— Не ведаю, што гэта, але мяркуйце самі: калі такая дрэнь пасялілася і жыве ў мяне ў галаве, як я магу ажаніцца з Мілаю? I жыць потым, ірвацца некуды і невядома чаго хацець? Жаніцца я павінен чысты — у тым сэнсе, што ў мяне павінна быць чыстая душа; я павінен быць упэўнены, што ў бруд мяне больш не пацягне, я з уласнага вопыту ведаю, што па чым, і тады я змагу аддаць Міле ўсяго сябе, дарэшты… Пакуль жа мяне нешта мучае, я хачу знайсці прычыну і пазбавіцца ад яе.
— Фрэйдызм, — канстатаваў Сымон.
Ізноў выпілі, на гэты раз многа, амаль па поўнай шклянцы, ізноў пабег да стойкі Васіль…
Вінярскі нечакана для сябе раптам заспяваў:
— Ці помніш ты, Жана, шчаслівы мамэнт…
Стары адразу ж падцягнуў:
— Як граў раз на дудцы нябожчык Вінцэнт…
«Гэта проста нейкі гімн іхні… Ах, што за цікавыя людзі! Як добра, лёгка з імі!..»
Калі Васіль вярнуўся са звычайным сваім наборам, Вінярскага ўжо зусім развезла — і ад таго, што вопыту такога, як у сваіх новых кампаньёнаў, не меў, і ад духаты — ён так і не здымаў куртку. Колькі яшчэ пілі і пра што гаварылі Васіль з Сымонам, ён не ведаў, бо проста заснуў. Апамятаўся ён на вуліцы, у прыцемках. Васіль, трымаючы яго пад пахі, саджаў у машыну.
— Дзе ты жывеш?
— У… Вяснянцы, — ледзь прагаварыў Вінярскі.
— Ну і добра… Па дарозе.
Даехалі хутка, выбраліся з таксі каля нейкага пад’езда. Васіль паспрабаваў завесці Вінярскага ў гэты пад’езд, Вінярскі заўпарціўся.
— Я ведаю, куды ты мяне вядзеш! — упіраўся ён. — Але ўсё роўна люблю цябе… Гадзіннік прапіў… Ты — будучы наш гонар! — казаў ён Сымонавымі словамі і чамусьці ніякіх іншых не мог падабраць. — Н-на!.. — дастаў і пачаў піхаць у рукі Васілю пакунак з далярамі, — і адпусці мяне…
Той узяў пакунак, плюнуў:
— А, чорт з табою!.. Не хочаш, не трэба, — і пайшоў у пад’езд.
Вінярскі пастаяў, паазіраўся. Усе аднолькавыя вокны свяціліся, было халаднавата.
— Так — там кальцо, там — гастраном… Дык я недзе каля Жанінага дома! Значыць, мне туды.
Ён паплёўся на вуліцу і не паспеў выбрацца з-за дома, як ледзь не стукнуўся аб міліцэйскую «Волгу» з мігалкаю. Машына стаяла за вуглом, на тратуары. Яго заўважылі, дзверцы адчыніліся:
— Хадзі сюды!
Ён ступіў, стараючыся не хіснуцца, але, відаць, ад гэтага перабольшанага старання так хіснуўся, што ледзь не ўпаў.
— Што, паддаў? Дай закурыць, — папрасілі ў машыне. (Міліцыянеры заўсёды так робяць, каб праверыць, наколькі чалавек адэкватны.)
Вінярскі ляпнуў па кішэнях — пуста, якія там цыгарэты, усе скурылі ў кавярні. А мог бы аддаць пачак, як вучыў Васіль, і адмазацца…
— Я з пахавання… іду, — сказаў ён, нібы просячыся, замест таго, каб сказаць, што цыгарэт няма.
— Ну і што? Заблудзіўся?
— Не!
— Дзе ты жывеш?
— Каля фінскай запраўкі, — ён назваў дом і кватэру, але сам не быў упэўнены, што называе правільна.
— Добра, сядай.
Ён пакорліва залез на задняе месца, «Волга» развярнулася і паехала ў двары.
— Што вы пілі хоць? — спытаў міліцыянер за рулём, і ў яго голасе Вінярскаму пачулася зайздрасць.
— Гарэлку, — адказаў ён, цверазеючы з кожнай хвілінай, — водку, тоесть.
Ён сабе не паверыў, калі неўзабаве машына спынілася каля яго дома, доўга потым глядзеў у прахадны двор, куды, высадзіўшы яго, паехала «Волга». Затым няўмела перахрысціўся. «Хто ведае, што было б, калі б не аддаў Васілю даляры?!» — зусім ужо цвяроза падумаў ён.
Ў тую ноч Вінярскі спаў як забіты і прачнуўся з яснай, лёгкай галавою — радасны, дужы, адчуваючы ў сабе невядомую раней вольнасць; прачнуўшыся, успомніў учарашні вечар, як перадаў Васілю грошы, як яго адпусцілі, п’янага, міліцыянеры і як пасля таго нібы камень зваліўся з душы. Быццам не ад даляраў пазбавіўся, а ад жывой гадзюкі ў пакунку, якую вымушаны быў насіць за пазухай.
X
Сюды, у Вяснянку, Васіль, які за два гады пасля ўніверсітэта стаміўся цягацца па чужых людзях, перабраўся не так даўно, і перабраўся з вялікай радасцю. За кватэру трэба было плаціць большую частку яго карэктарскай зарплаты, затое — адзін, сам сабе гаспадар. Да таго ж у іх з Мілаю яшчэ пры жыцці Стэльмаха было вырашана, што ўвосень, калі Міла паступіць вучыцца, яны пажэняцца і ён пераедзе да Стэльмахаў (цяпер, пасля смерці Івана Змітравіча, гэтая жаніцьба, вядома, на пэўны час адкладвалася).
Кватэра была двухпакаёвая, і Васіль плаціў за яе як за двухпакаёвую, хоць на самай справе адзін пакой быў зачынены на ключ — там захоўваліся рэчы і мэбля гаспадароў. У другім, дзе ён жыў, абстаноўка была спартанская: ложак, два чамаданы ў адным кутку, звязкі кніжак, папкі з паперамі — у другім. Пісаў Васіль на падлозе, лежачы на жываце, альбо на кухні, дзе быў столік і табурэт. Сябры, калі заходзілі ў госці, хвалілі яго і называлі такую абстаноўку «нармальнай творчай», затое Міла заўсёды жахалася і кожны раз упрошвала яго забраць ад іх і перавезці сюды хоць бы стары стол, які, разабраны, ляжаў у Стэльмахаў на балконе — яго трэба было толькі трошкі падрамантаваць. Васіль, смеючыся, адмахваўся, казаў, што на падлозе лепш пішацца…