Стэльмах быў вечна заклапочаны, часта замаўкаў сярод размовы, абарваўшы сказ, і думаў штосьці. Разоў колькі пасля такіх нечаканых паўз ён, наморшчыўшы лоб, пакусваючы вусны, загадкава пазіраў на Вінярскага, потым пытаўся, ці ўмее ён захоўваць тайны. Вінярскі, не жадаючы слухаць ніякіх споведзей, адмахваўся, казаў, што няма часу, альбо проста дэманстратыўна паварочваўся і пачынаў насвістваць. Стэльмах замаўкаў, але дзён праз колькі, рассеяны, забываўся і зноў пытаў, ці ўмее Вінярскі маўчаць, і зноў узнаўлялася спроба споведзі, і зноў адмахваўся малады хірург.
Магчыма, калі б Вінярскі меўся застацца ў гэтай клініцы надоўга, калі б была патрэба неяк выслужыцца ці, скажам, «падседзець» Стэльмаха, ён так бесцырымонна сябе не паводзіў бы. Але ён быў упэўнены, што ён тут — чалавек часовы. У яго былі зусім іншыя планы.
Іван Змітравіч перагортваў, адкладаў убок тоўстыя кніжачкі з белымі і пажоўклымі старонкамі, углядаўся ў паперкі аналізаў, перачытваў па некалькі разоў заключэнні, але рабіў гэта чыста машынальна. Калі б яго зараз спытаць, нашто ён гэта робіць, якая карысць з такога яго чытання, ён, хутчэй за ўсё, нічога не змог бы адказаць і толькі развёў бы рукамі. Радасць перапаўняла яго і перашкаджала засяродзіцца. Сёння ён тут апошні дзень, заўтра — у адпачынак, але не гэта… Не адно гэта! Урэшце ён прагартаў апошнюю кніжачку, ляпнуў ёю па стале (Вінярскаму здалося, што ад кніжачкі ва ўсе бакі паляцеў жоўты пыл), зняў акуляры з тоўстымі лінзамі, пацёр стомленыя вочы і глянуў на маладога доктара. Вінярскі адвярнуўся.
— А дай і мне курнуць! — папрасіў Стэльмах і засмяяўся. — Дай, сёння я сабе дазваляю!
Вінярскі паморшчыўся — цыгарэты былі амерыканскія, дарагія, але дастаў з пляскатага пачка прыгожую цыгарэту з залатым абадком.
— На.
Яны былі на ты, Стэльмах так захацеў. Вінярскі чыркнуў запальнічкай, Стэльмах няўмела пацягнуў разы два і вінавата засмяяўся. З непрывычкі ў яго закружылася галава і, як чамусьці заўсёды апошнімі днямі, неяк ня-добра, сур’ёзна неяк зашчымела сэрца.
Накурыўся?
Жэня, — сказаў Іван Змітравіч, паціраючы сэрца, блізарука ўглядаючыся ў маладога ўрача, — я да цябе за гэты год прывык. Ты мне як родны сын.
— Рады за цябе.
«Зараз пачне спавядацца», — падумаў Вінярскі.
Але Іван Змітравіч памаўчаў, узяў са стоса верхнюю кніжачку, разгарнуў, адсунуў на даўжыню рукі, гучна, па складах прачытаў:
— О-те-кание ко-неч-ности! — і зноў ціха затросся ад смеху.
— Што ты хіхікаеш, як… малады казёл? — груба сказаў Вінярскі.
Іван Змітравіч ніколькі не пакрыўдзіўся. Ён устаў — быў даволі высокага росту, паварушыў плячыма, размінаючыся, ступіў да Вінярскага і прыабняў яго за плечы.
— Эх, Жэня… Здаецца, каб было не пяцьдзесят сем гадоў, а трохі больш за дваццаць, як табе, — сапраўды, выбег бы зараз на двор, пад гэты дождж, і скакаў бы, як малады казёл, па мокрай траве…
Вінярскага проста абдало рэзкім ранішнім мужчынскім пахам з рота; ён бесцырымонна скінуў са сваіх плячэй чужыя рукі, адышоў і сеў за свой стол.
— Ты мне як сын, — паўтараў Іван Змітравіч, нічога не заўважаючы. — Я паважаю цябе, я ж бачу, што ты ў дзесяць разоў разумнейшы за мяне. Я хачу табе штосьці расказаць…
У дзверы нясмела пастукалі, і прасунулася нечая галава.
— Ну, што там? Што? — рэзка крыкнуў Стэльмах. Галава знікла.
— Ты помніш маю Мілу? — спытаў Іван Змітравіч, зрабіўшыся зноў самім сабою — добрым і мяккім. — Помніш, вясной прыходзіла сюды, у кабінет, я вас знаёміў яшчэ?
Вінярскі паціснуў плячыма — мала хто сюды прыходзіць і мала з кім яго знаёмяць!
— Слухай, давай на абход збірацца, — сказаў ён, паказваючы, што і на гэты раз не збіраецца выслухоўваць ніякія споведзі.
— Які абход?! Толькі дзевяць гадзін!
— Значыць, у мяне гадзіннік спяшаецца, — спакойна схлусіў Вінярскі.
— Як жа ты не запомніў Мілу? А яшчэ малады хлопец… Такую дзяўчыну не запомніць! — з мяккім дакорам пачаў ушчуваць Стэльмах. Відаць, сёння ён цвёрда вырашыў выгаварыцца. — Красуня, разумніца, у гэтым годзе скончыла школу, з медалём… Гэта я пра старэйшую сваю, Мілу. Нядаўна пад стол бегала, не паспелі аглянуцца — ужо нявеста! I ведаеш, хто жаніх? Ніколі не ўгадаеш!