — асіметрычны трохі паперадзе, фікусалюб ззаду — яны правялі мяне да “Масквіча-пікапчыка”, за рулём якога сядзеў яшчэ адзін мой нядаўні знаёмы: мужычок у кепцы-аэрадроме. Гэта ўжо, канечне, занадта, каб быць толькі супадзеннем... Вакол мяне гуртавалася кола новых сяброў.

Пачакаўшы, пакуль я сяду ў кабіну, фікусалюб з асіметрычным залезлі ў кузаў пікапчыка. Выб’е з іх пыл па дарозе. Шкляныя б пабіліся.

— Па фікус едзем? — падміргнуў мужычок, падаючы руку і кранаючы з месца. — Мяне Амедам завуць, я татарын.

Зараз я адразу ўдвая болей дазнаўся пра яго, чым тым разам. Так і павінна быць паміж сябрамі.

— А кепка пад каўказца... — І тут мяне пранізала: чачэнец! Для Зоі што татарын, што чачэнец, які каля Лі-Лі круціцца — калі тая Зоя на тых поўднях была!

І бамжы... Лі-Лі так і казала: мы з бамжамі Фелікса адбілі... Гэта ж тыя! — якія яшчэ бамжы маглі на пахаванні Ігара Львовіча быць?..

Ё-маё... І каб з такімі сябрамі Панок не ведаў, дзе Фелікс?..

Амед прыўзняў кепку.

— Дружба народаў. Песня была, памятаеце: дзе-ці роз-ных на-ро-даў... У мяне пяцёра дзяцей — і ўсе розныя.

— Што значыць розныя?..

— Хлопчыкі, дзяўчынкі. Яшчэ жонка, а кватэру далі трохпакаёвую. Я і памяняў яе на дом на ўскраіне. Там зямля, кветкі. На кветках жыву. У канкурэнцыі з нашымі галандцамі.

— З галандцамі якімі?

— З нашымі. У нас ніхто ўжо свае кветкі не хоча вырошчваць. Пот, работа. З Галандыі пруць. Там купіў — тут прадаў. А галандскія кветкі без паху! Што такое кветка без паху? Назва адна — хоць яна ружа, хоць глыдыёлус... Неяк еду, а Ціхан з Аляксеем іх цягаюць, разгружаюць. Вы што, пытаюся, разгружаеце? Панюхайце, яны ж не пахнуць! Мужыкі панюхалі — і плюнулі. Ну, калі так, дык я іх да сябе забраў. У цяпліцах памагаюць, па гаспадарцы. На базар іх не стаўлю, жывыя грошы нутро ім пякуць. На пару пляшак прададуць — і ўжо ім няможацца. Фыр — і ў краму. Кідаюць усё і збягаюць. І ў той дзень збеглі, калі я ваш фікус забіраў. Шукаў іх якраз, а тут вы з фікусам. Потым яны вяртаюцца з амерыканцам, а ён аказваецца вашым даўнім сябрам. Цесны свет, праўда?..

— Цеснаваты... Нашто табе амерыканец здаўся?

— Як нашто? Дружба народаў...

З горада мы выбраліся па Слуцкай шашы і, праехаўшы Лошыцкі парк, збочылі на амаль вясковую вуліцу, у самым канцы якой, адасоблены ад суседзяў полем з цяпліцамі, стаяў за каменнаю агароджаю дом Амеда. Двухпавярховы, з флігелем і мансардай, на якую вяла знадворку пакручастая лесвіца. У падворку — прасторная альтанка і, як на цяпліцах, шкляным дахам прыкрыты басейн, абстаўлены фікусамі.

Нехлямяжны пікапчык, з якога вылезлі і моўчкі падаліся ў флігель фікусалюб з асіметрычным, ніяк не пасаваў гаспадару такіх уладанняў... Хітры татарын. “На кветках жыву...”

— Мора... пальмы... — пацягнуўся, заседзеўшыся ў машыне, Амед. — Я з жонкай, яшчэ нявестай, быў аднойчы ў Сухумі, палюбіў мора з пальмамі... Тут не растуць. Свой фікус пазнаеце?