Выбрать главу

– Куды паедзем?

– У Брэст-над-Бугам. Яшчэ пытанні ёсць?

– Няма, – адказаў Тадзік, помнячы, што Маўчун балбатлівых не любіць.

Праз паўтары гадзіны брыгада рабочых з будаўнічай фірмы "Цагліна" рухалася на ўсход у агульным цягніку разам з іншымі цывільнымі людзьмі. У Цярэспалі гітлераўскія памежнікі праверылі ў будаўнікоў дакументы і дазволілі ехаць далей.

Тэрыторыю Палесся немцы падзялілі на тры часткі, якія ахоўваліся межамі. Беласток і паўночная тэрыторыя аказаліся далучанымі да Прусіі, уся паўднёва-ўсходняя частка з Брэстам, Кобрынам, Пінскам, Лунінцам, Камень-Кашырскім і Столінам уключана ў склад рэйхскамісарыята Украіна, паўночна-ўсходняя частка належала рэйхскамісарыяту Остланд. У кожным з гэтых адміністрацыйных утварэнняў былі абавязковыя, розныя на выгляд, асабістыя дакументы: пасведчанні, пропускі і г.д., хадзіла таксама свая валюта. Па рацэ Буг пралягала мяжа з Генеральным Губернатарствам.

Пасля праверкі брыгада разняволілася. Адзін з хлопцаў з вострым задраным носам зірнуў на Тадзіка і спытаў:

– А што гэты юны дойлід набудуе? Ці будзе, як у той показцы: зрабілі два муляры печ, адзін кажа: "Трымай мур, а я пайду па пянёндзы".

– Я падсобнік, толькі і ўсяго, – азваўся Тадзік.

Маўчун кінуў на гаваруна строгі позірк, і той адразу змок.

На Прывакзальнай плошчы ў Брэсце брыгадзір наняў вазніцу і загадаў ехаць у маёнтак Рута. Рушылі на сялянскім возе. Сельскагаспадарчыя працы ўвосень заканчваліся і, пэўна, некаторыя сяляне трохі зараблялі рамізніцтвам, такім чынам выкарыстоўваючы сваіх коней. Праехалі праз мост над чыгункаю і адразу апынуліся ў цэнтральнай частцы горада, забудаванай прыгожымі камяніцамі. Бадай, Брэст быў вельмі падобны на Беласток. Колы грукацелі па брукаванай вуліцы, вазок дробна трэсла. Павярнулі направа – убачылі парк за высокаю агароджаю, прыгожую царкву з залатымі купаламі, а проста за ёю сцены турмы, уверсе аблямаваныя клубкамі калючага дроту. На гэтай вуліцы Тадзік некалі быў з бацькам, калі прыязджалі на кірмаш. Ён адразу пазнаў прыземістую будыніну гандлёвых радоў. Абапал вуліцы зноў пацягнуліся пераважна мураваныя дамкі, пафарбаваныя ў розныя пастэльныя колеры, аднапавярховыя, невялікія, па ўсім было відаць, што належалі яны не надта багатым гараджанам. Пасля таго, як праехалі яшчэ адзін мост ва ўсходняй частцы горада, зразумелі, што трапілі ў прыгарадную вёску, дзе пераважалі драўляныя хаткі з саламянымі стрэхамі, але зрэдку сустракаліся асабнякі, мураваныя з цэглы. Платы і хаты былі пабеленыя ў белы колер і выглядалі па-святочнаму чыста і прыгожа.

Адразу за вёскаю разлеглася нуднае балота з купінамі і бародамі зжаўцелай асакі, з рэдкімі крывымі дрэўцамі, якія сіліліся разнастаіць панылы краявід. Уся прастора акалялася сінім шлякам лесу, звыклым для тутэйшага жыхара. Аднак ехаць на возе ўсё ж значна весялей, чым ісці пешкі. Вунь зводдаль узнікла іншая вёска, мінула трохі часу – і яна ўжо засталася далёка ззаду. А ты ўсё едзеш у прадчуванні навізны і непаўторнасці да пэўнай мэты. І на сэрцы лёгка і радасна, бо чалавечая душа, звыклая вандраваць у марах, у рэальнасці з задавальненнем успрымае перамяшчэнне ў прасторы.

Маёнтак Рута хаваўся за высокім гаем, абгароджаны штыкетнікам з вялікімі варотамі, за якімі быў бачны аднапавярховы панскі дом з дзвюма калонамі ля галоўнага ўваходу. Побач стаялі яшчэ нейкія пабудовы, мусіць, гаспадарчага кшталту. Вазніца сказаў, што прыехалі на месца, маўляў, тут жыве пан Франц Руткоўскі, гэта яго сядзіба. Узяў плату, пачакаў, пакуль пасажыры пазабіраюць з воза рэчы, і павярнуў у зваротны шлях. Брыгада ўвайшла ў прыадчыненыя вароты і падалася да будынка. Ад гаспадарчых пабудоў ім насустрач выйшаў высокі рыжаваты мужчына ў чорным галіфэ і шэрай свіце, у картузе, ссунутым ледзь не на патыліцу. Пан Стэфан павітаўся з чалавекам за руку і сказаў:

– Прыехалі будаўнікі з Беластока.

– Даўно чакаем… Мяне завуць Альберт, працую аканомам у маёнтку пана Руткоўскага. Пойдзем, пакажу, дзе будзеце жыць і харчавацца, – прапанаваў ён і пакрочыў наперад.

– А дзе ж сам пан Руткоўскі? – пацікавіўся Маўчун, на твары якога ўпершыню за ўвесь час з’явілася ветлівая ўсмешка.

– У Берасці, на службе. Ён працуе раённым гебітскамісарам. Так што ўсё ў нашых руках, – задаволена засмяяўся Альберт.