Выбрать главу

Але трэба было дзейнічаць. Гэта быў ужо апошні этап. У адзін з вечароў я рашыўся: расказаў пра ўсё жонцы. Неверагодна, але калі ўсё выяснілася, яна, бедная, абняла мяне і заплакала… ад радасці! Яна называла мяне самым лепшым у свеце мужам і бацькам… Гэта надало мне новыя сілы.

Як мы збіралі, як ашчаджалі кожную капейку!.. Як я часамі проста ўпадаў у адчай, бачачы, што вакол раскідваюцца направа і налева без усялякай, як мне здавалася, карысці дзесяткі, сотні, тысячы, а цяпер — і мільёны!.. Страшна ўспомніць, але разоў колькі я на поўным сур’ёзе абдумваў, дзе б украсці, каго б абрабаваць… I толькі жонка суцяшала мяне, падбадзёрвала, памагала перабыць такія хвіліны.

I вось учора, калі мне выплацілі нечакана высокія адпускныя, прагрэсіўку, прэмію, калі я памяняў гэта на даляры і вечарам падлічыў усё, што ёсць, я ўбачыў — хопіць. Цяпер хопіць і на білеты, і на аперацыю, і на абслугу. Вось яны!..

Іван Змітравіч дастаў з-пад стала чорны пластмасавы «дыпламат», і, калі адчыняў замкі, яго вялікія далоні з валасатымі пальцамі дрыжэлі.

— Вось!.. Ён выцягнуў з «дыпламата» цэлафанавы пакет, у якім было нешта квадратнае, падобнае на дзве цагліны, узважыў у руцэ, потым паклаў назад, у «дыпламат», і пстрыкнуў замкамі.

— Спытаеш, чаму такія грошы я хаваю тут? — сказаў Іван Змітравіч. — А дзе ж?! Ты не паверыш, але праблема была не столькі збіраць, колькі недзе хаваць. З самых першых месяцаў у мяне ўзнікла манія падазронасці — пачало здавацца, што за мною сочаць. Я хаваў грошы ў кватэры, у прыбіральні, пад ваннай, у спальні, але па некалькі разоў на ноч прачынаўся і бег глядзець, ці на месцы яны. Спрабаваў вазіць чамаданчык з сабой на працу і назад, але ў тралейбусе мне здавалася, што на чамаданчык пачынаюць глядзець адразу некалькі падазроных чалавек. Даводзілася хітраваць, збіваць іх са следу, выходзіць, то пераязджаючы свой прыпынак, то недаязджаючы… Спрабаваў здаваць на вакзале ў камеру захоўвання, але ў тую ж ноч не вытрымаў — прыбег і забраў назад. Урэшце мне прыйшло ў галаву — кабінет! I ніхто не здагадаецца! Каму прыйдзе ў галаву шукаць грошы ў клініцы, якая да таго ж на ноч замыкаецца, дзе цэлую ноч сядзяць дзяжурныя ўрачы? Пакінуўшы тут грошы адзін раз, я нарэшце зразумеў, што знайшоў надзейную схову. Я ўпершыню тады спаў спакойна.

— Нашто мне ўсё гэта ведаць? — злосна спытаў раптам Вінярскі. Да гэтага ён моўчкі слухаў Стэльмаха і барабаніў па стале сваімі прыгожымі пальцамі.

— Каму ж, як не табе?! — здзіўлена ўсклікнуў Іван Змітравіч. — Няўжо ты мог падумаць?!.. Тым больш усё — больш хавацца няма патрэбы. Усё ўладкавана! Аднак я не буду спяшацца — з заўтрашняга дня адпачынак, часу хапае. Чакаў і болей. Я яшчэ раз усё пранюхаю, пераправеру — як стары біты сабака… Мы з жонкай падрыхтуем Мілачку, я куплю білеты…

Іван Змітравіч задумаўся і засмяяўся, потым падсунуў да шафы крэсла, стаў на яго, адчыніў верхнія створкі антрэсоляў і запіхнуў «дыпламат» пад стос старых папак. Паставіў крэсла на месца і па-змоўніцку падміргнуў Вінярскаму.

Дзверы зноў расчыніліся, на гэты раз без стуку, і ў кабінет заглянуў загадчык аддзялення Сцяпанаў.

— Ну што? — сказаў ён і пастукаў пальцам па гадзінніку.

Стэльмах хутка сабраў гісторыі хворых, Вінярскі — рэнтгенаўскія здымкі, і дактары пайшлі на абход.

III

А шостай гадзіне вечара Вінярскі, апрануўшы свой доўгі белы плашч, з парасонам пад пахай, праз галоўны корпус — так было бліжэй да прыпынку — выйшаў на вуліцу. Дождж перастаў, хмара сплывала за Мінск. Адна палавіна вуліцы, у тым баку, адкуль павінен пад’ехаць тралейбус, была асветленая нясмелым пакуль сонцам — так бывае позняй восенню, калі сонца то зырка блісне, то зусім схаваецца; але паступова паласа шырэла, святлела, набягала сюды, на прыпынак. Вось сонечны промень зіхнуў, адбіўся ад пярэдняга шкла тралейбуса, які выплыў з-за павароту… Вось тралейбус спыніўся, густа плюхнуўшы вадой з калюжыны на ногі тым, хто тоўпіўся блізка, вось натоўп паваліў у яго, аж затрашчалі дзверы, а сонечная паласа пабегла і пабегла сабе далей, заліваючы святлом паўгорада.