Кожны гiпапатам меў прыгожы срэбны аброжак, на якiм былi выгравiраваныя iмя гiпапатама i адрас. Але, калi фермеры звярталiся па адрасе, а гэта значыць - прыходзiлi ў палац, i пачыналi скардзiцца на гiпапатамаў i распавядаць пра страчанае праз iх збожжа, Прынц адказваў: "А няма чаго пакiдаць у мяне на дарозе непрыбраныя палi. Так вам i трэба!" - i нiколi нiчога не плацiў.
Цяпер вам, паважаныя чытачы, будзе, вiдаць, лягчэй зразумець, чаму знайшлiся людзi, якiя, убачыўшы, што Прынц выпраўляецца з гiпапатамамi на паляванне, цiхенька казалi: "А каб цябе самога цмок праглынуў!" Вядома, вельмi блага казаць так пра свайго гаспадара, але ж i гаспадар быў надта ўжо дрэнны.
Паляўнiчыя доўга шукалi цмока ў палях i ў лясах, але не толькi што яго не знайшлi, - а нават паху яго не ўчулi. Цмок, вiдаць, трапiўся надта ўжо сарамлiвы - не хацеў паказвацца.
I вось, калi Прынц ужо быў падумаў, што нiякага цмока няма, яго ўлюбёны стары гiпапатам падаў голас.
Прынц адразу затрубiў у рог i голасна крыкнуў: "Ату яго, ату!" Уся зграя з тупатам паляцела з узгорка да лесу. А там, у нiзiне, на ўскрайку лесу, раптам напраўду ўзнiк сама сапраўдны цмок!
Ён быў велiчынёю з карабель, увесь пыхаў жарам, як агонь у печы, ды яшчэ раз-пораз пляваўся агнём, паказваючы вострыя блiскучыя зубы.
- Паляванне пачалося! - радасна крыкнуў Прынц.
I паляванне сапраўды пачалося. Цмок, замест таго, каб спалохацца i кiнуцца наўцёкi (як належала б выхаванай жывёле), адразу рынуўся на гiпапатамаў i...
Прынц, якi сядзеў на слане i сам не надта спяшаўся на поле бою, з сорамам i расчараваннем убачыў, як той самы цмок, на якога яны iшлi паляваць, сам у адно iмгненне праглынуў усю яго, найлепшую ў свеце, зграю. Цмок глытаў гiпапатамаў, як галодны сабака глытае кавалкi мяса. Горка было глядзець, як ад зграi, якая ўсяго некалькi хвiлiн назад весела рохкала пад гукi паляўнiчага рога, не засталося нiводнага гiпапатамяня. А цмок усё яшчэ зiркаў улева ды ўправа, цiкуючы, цi не прапусцiў ён каго-небудзь.
Убачыўшы ўсё гэта, Прынц цiхенька саслiзнуў са слана - з таго боку, якi быў далей ад цмока, - i з усiх ног кiнуўся ў лясны гушчар, спадзеючыся, што цмок не прадзярэцца скрозь тоўстыя пераплеценыя галiны густых кустоў. Стаўшы на карачкi, хоць, вядома, сапраўдныя прынцы так сябе нiколi не паводзяць, ён хуценька папоўз наперад i жвава схаваўся ў дупле высокага дрэва.
У лесе панавалi цiшыня i спакой. Цяжка было ўявiць, што недзе паблiзу ходзiць люты цмок.
Мала-памалу Прынц супакоiўся. Ён папiў са сваёй срэбнай паляўнiчай бiклагi, выцягнуў ногi i, утульна ўладкаваўшыся, заснуў. Пры гэтым ён не толькi слязiнкi не пралiў, але й не ўздыхнуў нават па сваiх няшчасных гiпапатамах, якiх сам прыручыў, якiя елi з ягоных рук i доўгiя гады верна служылi яму, рызыкуючы на паляваннi жыццём, толькi каб яго пазабавiць.
Але ж Прынц быў не сапраўдны: у яго былi жорсткiя зблытаныя валасы, брудна-шэры твар i каменнае сэрца.
