Выбрать главу

Я не тое што фікус, я Фелікса не адразу пазнаў... Ён спускаўся па лесвіцы з мансарды і быў больш падобны на бамжа, чым самі бамжы. Значна больш. У дзікунска-жоўтай, з малпай на пальме, майцы, завэдзганых спартыўных штанах, падраных сандалях... Гэтак падобны на бамжа, нібы сапраўды шпіён.

Мы абняліся, нешта ўва мне намерылася зашчыміць — і не зашчыміла. Ці то праз нечаканы выгляд Фелікса, ці то праз час, які прамінуў — у кожнага са сваёй музыкай.

З пустатой.

А Фелікса, я адчуў, цісканула... І не маімі абдымкамі.

Калісьці была ў нас агульная мелодыя... Гадоў дваццаць таму, трохі болей... Яе звалі Нэлай — і яна загінула. Выпадкова загінула, але Фелікс лічыў, што па ягонай віне.

Відаць, гэта ў ім і зашчыміла — ён за спінай маёй, здалося, нават слязу змахнуў... Мне ніякавата стала слупянець пад слязой, я спытаў не надта ўдала — ды як пры такой сустрэчы ўдала спытаешся:

— Амерыканскія сантыменты?

— Лабух ты... — усё яшчэ абдымаючы, шапнуў мне на вуха Фелікс, пацягнуў да альтанкі і, не стрымаўшыся, выдыхнуў мелодыю, якую я ўгадаў. — Нэла...

У мяне была аднакласніца, Нэла — школьнае, дзіцячае каханне. Яна паступіла ў палітэхнічны, дзе вучыўся Фелікс, і пазнаёміла мяне з ім... Наўмысна пазнаёміла, каб паказаць, што ён у яе ёсць, бо я пазнаёміў яе з Нінай. Гэта было перад Новым годам, які мы кампаніяй збіраліся сустрэць на лецішчы прафесара Румаса ў Крыжоўцы. У прафесара прыхамаць мелася такая: на Новы год даваць ключы ад лецішча студэнтам. Нібы падарунак дзеда-Мароза... Нэла з Феліксам запрасіліся ў нашу кампанію, мы паехалі ўвасьмёх, на дзвюх машынах, а дарогай Нэла і Фелікс павадзіліся. Ён псіхануў, на хаду выкінуўся — і нічога з ім не сталася. Праслізгаў па наледзі і снезе. Яго ўгаварылі, супакоілі, але ў першую машыну, дзе ехаў з Нэлай, ён не сеў, уціснуўся да нас, у другую. А кіламетры праз тры з прасёлка на дарогу выскачыў трактар з прычэпам. Якраз пад першую машыну...

“Калі б Фелікс не выкінуўся, калі б мы не спыніліся...” — прамільгнула ўва мне, як толькі здолеў я пра нешта падумаць... Стоячы над тым, што засталося ад Нэлы, мы жудасна — у зямлю — маўчалі. Маўчаць можна ў неба, а мы маўчалі ў зямлю, пакуль Ніна не сказала: “Гэта праз нас...” Яна ціха, мне аднаму сказала, а Фелікс пахіснуўся і, каб не ўпасці, учапіўся за мяне абдымкамі — і сціскаў іх, сціскаў, сціскаў... Тое былі адзіныя ў нашым жыцці мужчынскія абдымкі, калі не лічыць цяперашніх.

— Я ездзіў туды, пад Крыжоўку... — адпусціў мяне і ўсадзіў за стол у альтанцы Фелікс. — І на могілкі... Так наплыло... Ведаеш, што ўявіў?

— Шашлык-машлык? — гукнуў з двара Амед.

— Ці татарчык? — запытаў Фелікс, я паціснуў плячыма. — Сырое мяса са спецыямі, ты еў?..

— І шашлык, і татарчык, — ідучы ў дом, вырашыў праблему Амед. — Дружба народаў.

Фелікс памаўчаў Амеду ўслед — і я сказаў:

— Рады, што ўбачыліся.

— І я рады. Разумееш, не прамінае... Я сябе ўяўвіў Нэлай, а Нэлу — мной. Нібы гэта яна прыехала да мяне пад Крыжоўку, прыйшла на могілкі... Як думаеш, яна прыйшла б?

Яму карцела сваё. Я не ведаў, што адказваць. Едучы сюды, зусім пра іншае думаў.

— Не прыйшла б, — самому сабе за мяне адказаў Фелікс і зноў спытаў: — І ведаеш, чаму? — і зноў адказаў сабе самому: — Бо тады, калі ўбачыў яе мёртвай, першае, што мяне працяла: я мог быць на яе месцы! Яна магла выйсці, а я мог застацца!.. Не яе пашкадаваў, а сабой ашчаслівіўся, разумееш?..

Фелікс дарма перада мной вінаваціўся, бо і сам я тады ў зямлю маўчаў, сабой ашчасліўлены. Мог жа ехаць з Нэлай... Нейкі час было праз тое сарамнавата, пасля ніякавата, потым ніяк — прамінула, забылася.

А Фелікса не адпускае. Столькі часу — а не праходзіць.

— Ты б не думаў пра гэта... Звычайна найперш помніш тое, на што хочаш забыцца.

— Я не хачу забываць!.. — Фелікс прыўзняўся, сеў. — Што тады помніць?.. Думаеш, за мяжой ёсць чым жыць? З’ездзі пажыві!.. Я пятнаццаць год прыкідваю, ці не дарма з’ехаў? Ці трэба было?..

— І што?..

— Няма адказу. Там не гэтак і тут не так.

— Як габрэй казаў: найлепш у дарозе.

— Які габрэй?

— Ты ўжо анекдоты пазабываў. У габрэя спыталі: чаго матляешся туды-сюды, калі і там, і тут табе фігова? Ён адказаў: у дарозе хораша.

— А... Не было пры мне такіх анекдотаў, туды-сюды не ездзілі. І я б не прыехаў, каб не Ігар Львовіч. Ты помніш, што я вучыўся ў Рутнянскага?

Я кіўнуў — і Фелікс падаўся да мяне:

— Дык я быў Нэлай вінаваты, а цяпер яшчэ і Рутнянскім! І ты аказаўся ўцягнутым!..

— Не праз цябе ж...

— Як сказаць!

Размова ў нас павінна была ўрэшце пайсці пра гэта, не дзеля ўспамінаў пра нязбытнае мы спаткаліся, не для рэфлексій — і не сырое мяса есці. Але Нэла з Ігарам Львовічам, а тым больш я з Рутнянскім праз Фелікса — у адно не звязваліся. І, пакуль яно не звязвалася, я так, каб не надта заўважна было, пазіраў на дом, падглядваў у вокны: дзе Лі-Лі? Тут яна? Не тут? Не ў Фелікса ж пытацца, нібы з-за Лі-Лі толькі і прыехаў...