Выбрать главу

— Паехалі, не бойся. Тут недалёка. Я проста хачу з табою выпіць і пагаварыць.

— Паехалі дык паехалі…

У аўтобусе, што вёз іх у цэнтр, Вінярскаму было ніякавата. Ён пабойваўся, што ў аўтобусе бялявы будзе гучна гаварыць сваёй беларускай моваю, з п’янаватай смеласцю, і на іх пачнуць азірацца. Усё амаль так і выйшла. Праўда, хлопец не гаварыў — ён спяваў. Глядзеў у акно, думаў пра сваё, потым даволі прыемным голасам, але гучна — так, што, сапраў-ды, людзі азіраліся, пачынаў:

Ці помніш ты, Жана, шчаслівы мамэнт…

Колькі хвілін маўчаў, і зноў:

Як граў раз у дудку нябожчык Вінцэнт…

I яшчэ праз колькі хвілін, думаючы пра сваё:

А Нёман спакойна, спакойна дрыжа-аў, I месячык ясны на нас пазіраў.

Хвілін праз колькі ўсё паўтаралася. Ён і ў аўтобусе, як і на могілках, трымаў сябе свабодна, і, было відаць, што яму ўсё роўна — глядзяць на яго ці не.

Урэшце аўтобус спыніўся каля цырка; Вінярскі з хлопцам перабеглі на чырвонае святло праспект і пайшлі ўверх, да Дома афіцэраў. Не даходзячы да метро, бялявы павярнуў на прыступкі, што вялі да прыгожага невялікага доміка з вежай-шпілем над дахам па адзін бок і з купалам — па другі. Вінярскі, які ўвогуле ніколі не быў ахвотнікам цягацца па розных кавярнях і барах, не ведаў, што тут; думаў, калі глядзеў на гэты домік з акна тралейбуса, што гэта — нейкая старая царква, пераробленая, відаць, у музей.

— Гэта што: царква ці музей? — спытаў ён, калі бялявы ўжо браўся за ручку дзвярэй.

— «Мутнае вока», — коратка адказаў той.

Бялявы і ў гэтым «мутным воку», як і паўсюль, аказаўся чалавекам сваім. Пагаварыў з вахцёркаю, спытаў, ці працуе Тамара, куды знік нейкі Раман, урэшце кіўнуў Вінярскаму — пайшлі, туды, адкуль з-за дзвярэй чуўся гоман галасоў.

— Пачакай, — прытрымаў яго за руку Вінярскі. — Я доўга не буду. Можна тут… не скідаць куртку?

— Як хочаш. Табе ж горш— тут душна. А тое, што свіснуць могуць — дык гэта запраста…

У невялікай прадаўгаватай зале з маленькімі паўкруглымі акенцамі гарэла святло. Народу было шмат, некаторыя курылі, а гаварылі, здавалася, адразу ўсе, хто тут быў. Бялявы гаспадарскім вокам прабег па століках.

— Васіль! — пачуўся з кутка радасны, хрыплаваты голас. — Сюды!

З-за століка ў глухім кутку падняўся мужчына і шырока раскінуў рукі, нібы падрыхтаваўся для абдымкаў.

— А, Сымон, — сказаў бялявы, падышоў, але ў абдымкі не палез, проста падаў мужчыну руку.

Вінярскаму нічога не заставалася, як падысці і зрабіць тое ж самае. Мужчына, моцна сціскаючы яго пальцы, пільна і строга гледзячы яму прама ў вочы, робячы пасля кожнага слова паўзы, з паважнай урачыстасцю назваў сваё імя, імя па бацьку і прозвішча (Вінярскі запомніў толькі імя — Сымон; як і потым, згадваючы гэты дзіўны вечар, колькі ні сіліўся, так і не змог успомніць ні прозвішча, ні імя па бацьку гэтага чалавека).

Калі Вінярскі прамаўчаў, мужчына, усё не выпускаючы яго рукі, дадаў:

— Празаік, паэт, крытык. Магу эпіграмы і пародыі. Член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь.

— Не хваліся, — сказаў бялявы, які стаяў побач і пералічваў грошы.

Не дачакаўшыся ад Вінярскага ніякай рэакцыі, мужчына выпусціў яго змакрэлую далонь, сеў за столік і пакрыўджана сказаў:

— Магу паказаць пасведчанне.

— Я веру, што вы! — хуценька адказаў Вінярскі. Яму было няёмка ад таго, што ён не змог нечым дагадзіць чалавеку.

Бялявы пералічыў грошы, падняў вочы ў столь, падумаў і пабег да стойкі.

VIII

— З кім маю гонар сядзець за адным столікам? — з той жа строгай важнасцю, быццам кожнае яго слова мела надзвычайную вагу, спытаў мужчына, калі Вінярскі прысеў.

— З хірургам… Доктарам, — адказаў Вінярскі, здзіўлены і такім высокім стылем, ды і ўвогуле беларускай мовай, якую яму нязвыкла было чуць з вуснаў звычайных людзей. Ён спадцішка агледзеў мужчыну. Яшчэ з парога, калі мужчына паклікаў Васіля, ён падаўся Вінярскаму маладым — недзе сваім аднагодкам, ну, можа, гадоў пад трыццаць; цяпер ён бачыў, што мужчыну, бадай, удвая больш. На ім быў паношаны касцюмчык, кашуля ў блакітны гарошак, расшпіленая на два верхнія гузікі; і шыя, і худыя далоні з доўгімі пальцамі, у якіх Сымон круціў пустую шклянку, і круглы, змаршчыністы, бы спечаны яблык, твар былі пакрыты цёмна-бурым загарам, быццам стары толькі што вярнуўся з паўднёвых пляжаў.

— Што ж, прыемна, калі і медыцына далучаецца да такой важнай справы, як культурны адпачынак, — пажартаваў Сымон і шчоўкнуў пальцам па вострым загарэлым кадыку — акурат як Васіль нядаўна, на могілках.