Выбрать главу

Смерць паказала вачыма на дзверы за павуціннем.

– Арахна, – паклікала яна.

Павук варухнуўся і стаў спускацца ніжэй.

– Яна вып’е з цябе жыццё і памяць. Не палохайся, гэта хутка.

– Калі гэта я чагосьці палохаўся?.. Толькі... я б на тваім месцы абнавіў сваю гаспадарку. Павука пакінуў бы для ўладароў, якія смокчуць кроў з народа і выступаюць за старыну. А для бедных людзей зрабіў бы молат і падвёў бы да яго латком ваду, як на млыне. Ім столькі разоў у жыцці даводзілася падстаўляць сваю галаву пад абух... Ну, бывай.

– Чакай, – сказала Смерць. – Ты і цяпер хацеў бы жыць? Ведаючы, што цябе чакае? Артымаўшы маленечкую адтэрміноўку?

– Нават на прэнгу, – сказаў Выліваха. – Паўсюль, дзе няма цябе.

Смерць сумна схіліла галаву, але адразу ўскінула яе так, што ляснулі зубы.

– Добра! Які ты дзіўны! Ты ігрок, але табе патрэбныя рабыні. То, можа, ты згуляеш у шахматы з найвялікшай уладаркай сусвету, ігрок? Стаўка – жыццё.

Выліваха паціснуў плячыма:

– Давай.

– Хочаш, я дам табе візіра наперад?

– Каб потым казалі, што я скарыстаўся са слабасці?

Дошка ляжала між імі. Гервасій узяў за белы шалом маленькага, але неверагодна цяжкага латніка і адкрыў дарогу свайму візіру... Арахна зацікаўлена дыхала над галавой... І раптам Смерць засмяялася:

– Ты зноў папаўся...

– Чаму? Я ведаю: ты ніколі не прайграеш.

– То нашто ты сеў, дурань рагачовец, слабенькі чалавечак?

– Якая ты, часам вартая жалю. Ніч-чога не разумееш. Я – чалавек... Я – ігрок. Няўжо ты думаеш, я, нават бяззбройны, нават калі на мяне напалі б упяцёх, на хвіліну задумаўся б: ужыць мне зубы ці не?

– Гляд-дзі, – сказала Смерць.

За нейкія дваццаць хвілін яна зрабіла брэш у абароне Гервасія, узламала яе і кінулася знішчаць раскіданыя астраўкі адчайдушнага супраціву.

І тут Выліваха ўбачыў, які нечалавечы розум гуляе з ім, якая разлічаная на сто хадоў наперад прадбачлівасць вяжа яго па руках і нагах, як нікому, ніколі не ўдасца выйграць у гэтай вышэйшай і халоднай істоты.

Латнікі ягоныя ішлі наперад і гінулі адзін за адным. Правы фланг касцянога белага войска прагінаўся пад несамавітым напорам чорных так няўхільна, як няўхільна ўлазяць у багну калені чалавека, што ўзняў непасільны цяжар.

З мужнасцю роспачы візір Вылівахі кінуўся наперад, збіў варожага латніка, што выходзіў на лінію “Візіраў трон”, скінуў баявога слана і адразу замітусіўся між дзвюма ладдзямі Смерці. Гуляй-гарады на спінах ладдзей драпежна выскалялі свае зубцы.

Візір збіў яшчэ аднаго латніка і налажыў галавою, аточаны чорным войскам.

І тады рука Смерці працягнулася і зняла з галавы караля карону.

– Аман, – сказала яна.

– Я магу ганарыцца, – сказаў Выліваха. – Не кожны грае са Смерцю.

– Ты нядрэнна біўся. Глядзі, амаль гадзіна. На іншых дастаткова і дзесяцёх хвілін.

– Нічога дзіўнага. Гэта была самая хвалюючая партыя ў маім жыцці.

– Усё скончана, бунтар. Вартавы, прывядзі астатніх.

У пакой увайшлі ўсе весляры з ладдзі. І на чале іх стаяла дзяўчына, а замыкаў шэсце – Перавозчык.

– Вось, – сказала Смерць. – Ён многа браў на сябе. Хацеў гуляць са мною. Глядзіце на яго прыніжэнне, хлопы.

– Прайграць не прыніжэнне, – сказала Бярозка. – Прыніжэнне – кпіць з таго, хто мужна прайграў.

Яна глядзела проста ў вачніцы Смерці.

– Многа ты разумееш, шэранькая курачка, – сказала Смерць. – Многа ты разумееш, слабенькае пыля.

Сустрэлася вачыма з Вылівахам і захінула на грудзях плашч, прыкрыла ім свае старыя жоўтыя косці. І толькі тады Выліваха зразумеў, што перад ім таксама жанчына, з нянавісцю да шчаслівейшых і зайздрасцю да іх.

– Што, Выліваха, можа, згуляем на кветку? – спытала яна.

– Я магу гуляць сабою. Але я не гуляю роднай зямлёй.

– Што ж, – ужо абыякава сказала Смерць, – тады ідзі да Арахны, дзяўчо.

– Але я не хачу туды, – непаразумела сказала Бярозка.

– Як я цябе ненавіджу, – сказаў Выліваха бязносай. – Зусім як нашых радцаў і князёў.

– А між тым я добрая, – сказала Смерць. – Хочаце, ідзіце ўдвох.

Дзяўчына нібы нават з палёгкаю кінулася да Вылівахі:

– Хадзем. Хай яна глядзіць.

– Я таксама была маладою, – паблажліва сказала Смерць. – Я помню свайго першага. Яго звалі Авель. А цяпер мне ўсё гэта ўжо непатрэбна. Я ведаю цану ўсім вам. Мужчыны подлы народ, але няма нікога падлейшага за жанчын... Што, Выліваха, не гуляла табою адзіная, каго ты сапраўды жадаў... больш за жыццё?

– Ну, – сказаў Выліваха.

– Подлічала, набівала сабе цану, мучыла тым больш, чым больш ты кахаў. І чым больш ты кахаў – тым менш паважала. Патрэбнае ёй было тваё бязмернае каханне? Пуга ёй была патрэбная. Пуга і кулак. Пагарда і рабства. Хоць у апошняй прадажнай дрэні, хоць у баязліўца і здрадніка – абы лізаць ногі. І ты яшчэ не хочаш забыцця? Ды дай вашаму подламу чалавечаму племю вось тут, зараз, уратавацца па адным, кінуўшы ўсіх астатніх Арахне, – хто не скарыстаецца з гэтага? Вось ты, курчанятка, ану... згуляй са мною на сваё вартае жалю жыццё.