Выбрать главу

Тым часам Святы Георг спешыўся i, падцягваючы папругу, з усходнiм красамоўствам выказваў свайму каню ўсё, што думае пра яго i пра ўсiх яго сваякоў.

Хлопчык прабраўся да рыцара i, каб дапамагчы, узяўся патрымаць яго дзiду.

— Усё было цудоўна, Святы Георг, — выдыхнуў ён. — Мо вы яшчэ пару раўндаў згулялi б?

— Не думаю, — адказаў рыцар. — Баюся, што гэты новаспечаны герой, пачуўшы, як яго вiтаюць, раздзьмецца ад пыхi, i яшчэ невядома, што можа прыйсцi яму ў галаву. Лепей я прыкончу яго ўжо зараз.

Святы Георг ускочыў у сядло, узяў у хлопчыка дзiду i ласкава ўсмiхнуўся яму.

— Не хвалюйся, — сказаў ён, — я добра прыкмецiў, куды бiць, а цмок са свайго боку зробiць усё, каб я не прамахнуўся, бо для яго гэта адзiны шанец трапiць на банкет.

Святы Георг напусцiў на сябе суровасць, зручней узяў дзiду i, прыцiснуўшы яе тоўсты канец пад пахай, не паляцеў наўзгалоп, як першы раз, а цiхенька паехаў цмоку насустрач. Цмок прыгнуўся i заляскаў хвастом, як пугай. Пад'ехаўшы блiжэй, Святы Георг пачаў кружыць вакол цмока, не зводзячы вачэй з намечанага на цмокавай скуры месца. Цмок пераняў яго тактыку, i абодва змагары пачалi моўчкi кружыць па пляцоўцы. Гледачы баялiся зварухнуцца. Заключны раўнд доўжыўся даволi доўга — аж некалькi хвiлiн, але канец быў вокамгненны. Хлопчык ледзь паспеў заўважыць маланкавы рух рукi Святога Георга, потым дым, пазуры, хвасты, камякi зямлi — усё змяшалася, i калi пыл асеў, усе з радасным крыкам ускочылi i кiнулiся наперад. Цмок ляжаў нерухома, прышпiлены да зямлi дзiдай, а Святы Георг паспеў ужо спешыцца i стаяў у цмока на пузе.

Хлопчык спалохаўся, што бедны стары цмок сапраўды забiты, i, штурхаючыся, хутчэй палез праз натоўп. Калi ён падабраўся да свайго сябра, той прыўзняў павека, хiтра падмiргнуў хлопчыку i зноў «знепрытомнеў». Ён быў сапраўды моцна прышпiлены да зямлi, але дзiда патрапiла якраз у дамоўленае месца, так што крывi не пралiлося нi кроплi.

— Хiба вы не збiраецеся адсячы яму галаву, сэр? — спытаў у Святога Георга адзiн з тых, хто ставiў на цмока i цяпер, зразумела, прагнуў помсты.

— Мне здаецца, што сёння гэта рабiць не варта, — прыязна ўсмiхнуўшыся, адказаў Святы Георг. — Цяпер жа гэта можна зрабiць калi заўгодна. Дык навошта спяшацца? Думаю, спачатку мы ўсе пойдзем у вёску, крыху падмацуемся, а потым я з iм сур'ёзна пагутару i спадзяюся, ён зразумее свае памылкi.

Пачуўшы магiчнае «падмацуемся», натоўп выстраiўся роўнымi шэрагамi i чакаў сiгналу выступаць. Час, калi можна было балбатаць, вiтаць, бiцца аб заклад, мiнуўся — настаў час дзейнiчаць. Ухапiўшы дзiду абедзвюма рукамi, Святы Георг выцягнуў яе з зямлi i вызвалiў цмока. Той павольна падняўся, абтрос пыл i ўважлiва агледзеўся — цi добра ён выглядае?

Нарэшце ўсе рушылi: наперадзе Святы Георг на баявым канi, следам утаймаваны цмок з хлопчыкам, i крыху за iмi — усе астатнiя. Так яны дайшлi да шынка.

Калi Святы Георг крыху падмацаваўся, ён выйшаў да жыхароў вёскi i выступiў перад iмi з урачыстай прамовай. У прамове ён даводзiў, што, прыклаўшы шмат намаганняў, вызвалiў iх з-пад улады злоснага монстра. Цяпер iм няма болей на што скардзiцца, i ў вёсцы павiнен запанаваць мiр i спакой. Рыцар зазначыў, што надта захапляцца бойкамi — непрыстойна, бо можа надысцi час, калi iм давядзецца змагацца самiм, а гэта зусiм не тое, што глядзець на бойку здалёк. Святы Георг сказаў, што ведае пра барсука, якога яны трымаюць у стайнi, i загадаў тэрмiнова яго адпусцiць. Потым ён паведамiў, што цмок адумаўся, зразумеў, што паводзiў сябе недаравальна, i абяцаў болей так не рабiць. Калi ж цяпер вяскоўцы пасябруюць з цмокам i папросяць яго застацца ў гэтых мясцiнах, дык ён, можа, нават i пагодзiцца. Апроч таго, Святы Георг папярэдзiў, што хлусiць i выдумляць усякае рознае — вялiкi грэх. На гэтым прамова скончылася. Тады цмок штурхануў хлопчыка ў бок i шэптам прызнаўся, што нават ён сам не здолеў бы сказаць лепей.

Нарэшце воплескi змоўклi, i ўсе разышлiся па хатах рыхтавацца да банкету.

Банкеты звычайна — вельмi прыемная рэч, якая заключаецца галоўным чынам у смачнай ежы, пiтве i добрай кампанii. Але сама прыемнае тое, што банкеты ладзяць, калi нешта добра скончылася i ўжо няма пра што хвалявацца. А заўтрашнi дзень тады падаецца вельмi далёкiм.

Святы Георг быў шчаслiвы, што бойка адбылася i яму не прыйшлося забiваць цмока, бо, шчыра кажучы, ён зусiм не любiў забiваць, хоць нярэдка, на жаль, бываў вымушаны гэта рабiць.

Цмок таксама быў шчаслiвы, што бойка адбылася i ён выйшаў з яе без нiводнае драпiны, ды яшчэ здабыўшы сабе папулярнасць.

I хлопчык быў шчаслiвы, што бойка адбылася i, нягледзячы на гэта, абодва ягоныя сябры выдатна пачуваюцца i цудоўна ставяцца адзiн да аднаго.