Выбрать главу

Я не ўсё яшчэ разумеў.

— Яны з лабараторыі?

— Ага, з лабараторыі! Лабаранты! Толькі ў званнях не прадставіліся, капітаны ці маёры... І ў іх на дыскетах — усё, што Рутнянскі напрацаваў. Разам з праектам сейсмічнай зброі.

Вось і ўсплыла паперчына са дна кардонкі з лекамі...

І ўсё з яе высыпалася, раскацілася... з мяне ўсе пытанні выпалі... не ведаў, пра што далей пытацца — мусіць, трэба пра гэтую зброю...

— А гэтая зброя сейсмічная... яна што такое?

— Як сказаць, каб расказаць... — На твар Фелікса выплыла намаганне, такое ж, якое выплывала на твар Максіма Аркадзьевіча, калі ён пра дао мне расталкаваць намагаўся, але хіба я вінаваты, што вы такія вучоныя, а я лабух... — Яна ўмоўна так называецца. Можна рэзананснай назваць. Прыклад рэзанансу са школы помніш? Як салдаты па мосце маршыруюць — і мост абрушваецца? Бо частата біення марша выпадкова супадае і накладваецца на частату хістанняў маста. Тут прыблізна тое самае, толькі не выпадковае... Параматычны рэзананс... Тое, што можа, скажам, Англію, як мост, на дно Атлантыкі абрушыць. Ці ўздыбіць дно акіяна — і змыць той жа мост, хваляй накрыць тую ж Англію... І яно гадамі ў сейфе пылілася нікому не патрэбнае! Краіна распадалася, не да таго ўсім было — у тым ліку і канторскім. Але гэтыя першымі пачалі ачомвацца, службу спраўляць... Перахапілі маё пісьмо і зацікавіліся: што ж там яшчэ? І сейф ачысцілі. Разабраліся — а далей што рабіць?.. Калі ні тэхналогій ніякіх, ні сродкаў на іх. Тут Савецкі Саюз ці пацягнуў бы, якая там Беларусь... Яны і вырашылі прадаць тым, у каго і сродкі, і тэхналогіі. Хто ўцяміць адразу, колькі яно каштуе.

— Табе?

Фелікс хмыкнуў.

— Мне... Мне тое, што я ў Рутнянскага папрасіў. Прычым, за так, як прэзент за астатняе... Калі я кваліфікавана звяду іх з пакупнікамі.

Пра Фелікса ў газетах, калі ён з’ехаў, як пра здрадніка пісалі... Якога дзяржава карміла, вучыла, а ён... І адчуваючы сябе ўсё болей няўтульна, я не прыдумаў нічога іншага, як сказаць:

— Гэта ж дзяржаўная здрада...

— Вер не вер, я тое самае ім сказаў. Тады адзін з іх, маладзейшы, нібы здзівіўся: маўляў, вам якая розніца?.. — а старэйшы спытаў, я слова ў слова запомніў: “Як вы лічыце, ці можа мець месца дзяржаўная здрада ў дзеяннях па даручэнні дзяржавы? Якой трэба адольваць эканамічны крызіс, у якой столькі праблем — ды яшчэ Чарнобыль? Вы ж ад Чарнобыля, ведаючы праблему, і з’ехалі?..” Чарнобыль ён мне ўжо як костку падкінуў. З намёкам, што яны да мяне без прэтэнзій, бо я не нейкі там палітычны эмігрант.

З дому выскачыў хлопчык год сямі, закрычаў у вокны: “Сервер, гад ты такі! Вайна!..” “Я табе дам вайну, ідзі работу дарабляй!” — пачуўся з дзвярэй жаночы голас... але не голас Лі-Лі, ды й не стане ж яе татарын, як наложніцу, трымаць... і следам за тым хлопчыкам, які вайну аб’явіў, выбег старэйшы хлапчук, год дзесяці, згроб меншага і заштурхаў зноў дамоў: “Вайна, куля ў цябе з гаўна!..”

Пяцёра — і ўсе розныя. Дружба народаў.

— Мне б дзяцей... — нечакана і неяк па-жаночаму ўздыхнуў Фелікс. — Ці хоць пляменніка якога. Твае як растуць?..

Фелікс апраменіўся ў Чарнобылі. Так што сапраўды ведаў праблему. Але пра яе тады, у эпоху галоснасці, трэба было ці маніць, ці маўчаць. Усе чакалі, што праўду скажа начальнік галоснасці Гарбачоў. Я таксама чакаў, нават заклаўся з Феліксам на скрыню каньяка, што скажа... Гарбачоў не сказаў, каньяк я прайграў, ды выйшла, што Фелікс, які не піў, нічога не выйграў. Ні маўчаць, ні маніць ён не мог. Праз тое і з’ехаў. Каб раптам прыехаць — і калі да сустрэчы з ім зразумелай была прычына (з настаўнікам развітацца, як Лі-Лі сказала), дык цяпер я ўцяміць не мог: чаму?

-- Ты чаго прыехаў, Фелікс?

— З настаўнікам развітацца. Ты б не прыехаў?

— Я б не паехаў.

— Праўда?

— Праўда. У нас з бацькамі не ўсе развітваюцца.

— Пра каго ты?

— Ні пра каго канкрэтна. Пра нас і пра час.

— А... Паедзеш, калі даслухаеш.

Ён зноў паглядзеў, чакаючы... Я без паўзаў пачаў дагаворваць сваё — Фелікс слухаў і ківаў... Яго нібы нічога не здзіўляла. Спытаў, маючы на ўвазе Панка з Шыгуцкім:

— Ты як ад іх адкруцішся, калі я выберуся?

— А калі не выберышся?..

Фелікс згадзіўся:

— Праўда што... — І падняўся. — Пачакай.

Пакуль ён хадзіў на мансарду, я паспрабаваў знайсці фікус Лідзіі Паўлаўны. Загадаў: калі пазнаю яго сярод іншых, дык і тэлеграма Зоі, і тое, што мне самому пра Лідзію Паўлаўну ў галаву ўзбрыло — лухта. Ва ўсёй гэтай гісторыі яна зусім не пры чым — і толькі па п’янай дурноце Ігар Львовіч бегаў за ёй з сякерай.