Атрымаўшы адказы, запісаў і, ні пра што больш не пытаючыся, падняўся з-за стала.
— Пойдзеце з намі.
Вінярскі торгнуўся назад, да сцяны, і міліцыянер адразу ж зрэагаваў: выпраміўся, прайшоў і стаў каля дзвярэй, насмешліва пазіраючы на яго.
— Я прашу вас, таварыш… (абвостраная прага ратунку падказала Вінярскаму, што трэба спадабацца капітану) таварыш палкоўнік!.. Выслухайце мяне!
— Дзеля гэтага мы вас і забіраем. У нас будзе дастаткова часу, — следчы зрабіў паўзу, — каб выслухаць вас.
— Паслухайце цяпер, я прашу! — замаліўся Вінярскі, жадаючы толькі аднаго: каб не ў гэтую вось хвіліну, яго павялі праз увесь калідор. — Так, учора Іван Змітравіч расказваў мне пра нейкія грошы!.. Але я не слухаў яго, ніколі не слухаю, я не зразумеў нічога!..
— Ну? — суха сказаў капітан.
— Але чаму вы не пытаецеся, адкуль у такога чалавека такая сума? Паглядзіце на яго! Чаму вы яму верыце на слова?
— Ай-яй, што ж я нарабіў… — казаў Стэльмах, закрываючы далонямі вочы і нахіляючыся разам з крэслам наперад, нібы вось-вось збіраўся ўпасці.
— Таварыш палкоўнік, я прыпамінаю — учора Стэльмах казаў, што гатоў пайсці на любую подласць — украсці, абрабаваць — каб толькі зарабіць грошы!.. Было такое, Іван Змітравіч?
— Ай-я-яй… — казаў Стэльмах.
— Таварыш следчы — гэта звычайная правакацыя! — горача даказваў Вінярскі. У ім загарэлася надзея. — Выдумаць міфічную гісторыю пра даляры, падстроіць іхні крадзеж, зваліць на таго, каму гісторыя была расказана…
— Хадзем, хадзем, — сказаў капітан, гледзячы на гадзіннік.
Міліцыянер ступіў да Вінярскага.
— Але я не краў нічога!.. Іван Змітравіч, прызнайцеся хоць вы, скажыце, што ніякіх грошай не было!..
— Што ж я нарабіў… — як заведзены, паўтараў Стэль-мах.
— Тады забірайце і яго! — крычаў ужо абы-што Вінярскі: нашто яму трэба было, каб забіралі і Стэльмаха?
Вінярскі з усіх сіл ірвануўся з наручнікаў, якія невядома адкуль узяліся на яго руках, і прачнуўся — ён спаў апрануты, у крэсле, галавою на часопісным століку. Шыя і рукі пазацякалі і балелі.
Прачнуўшыся, яму захацелася прачнуцца яшчэ раз, каб і цяперашняе аказалася толькі страшным сном. Але зразумела было — усё, больш прачынацца няма куды.
Была гадзіна ночы. Сон не прынёс палёгкі, мепрабамат не зменшыў страх. Усё яго наркатычнае дзеянне пайшло на тое, каб у сне змадэляваць рэальную сітуацыю, якую перад гэтым абдумваў Вінярскім на яве. Наперадзе была цэлая ноч — са сваімі секундамі, хвілінамі і гадзінамі.
VI
Вінярскі выцягнуў «дыпламат», глядзеў на яго, гладзіў прабіты бок, і слёзы цяклі ў яго па шчоках. Потым апрануў плашч, не забыў парасон, ціхенька выслізнуў з кватэры, прытрымаўшы замок, і подбегам кінуўся з двароў на вуліцу, да запраўкі. «Дыпламат» ён захапіў з сабою.
Таксіст, нахабны, як і ўсе яны начным часам, назваў проста неверагодна вялікую суму. Вінярскі моўчкі адлічыў грошы і адразу расплаціўся.
Толькі б ніхто не заўважыў! Толькі б не прыйшоў у клініку сённяшнім вечарам Стэльмах! Цяпер Вінярскі добра разумеў, што адзіны яго ратунак, калі нікога няма, — паставіць назад «дыпламат», выправіць шпінгалеты, нават пераначаваць у кабінеце, на кушэтцы. А там, раніцаю, усё выдумаецца. Галоўнае, грошы будуць цэлыя. Няхай Стэльмах пра ўсё здагадаецца — ну і што? Сорам вочы не выесць. Затое ён, Вінярскі, зможа зноў жыць, як і жыў.
Ён стрымліваў сябе, прасіў сябе не расслабляцца раней часу — мала што там цяпер можа быць у кабінеце! — але ў душы ўсё расла, усё шырылася няўрымслівая радасць ад таго, што ўсё скончана. Яму не здавалася ўжо ні дурной, ні смешнаю сама сітуацыя: столькі сіл было патрачана, каб грошы ўкрасці, і ўсё для таго, каб усімі сіламі старацца вярнуць іх назад…
Каля бальніцы ён выскачыў з машыны і хутка пайшоў у двор. Падняў галаву, спатыкнуўся і не паверыў сваім вачам — здалося, што той жывы, страшны сваёй будзённасцю сон працягваецца. У кабінеце гарэла святло.
У нейкім атупенні ён стаяў, глядзеў на светлае акно, на клёны, кусты, якія холадна свяціліся сваімі зялёнымі лістамі ў святле бальнічных ліхтароў. Падумаў чамусьці: «А што, калі я зусім не грошы ўкраў, я ж не паглядзеў нават». Трэба было неяк канчаць усё гэта. Трэба было ісці здавацца. Як здавацца, што казаць? Што знайшоў «дыпламат» у двары? Усё — дурнота, глупства… Хто яму паверыць?
Ледзь перастаўляючы ногі, Вінярскі пацёгся назад, на вуліцу, падняўся на ганак галоўнага корпуса і пазваніў. Адразу ж за ледзь асветленымі шклянымі дзвярыма праплыла постаць вахцёркі.