Выбрать главу

— I вы прыехалі? — расчыніўшы дзверы і прапускаючы яго, сказала яна і ўздыхнула.

— Што значыць — і вы?.. А хто… яшчэ прыехаў? — прамармытаў Вінярскі, заходзячы ў вестыбюль і азіраючыся.

Вахцёрка замкнула дзверы, зайшла следам і стала перад ім, гледзячы знізу ўверх, сцягваючы на грудзях накінутую на плечы хустку, — маленькая і нязграбная, як чарапаха.

— Дык хто прыехаў? — стараючыся быць развязным, паўтарыў Вінярскі. — Міліцыя… ці хто?

— Пры чым тут міліцыя? Жонцы трэба званіць, — строга сказала вахцёрка.

— Чыёй?

— Стэльмахавай.

— А… што такое?

— Іван Змітравіч у рэанімацыі цяпер. З сэрцам кепска. Я думала, вы таму і прыехалі…

Не верачы раптоўнай здагадцы, ад якой перахапіла дыханне і застукала ў скронях, баючыся распытваць далей, Вінярскі як быў — з «дыпламатам» у руцэ — павярнуўся, каб бегчы ў свой корпус.

— У кабінеце схапіла, — сказала яму ў спіну вахцёрка. — Прыйшоў сюды гадзін у сем, такі рады — а чаго прыйшоў?..

Дзверы ў кабінет былі адчыненыя. У дзвярах Вінярскі сутыкнуўся з медсястрою — яна саступіла, прапускаючы яго. Ён, задыханы, спыніўся ў парозе, аббег вачыма кабінет, стараючыся за раз не прапусціць нічога, усё зразумець з гэтага агляду. Кушэтка стаяла пасярод кабінета; барадаты тэрапеўт з суседняга аддзялення ў кутку мыў рукі і нават не зірнуў на Вінярскага, затое Сцяпанаў, які сядзеў за сталом Стэльмаха і нешта напаўголаса гаварыў, убачыўшы Вінярскага, змоўк і ўтаропіўся ў яго. Акрамя гэтых двух і сястры, што выйшла, не было нікога. Моцна пахла спіртам.

— А дзе… — прамовіў Вінярскі, паказваючы на кушэтку.

Сцяпанаў страсянуў галавою і перастаў глядзець так дзіўна.

— У рэанімацыі, наверсе, — адказаў ён.

— Ёсць надзея?

— Мала. Доўга ляжаў тут, позна знайшлі… Інфаркт!

— Нічога дзіўнага, з такой камплекцыяй, — адазваўся тэрапеўт, павярнуўшыся і выціраючы рукі аб кішэні халата.

Вінярскі прайшоў да акна — палавінкі былі прачынены, як ён і пакідаў. «Бачыў хто, ці не, што шпінгалеты зламаныя?! Сказаць зараз пра гэта? Ці зрабіць выгляд, што нічога не заўважаю і проста хачу прычыніць акно?..» Ён узяўся за ручку.

— Не трэба, — пачуўся ззаду голас Сцяпанава. — Хай праветрыцца.

— Я падымуся наверх, — сказаў тэрапеўт, — пазваню, калі што.

Сцяпанаў правёў яго да парога і ў парозе зноў пагаварыў з ім пра нешта; калі тэрапеўт пайшоў, павярнуўся да Вінярскага:

— А ты як тут сярод ночы?

— Выпадкова ехаў на таксі, з Жанаю… Убачыў з вуліцы, што святло гарыць… Жана, сяброўка, жыве ў Вяснянцы, можаце праверыць…

— Па мне — хоць у Серабранцы! — усміхнуўся Сцяпанаў. — Я проста гляджу — ты з чамаданчыкам.

— А, гэта так, браў з сабою, — Вінярскі асцярожна паклаў «дыпламат» на стол дзіркаю ўніз. — Але як тут Стэльмах апынуўся? Уночы… У яго ж адпачынак з учарашняга дня.

— Мала што. Забыў нешта, прыйшоў забраць.

— А як яго знайшлі?

— З суседняга корпуса ўбачылі, што святло гарыць.

— Адтуль жа не відаць нашага акна.

Вінярскі ведаў, што так гаварыць нельга, але спыніцца не мог.

Ізноў здзівіўся Сцяпанаў:

— Удзень, можа, і не відаць, а ўночы ўсё тут свеціцца… Ды і бачылі яго. Зайшоў — і няма, і няма.

— Ён… — Вінярскі сабраўся з духам, — нічога не казаў?

— Якое казаў. Сіні ўвесь. Вось страшная, дурная смерць — доктара ў бальніцы!

— Ды якая смерць? Нічога невядома яшчэ! Пакуль у рэанімацыі — нічога яшчэ невядома!

Сцяпанаў памаўчаў, сказаў:

— Я ў сябе буду, — і пайшоў.

Калі за ім зачыніліся дзверы, Вінярскі зноў, на гэты раз добра, уважліва агледзеў кабінет. Дзверцы антрэсоляў у шафе былі зачынены, крэсла каля шафы не стаяла. Але гэтага не магло быць! Ну, няхай крэсла ў мітусні, у беганіне маглі адсунуць, але каму трэба было зачыняць дзверцы, да якіх не дацягнуцца з падлогі рукою нават высокаму чалавеку?! Няўжо…

Вінярскаму ўявілася, як прыходзіць шчаслівы Іван Змітравіч, блізарукі, нават не заўважае, што з акном нешта не тое, становіцца на крэсла, корпаецца пад папкамі… Пуста! Яму робіцца блага. Ён злазіць ці мо нават падае з крэсла… Не, не падае! У тым і справа, што ён адразу здагадаўся, хто злодзей! I, не жадаючы «падстаўляць» яго, злодзея Вінярскага, зачыняе дзверцы, знаходзіць сілы злезці, адсунуць ад шафы крэсла і толькі тады валіцца на кушэтку… Калі б ён пакінуў расчыненымі дзверцы ды крэсла каля шафы — маглі б западозрыць, што яму стала кепска пасля таго, як ён нешта ўбачыў — там, у шафе… Ці павінен быў убачыць і не ўбачыў… Пачаліся б разборкі, і рана ці позна выйшлі б на Вінярскага…