Галава проста трашчала, свярбелі скроні і шыя. Ён устаў, выйшаў у залю — бацькі толькі што павячэралі і глядзелі тэлевізар, — дастаў з аптэчкі ўпакоўку мепрабамата, вярнуўся і выпіў таблетку, пасядзеў трохі і выпіў другую. Каб лепш падзейнічала, пачаў чытаць на ўпакоўцы: «Здымае пачуццё страху, трывогі, супакойвае… Рэкамендуецца перад аперацыямі…»
«Дачцэ Стэльмаха патрэбна аперацыя», — падумаў ён і пачаў лічыць — марудна, заплюшчыўшы вочы: раз… два… Далічыў да 60, глянуў на гадзіннік — адна хвіліна прайшла. Такіх 60, і будзе гадзіна. А ўсіх гадзін — дваццаць чатыры. 60 памножыць на 24…
Раптам ясна падумалася, што ніколі не выбрацца яму ні за якую мяжу, а будзе ён проста хадзіць і ездзіць з дня ў дзень, з месяца ў месяц у сваю клініку, будзе не любіць сваіх пацыентаў і ўсіх вакол, слухаць Стэльмаха і злавацца на яго, будзе да канца жыцця марыць пра свой домік, гарадок з чарапічнымі дахамі, клумбы з ружамі, з часам зробіцца такім, як Стэльмах… Але вось жа! Цяпер такая перспектыва не толькі не спалохала яго, а здалася раптам проста шчасцем — ціхім, спакойным…
V
Белы, з сінімі плямамі на шчоках, трымаючыся за сэрца, Іван Змітравіч паўтараў і паўтараў сваімі адвіслымі дрыготкімі губамі:
— Ай-яй, што ж гэта я?.. Нашто ж я так?..
Яны з Вінярскім сядзелі побач на крэслах каля сцяны. За акном ізноў было цемнавата, церусіў дождж, у кабінеце ізноў гарэла лямпачка. Следчы — малады, прылізаны, ветліва-жорсткі капітан — сядзеў за сталом Вінярскага і пісаў. Тоўсты, як бочка, міліцыянер у фуражцы аглядаў падаконнік. Маленькі, спалоханы загадчык аддзялення Сцяпанаў стаяў каля дзвярэй, трымаючы рукі ў кішэнях халата, а за Сцяпанавым, у самым парозе, — санітарка, яшчэ ніжэйшая ростам за галоўнага хірурга. Пазіраючы на іх, асабліва на Сцяпанава, заўсёды такога ветлівага, ціхага, Вінярскі падумаў, што вось-вось не вытрымае ўсяго гэтага і прызнаецца — не ад таго, што так страшна бегала па паперы рука следчага, не ад рухаў каля акна тоўстага міліцыянера і нават не ад таго, што Стэльмах толькі што пры ўсіх расказаў сваю гісторыю і яму, безумоўна, паверылі, — Вінярскаму захацелася прызнацца ад жалю і скрухі, якія ён бачыў у вачах Сцяпанава і санітаркі, калі тыя на яго глядзелі…
— Вы можаце ісці, — сказаў капітан, не падымаючы галавы, але ўсе зразумелі, каго гэта тычыцца, і санітарка выйшла, а следам, спатыкнуўшыся, бокам вылез Сцяпанаў.
Міліцыянер скончыў агляд і павярнуў да следчага свой пляскаты, бы аладка, абыякавы твар.
— Што, з кабінета ламалі? — спытаў следчы.
— Адсюль. З сярэдзіны ўсё вывернута. На падаконніку нават следу няма.
Міліцыянер зняў фуражку, абапёрся шырокай задніцай на падаконнік.
— Стэльмах (Іван Змітравіч зрабіў спробу ўстаць, капітан кіўком далоні паказаў, што можна сядзець), я буду зараз чытаць, а вы папраўляйце. I так, сёння, каля сямі нуль-нуль гадзін раніцы, вы адначасова з санітаркай Зінько Марыяй Зыгмундаўнай, полькай, 37-га года нараджэння, беспартыйнай, несудзімай, зайшлі ў свой кабінет і ўбачылі, што акно прачыненае…
— Так. Я яшчэ з двара ўбачыў, што нешта не тое, сэрца торгнулася. Я ж тут кожную трэшчынку ў сцяне ведаю, кожнае акенца — усё ж трыццаць гадоў, як хаджу гэтым дваром…
Вы падышлі да падаконніка і ўбачылі, што выламаныя шпінгалеты. У кабінеце вы хавалі грошы… у якой колькасці?
— Я называў ужо…
— Паўтарыце яшчэ раз. Якімі купюрамі і ў якой колькасці?
— Амерыканскімі далярамі.
— У якой колькасці?
Стэльмах чамусьці зірнуў на Вінярскага і другі раз за сённяшні ранак назваў суму. Вінярскі сядзеў, не ведаючы, на якім ён свеце. Галава балела і кружылася. Міліцыянер, пачуўшы суму, прысвіснуў.
— Перад гэтым вы расказвалі пра грошы Вінярскаму, хірургу-асістэнту, больш пра месца знаходжання грошай ніхто не ведаў.
— Ніхто…
— I ў вас ёсць падазрэнне, што грошы ўзяў менавіта Вінярскі. Вы хочаце ўзбудзіць супраць яго крымінальную справу?
— Так, — прашаптаў Стэльмах.
— Напішыце ўнізе — «з маіх слоў запісана правільна», і пастаўце аўтограф.
Рука ў Стэльмаха так дрыжэла, што следчы прамовіў:
— Спакойней, не вы ж укралі, а ў вас. Цудоўна… Вінярскі — імя, імя па бацьку. Год нараджэння, дата, месца. Нацыянальнасць. Хатні адрас. Ці былі судзімасці? Прыводы ў міліцыю?