Выбрать главу

За мной водзіцца такі бзік: абы што на нешта загадваць... Мужчыну ці жанчыну за вуглом сустрэну?.. Цот ці лішка дрэў у скверы?.. Калі жанчыну, калі лішка, тады...

Яны ўсе былі падобныя — фікус на фікус. Большы, меншы, радзейшы, гусцейшы?.. — я не пазнаваў. Зрокавая памяць мая наогул ніякая, запамінаю слыхам. Таму для мяне не існуе жывапісу. Я не чую карціну — і ў самых знакамітых музеях губляюся, не дапінаючы, чаго тоўпіцца народ перад намаляванаю нематой?..

Жывапіс — немата, музыка — пустата... Што ш тады не нямое і не пустое?..

Мне абавязкова трэба было, каб загаданае спраўдзілася, і, не пазнаючы фікус на выгляд, я папоўз на карачках, вынюхваючы, з якой кадкі пахне Дартаньянам — ад сабак доўга пахне... Нічога не ўнюхаўшы, падняў галаву: у дзвярах дома, пакручваючы “аэрадром” на патыліцы, стаяў Амед і глядзеў на мяне з уважлівай цікаўнасцю.

— Вы прапаўзлі, трэці за вамі, я зямлю яму памяняў, — сказаў Амед, праходзячы да флігеля. — Гэй, дармаеды, хто мангал будзе распальваць?..

Фікусалюб з асіметрычным, выскачыўшы з флігеля, мной не зацікавіліся: для іх чалавек на карачках — з’ява звычайная. Згаладаным подбегам кінуліся яны за дом да мангалу — следам за Амедам.

Я пазнаў фікус — трэці ад мяне, самы худы з усіх. Але пазнаў, калі Амед падказаў, так што загаданае падвісала...

Зачарпнуўшы вады з басейна, я вымыў рукі... Ненармальны кожны з нас, калі ўдумацца з уважлівай цікаўнасцю. Няма зусім нармальных. І дзве мае жонкі ненармальныя, і дзеці, і Лі-Лі, і Зоя, і Лідзія Паўлаўна, і Фелікс, які спусціўся з мансарды:

— Купацца будзеш, дык распраніся.

Ага. Зараз у адзежы нырну.

У некага з вучоных, ці не ў Энштэйна, былі ў доме кот і сабака. Энштэйн для іх у дзвярах, каб самі на вуліцу гуляць бегалі, дзве дзіркі прарэзаў. Адну, большую, для сабакі — і другую, меншую, для ката.

А замарочыў свет тэорыяй адносці... Адносна — нармальны, адносна — не.

Фелікс мяне ўжо ледзь не раздражняў — так непакоіў. З ім праблема ставала большай, чым была. Калі без яго наогул была б праблема...

— Ты ў Амерыцы сваёй жывёлін трымаеш?

— Якіх жывёлін?

— Ну ката, сабаку...

— Рыбак акварыумных. А што?..

— Ды нічога. Нечакана, што рыбак...

Пытацца пра тое, як ён не сабаку з катом, а рыбак акварыумных выгульвае, не выпадала. Я прайшоў у альтанку, Фелікс падаў мне ўчацвёра складзеныя паперыны.

— Тут напісана ўсё... І копіі двух дакументаў — не буду казаць, адкуль. Разам з аналітычнай запіскай Рутнянскага — гэта матэрыял.

— З запіскі — толькі апошняя старонка.

— Дастаткова. Скандал такі, што пабаяцца, адчэпяцца.

Я ўзяў паперы, разгарнуў. “Беларусь спрабуе прадаць апошнія савецкія распрацоўкі зброі масавага знішчэння...”

Фелікс даваў мне зброю для абароны. Маёй і ягонай, калі раптам не выберацца.

— Не надта спадзявайся, што нехта надрукуе. Дзе вялікія грошы, там хуткія трупы. У такое не лезуць.

— Яны самой магчымасці скандалу пабаяцца. На Беларусі і так нелегальны гандаль зброяй вісіць. А тут не гранаты, не танкі з самалётамі. Адвязаныя ў вас хлопцы ва ўладзе... Нібы не разумеюць, што за гэта з імі разбяруцца хутчэй, чым з тэрарыстамі.

— Хто разбярэцца? Захад?

— І захад, і ўсход... Лабараторыя фінансавалася Міністэрствам абароны СССР. Так што з Масквы могуць спытаць: а дзе наша?.. Там таксама хлопцы не простыя.

— Тым без нашага ёсць што красці.

— Таго, што можна ўкрасці, у Расіі ніколі і нікому не хапала, Раман. Ведаеш, калі там першы заходні транш раскралі?.. Яшчэ пры Кацярыне. У гэтым якраз праблема Расіі, а не ў дурнях і дарогах, і тым больш не ў манархіі ці дэмакратыі. Не кралі б, дык і дарогі былі б нармальныя, і цар бы не замінаў.

Фелікс загаварыў раптам, як Крабіч. Нейкая бязмежная ў свеце нелюбоў да Расіі, якую я любіў.Можа, таму, што не мог любіць Амерыку, дзе не быў ніколі. І стаяў на сцэнах не ў Нью-Ёрку ці Дэтройце, а ў Маскве і Краснаярску.

— Я люблю Расію.

— Любі сабе. Я ж не пра любоў... І наогул не пра тое.

Тут Фелікс хутка-хутка на мяне зірнуў — проста зыркнуў.

Не пра тое ён казаў, нешта ў размове нашай усё яшчэ адцягваючы. Не рашаючыся сказаць.

Дасталі мяне гэтыя адцягнутыя размовы...

— Ты Крабіча даўно бачыў?

Зноў не пра тое... Хоць дзіўна: як толькі я Крабіча ўспомніў — так і ён адразу. Я шмат разоў заўважаў, што не адно словамі чалавек з чалавекам гукаецца. Пракруціцца ў галаве, не чутная ж нікому, мелодыя — і яе тут жа напяе той, хто побач.

— Нядаўна. Хочаш з ім сустрэцца?

— Можа быць... Ён як жыве?