Ён спаў, гучна храпучы на ўвесь лес, а калi прачнуўся, ужо стаяла цёмная ноч. Прынц выпаўз з дупла i працёр вочы. Усё вакол было пакрытае непрагляднаю цемрай, i толькi недзе непадалёку свяцiўся маленькi чырвоны агеньчык. Прынц вырашыў паглядзець, што там такое. Ён падышоў блiжэй i ўбачыў невялiчкае вогнiшча. Побач сядзеў юнак з доўгiмi залацiстымi валасамi. Ён быў у лахманах, але твар у яго быў вельмi прыгожы i добры. Крыху воддаль Прынц заўважыў нейкiх дзiўных жывёл, якiя, здаецца, спалi.
- Хто ты? - ганарыста спытаўся Прынц.
- Я Эльфiн, свiнапас, - адказаў юнак у лахманах. - А вы хто?
- Я - Прынц Абрыдак.
- Што ж гэта вы робiце ноччу ў лесе, так далёка ад свайго палаца? здзiвiўся Эльфiн.
- Я тут паляваў непадалёку.
Свiнапас зарагатаў:
- Дык тады гэта, значыць, я вас бачыў! Нiчога сабе, добрае паляванне! Я за iм назiраў разам з маiмi свiнкамi. Гэта было вельмi цiкава.
Усе жывёлы адразу засаплi ў сне i зарохкалi, i Прынц пазнаў свiней - у каго ж яшчэ могуць быць такiя манеры?
- Каб было вядома тое, што ведаю я, вы маглi б уратаваць сваю зграю, прамовiў юнак.
- Пра што ты гаворыш? - падазрона спытаўся Прынц.
- Як пра што? Вядома ж, пра цмока, - растлумачыў Эльфiн. - Рэч у тым, што вы выйшлi паляваць не ў той час. На цмока трэба паляваць уначы.
- Вось ужо дзякуй, - прашаптаў Прынц i перасмыкнуў плячыма. - Паляваць удзень мне падабаецца неяк болей. Ну i дурань жа ты, свiнапас!
- Што ж, - усмiхнуўся Эльфiн, - як сабе хочаце. Але хутчэй за ўсё заўтра цмок сам будзе паляваць на вас. Вельмi будзе цiкава паглядзець!
- А ты яшчэ i грубiян! - абурыўся Прынц.
- Ды якi я грубiян? Проста шчыра кажу тое, што думаю, - адказаў Эльфiн.
- Ну дык тады скажы мне, што ж такое ты ведаеш, што каб гэта было вядомае мне, дык я ўратаваў бы сваiх гiпапатамаў?
- Вы не надта добра валодаеце роднаю мовай, Прынц. Ну, ды няхай. Але што вы мне дасце, калi я скажу?
- Калi скажаш мне што? - хiтра перапытаў Прынц.
- Тое, што вы хочаце ведаць.
- А я нiчога не хачу ведаць, - адказаў Абрыдак.
- Дык вы нават дурнейшы, чым я думаў, - здзiвiўся свiнапас. - Няўжо вы не хочаце пакончыць з цмокам, пакуль ён не пакончыў з вамi?
- Увогуле гэта было б няблага, - прызнаўся Прынц.
- Я нiколi не вызначаўся цярплiвасцю, але цяпер у мяне ўжо зусiм яе не засталося. Апошнi раз пытаюся, што вы дасце мне за тое, што я скажу?
- Палову каралеўства i маю кузiну Прынцэсу за жонку, - хуценька адказаў Абрыдак.
- Добра, - пагадзiўся свiнапас. - Тады слухайце: цмок уначы робiцца маленькi! Ён спiць пад карэннем гэтага дрэва, i звычайна я карыстаюся iм як запальнiчкай, каб развесцi агонь.
I праўда, калi Прынц прыгледзеўся, дык убачыў, што пад каранямi дрэва, ва ўтульным iмшаным гняздзечку, спiць цмок. Даўжынёю ён быў усяго толькi з палец.
- I як мне яго можна забiць? - спытаў Прынц.
- Не ведаю, цi можна яго забiць проста так, але ж яго можна засунуць у вашую бiклажку, а потым занесцi куды-небудзь.
