Выбрать главу

I ўсё ж ад тых, хто хацеў ажанiцца з прынцэсай, не было адбою. Мала таго, пасля здарэння з цмокам iх колькасць павялiчылася ў некалькi разоў. Пагалоска пра цмока разнесла iмя Гэрмiёны ў такiя далёкiя краiны, куды не даходзiла слава нават пра яе прыгажосць. Што зробiш, цяпер яна была не толькi прыгажуня, але i пакутнiца. Казалi, што цмок - гэта цана, якую яна мусiць плацiць за сваё хараство.

Усё гэта ды яшчэ самотнае жыццё прынцэсы зрабiлi яе яшчэ болей чароўнаю i прывабнай. Усе, ад караля да апошняга старца, хацелi зрабiць дзеля яе хоць што-небудзь (але што - нiхто не ведаў). Штодня яна атрымоўвала лiсты цэлымi торбамi, i ў кожным было напiсанае адно i тое ж: прынцэса - найцудоўнейшая дзяўчына ў свеце, аўтар лiста горача яе кахае i хацеў бы сам, замест прынца, ахвяраваць дзеля яе жыццём. Былi такiя, хто заходзiў яшчэ далей i выказваў пажаданне, каб цмок з'явiўся зноў: тады яны маглi б прадэманстраваць сваю адданасць прынцэсе!

Але, праўду кажучы, нiхто не верыў, што цмок некалi зноўку з'явiцца. Некаторыя, хто на свае вочы цмока не бачыў, казалi, што цмок - звычайная галюцынацыя: проста ў прынца разарвалася сэрца ад шчасця, што ён апынуўся так блiзка да прынцэсы, а потым гледачы, п'яныя ад радасцi i хвалявання, усё астатняе выдумалi.

Але большасць была спакойная з iншае прычыны. Цмокi, як землятрусы цi каметы, - з'ява ўвогуле рэдкая. Таму знаўцы тэорыi iмавернасцей хоць i прызнавалi, што ведаюць пра iх няшмат, але выказвалi ўпэўненасць, што таму, хто ўжо аднойчы ў жыццi цмока бачыў, другi раз гэта не пагражае.

А некаторыя iшлi яшчэ далей i казалi, што цяпер, як нiколi раней, iх краiна абароненая ад цмокавых вiзiтаў. Iначай кажучы, краiна ўжо свайго цмока перажыла.

Праз паўтары гады цмок ужо здаваўся плёнам чыстай фантазii, i ўсе прыгадвалi яго толькi з усмешкай. Падчас святаў ды кiрмашоў людзi рабiлi цмачынае чучала, цягалi яго па вулiцах i разыгрывалi розныя смешныя сцэнкi. А газетчыкi, калi пiсалi ў сваiх артыкулах пра якую-небудзь уяўную, на iх погляд, небяспеку, вобразна называлi яе "цмокам прынцэсы Гэрмiёны".

Сустракалiся, праўда, i тыя, хто ставiўся да цмока вельмi сур'ёзна (хоць такiх было зусiм няшмат), усе яны дагэтуль дзякавалi Богу, што цмок не крануў нi iх, нi iхнiх сваякоў, нi крэўных. Тым часам будавалiся новыя фабрыкi i заводы, справы ў краiне iшлi добра, i яна квiтнела i багацела штодня.

Час жалобы мiнуўся, i нарэшце прынцэсе Гэрмiёне быў абраны новы жанiх.

Ён паходзiў з не менш славутага каралеўскага роду, чым першы (газеты пiсалi, што нават з яшчэ больш славутага). I яму рыхтавалi яшчэ болей урачыстую сустрэчу. Але гэтым разам усё павiнна было адбывацца паводле зусiм iншага сцэнарыя, каб нi ў кога не ўзнiкла згадак пра мiнулы прыём.

Адным з новаўвядзенняў быў узвод кулямётчыкаў, узброеных кулямётамi новай мадэлi. Кулямётчыкам выдалi безлiч набояў, што праўда, халастых, i ўзвод павiнен быў стаяць непадалёк ад месца, з якога мiнулы раз цмок вылез са скалы. Як вядома, першы жанiх, убачыўшы смяротную небяспеку, паспеў крыкнуць толькi нешта накшталт: "Дарагая Гэрмiёна!" - адным гэтым паспеўшы засведчыць прынцэсе сваю любоў i адданасць. Часу сказаць што-небудзь яшчэ ў яго не хапiла, i нiхто не мог дакладна прыгадаць нават гэтыя ягоныя словы. Таму новы жанiх прапанаваў, што ён укленчыць на першых прыступках лесвiцы, якая вядзе да замка, i скажа невялiчкую прамову - што-небудзь накшталт напалову малiтвы, напалову клятвы ў каханнi.

I вось дзень вяселля настаў. Падзiвiцца на гэтае вiдовiшча сабраўся вялiкi натоўп. Усе былi ў цудоўным настроi, бо прыйшлi, каб зрабiцца сведкамi падвойнага свята: па-першае, вяселля iх улюбёнай прынцэсы, а па-другое, яе вызвалення ад цмока. Салют халастымi з кулямётаў змешваўся з гукамi ваеннага марша, што даводзiла гледачоў да экстазу. Калi ж шчаслiвы абранец укленчыў, каб красамоўна выказаць Гэрмiёне свае пачуццi, запанавала мёртвая цiшыня. Ледзь толькi няшчасны прынц вымавiў апошнiя словы, як скала задрыжала, пачуўся жудасны рык, i... небарака ўзляцеў у паветра, зацiснуты ў страшнай цмачынай пашчы. Трымаючы сваю ахвяру ў зубах, цмок iмгненна схаваўся ў скале.

Натоўп быў ахоплены жахам. I яшчэ ўвесь наступны тыдзень у каралеўстве панаваў страх. Рабiлiся шалёныя спробы растлумачыць няшчасце шкоднiцтвам той цi iншай асобы, некампетэнтнасцю кiраўнiцтва дзяржавы. Шмат нi ў чым не вiнаватых людзей загiнула ад рук ашалелага натоўпу. Патаемна крытыкавалi нават караля.

Адну толькi прынцэсу нiхто не вiнавацiў. Як i мiнулым разам, у момант трагедыi яна была недзе адна, але нiхто не ведаў дзе. А калi неўзабаве Гэрмiёну, якая была амаль у непрытомнасцi, знайшлi ў сябе ў пакоi, усе былi ўражаныя яе вытрымкай: ужо праз некалькi хвiлiн яна села за стол i сваёю рукой напiсала некалькi суцяшальных словаў чалавеку, якi ледзь не зрабiўся яе свёкрам. Гэты лiст быў надрукаваны ў газетах, i, чытаючы яго, нiхто не змог застацца абыякавым, а шмат хто змахнуў слязу. Прынцэса называла сябе сама мiзэрнай i няшчаснай кабетай у свеце, бо прынесла смерць двум вартым павагi й захаплення рыцарам (прычым другi нават болей варты, чым першы). А ў канцы лiста яна дадавала, што, вiдаць, адзiнае выйсце, якое засталося цяпер гаротнай дзяўчыне - назаўжды схавацца за кляштарнымi мурамi. Гэтая заява выклiкала буру пратэсту. З усiх куткоў краiны пасыпалiся лiсты, падданыя малiлi прынцэсу перамянiць сваё рашэнне. Каб дастаўляць гэтыя лiсты, давялося пусцiць дадаткова дзесяткi паштовых цягнiкоў.

Нiякiх перабояў з прэтэндэнтамi на прынцэсiну руку не было - наадварот, iх колькасць значна павялiчылася. Прынцэсiна слава расла разам з яе няшчасцем. Яшчэ нiколi Гэрмiёна не была такой папулярнай.

Народ моцна парадавала заява вайсковых экспертаў, якiя запэўнiвалi, што трагiчны выпадак не паўтарыўся б, каб кулямётчыкi былi ўзброеныя сапраўднымi, а не халастымi набоямi. "Пару добрых кулямётных чэргаў, - казалi яны, - i не будзе пра што турбавацца!" Народ з радасцю iм паверыў.

Сапраўды, трэба, каб падрыхтоўка да прынцэсiнага вяселля цалкам вялася вайскоўцамi!

Галоўнакамандуючы аддаў загад наступным разам нiкога з пабочных асобаў на ўрачыстую цырымонiю вянчання не дапускаць. Ён вырашыў, што хоць цмокавы днi ўжо i злiчаныя, але лепей з iм усё ж не жартаваць. Эскорт новага жанiха (а жанiх ужо быў абраны) павiнен быў складацца выключна з прафесiйных вайскоўцаў, вымуштраваных i добра ўзброеных.

I вось вайскоўцы выступiлi па дарозе да замка на зыходныя пазiцыi. Сонца зiхацела на тысячах iх сталёвых шаломаў. Выгляд у iх быў непераможны!

Але - на жаль! - ледзь толькi прынц прамовiў словы кахання, як скала расшчапiлася i з'явiўся цмок. Сустрэча яму была падрыхтаваная вельмi цёплая: дзесяць тысяч вiнтовачных куль i залпы кулямётнага агню вылецелi яму насустрач! Але жорсткiя цмокавы вочы нават не мiргнулi. Ён быў пазбаўлены толькi аднае радасцi: калi ён схапiў прынца, агонь не сцiх, i прынц, пакуль цмок цягнуў яго ў сваё логвiшча, быў увесь прадзiраўлены кулямi. Прынца забiў уласны эскорт, хоць у разлiкi вайсковых экспертаў гэта, вiдаць, не ўваходзiла.

Каралеўскiя хронiкi наступных двух гадоў поўныя суму. Любы гiсторык з радасцю прапусцiў бы гэтыя жахлiвыя старонкi з жыцця краiны.

Запасы прынцаў - прэтэндэнтаў на прынцэсiну руку - усё ж не былi невычэрпныя i маглi ўрэшце скончыцца. Таму было вырашана прымаць прапановы ад рыцараў, якiя мелi шляхетнае паходжанне, але былi больш знакамiтыя сваiмi баявымi подзвiгамi, чым рангам.

Сем ддзён найлепшых рыцараў адзiн за адным павiнны былi выклiкаць цмока на смяротную бойку. Усе спадзявалiся, што калi цмок i пратрымаецца ўсе гэтыя сем дзён запар, дык, прынамсi, ужо стомiцца i на восьмы дзень будзе няздольны супрацьстаяць прынцу блакiтных крывей, якi, па чутках, асаблiвай удаласцю не вылучаўся.