Гэтая думка прыйшлася Прынцу даспадобы. Удвух яны, крыху апёкшы пальцы, сяк-так здолелi прымусiць цмока запаўзцi ў срэбную бiклагу, без якой Прынц нiколi не выпраўляўся на паляванне. I Прынц шчыльна закруцiў на ёй корак.
- Вось i цудоўна, - сказаў Эльфiн, - а цяпер трэба занесцi гэтую бiклагу ў палац i запячатаць яе Саламонаваю пячаткай. Тады можна будзе не хвалявацца. Хадзем хутчэй, а заўтра зранку падзелiм каралеўства, i тады ў мяне будуць грошы на прыгожую вопратку i падарункi. Мне хочацца хутчэй пазнаёмiцца з Прынцэсай.
Адкуль добраму Эльфiну было ведаць, што Прынц Абрыдак нiколi не выконвае сваiх абяцанняў?!
- Што? Ты хочаш пайсцi са мною? - закрычаў ён. - Ты што гэта выдумаў, свiнапас? Гэтага лютага цмока знайшоў я, Прынц Абрыдак, i я, гаспадар гэтай краiны, захапiў яго ў палон. Я ўвогуле нi слова не казаў нi пра каралеўства, нi пра вяселле. А калi табе нешта такое падалося, дык я зараз жа адсяку табе галаву.
I Прынц выцягнуў меч.
- Добра, - пацiснуў Эльфiн плячыма, - мне так яшчэ й лепей.
- Што гэта ты маеш на ўвазе? - закрычаў Прынц.
- Ды нiчога. Толькi тое, што я нiчым не звязаны i ў мяне застаюцца мае свiннi, а ў вас - вашае цудоўнае каралеўства, - растлумачыў Эльфiн i ў думках дадаў: "I цмок".
Прынц пайшоў, а Эльфiн са сваiмi чорнымi свiннямi, якiх было роўна семдзесят пяць, застаўся каля вогнiшча.
Прынц вярнуўся ў палац пасярэдзiне ночы, але, нягледзячы на гэта, загадаў неадкладна склiкаць Парламент i ўрачыста абвясцiў пра сваю перамогу над лютым цмокам. Мiнiстры пачалi наўзахваткi хвалiць смеласць i розум свайго гаспадара, хоць мала хто сапраўды паверыў яму. Але нiводзiн Мiнiстр не насмелiўся паказаць свайго недаверу, бо ўсiм быў вядомы злосны i помслiвы Прынцаў нораў.
Першы Мiнiстр урачыста запячатаў бiклагу з цмокам Саламонаваю пячаткай i сам занёс яе ў скарбнiцу, у якой былi мядзяныя сцены таўшчынёю аж на два метры.
Бiклагу асцярожна паклалi памiж мяхамi, поўнымi золата. I на ўсю ноч пакiнулi ў скарбнiцы малодшага пiсара малодшага сакратара малодшага Лорда Скарбнiка, каб той вартаваў бiклагу.
Малодшы пiсар нiколi ў жыццi цмокаў не сустракаў (хiба што ў дзiцячых казках), дый не надта ён верыў, што Прынц сапраўды захапiў цмока, бо Абрыдак нiколi не быў надта сумленны i мог прынесцi проста пустую пляшку. I таму гэты сакратар нават парадаваўся такому, на першы погляд, страшнаму даручэнню i ў добрым гуморы застаўся ў скарбнiцы. Яму аддалi ключ, - i калi горад зноўку заснуў, ён паклiкаў да сябе ў скарбнiцу некалькi сваiх сяброў, малодшых пiсараў iншых лордаў. Яны пачалi весела гуляць у хованкi сярод мяхоў з золатам, потым у каменьчыкi, падкiдваючы дыяменты, смарагды ды перлы, якiя ляжалi ў вялiзных куфрах з разной слановае косткi. Моладзь забаўлялася... А ў мядзянае скарбнiцы рабiлася неўпрыкмет усё гарачэй i гарачэй. I раптам сама малодшы пiсар закрычаў: