Выбрать главу

– Будзе зроблена, пан Стэфан.

Маўчун дастаў каліту, адлічыў некалькі купюр і падаў Вітольду. Той падзякаваў і схаваў грошы ў кішэню.

– Тадэвушу грошы без патрэбы, ён застаецца на ўтрыманні пана Руткоўскага, – працягваў брыгадзір. – Што датычыцца Чэслава і Мар’яна, дык з гэтымі хлопцамі мы ўсе праблемы будзем вырашаць сумесна ў працэсе дзейнасці. Дзве гадзіны на зборы. На кухні трэба атрымаць сухі паёк і ўпакаваць у заплечнікі. Нічога лішняга не браць, бо ўсё гэта давядзецца несці на сабе. Ну, з Богам!

Па абедзе Маўчун, Баркун і Багун рушылі ў дарогу. Базан і Чмель правялі іх далёка за межы маёнтка, ажно да лесу, дапамагалі несці рэчы. Развіталіся на ўзлеску. Хутка постаці паплечнікаў зніклі за дрэвамі. Пад нагамі шаргацела апалая лістота. Неба па абедзе праяснілася, з-за хмары асцярожна выглянула сонца. У ягоным святле пажаўцелыя дрэвы выглядала асабліва яскрава. Тадзіку было крыўдна, што пан Стэфан не ўзяў яго з сабою, але ён маўчаў, не выказваў нездаволенасці, каб не сказалі, што Базан капрызны, як малое дзіця, а таму рана яму яшчэ браць у рукі зброю і змагацца з ворагамі. Менавіта пра зброю найболей марыў хлопец. Калі б мець хоць які-небудзь пісталет, дык ужо адчуваў бы сябе больш упэўнена. Можна было б у тым жа Брэсце высочваць немцаў па адным увечары і адстрэльваць, як шалёных сабак. Пра жаданне займець зброю ён сказаў Чмялю. Той толькі пасміхнуўся ў адказ і з гонарам дастаў з кішэні рускі наган:

– Ух ты! – здзіўлена ўскрыкнуў Тадзік. – Дзе раздабыў?

– Сакрэт…

– Давай пальнем!

– Патронаў мала, усяго тры. Дастань патронаў, дык пастраляеш.

– Добра, буду мець на ўвазе. Паслухай, калі ў нас няма зброі і ўзрыўчаткі, дык як мы будзем змагацца з немцамі?

– Усё будзе. Прыйдзе дапамога з Англіі.

– Калі тое будзе, а зброя нам патрэбна цяпер.

– Ёсць тысяча адзін спосаб здабычы зброі: забраць у некага, украсці, сабраць самому з падручных матэрыялаў, купіць і гэтак далей.

– Я думаю, што мне не варта сядзець пры маёнтку, а трэба таксама ехаць у Брэст, каб неяк вырашыць гэтае набалелае пытанне.

– Ты не маеш права парушаць загад брыгадзіра, бо ва ўсялякі момант можаш спатрэбіцца ў якасці сувязнога. Ну, чаго скіс? – Чмель паклаў руку на плячо Тадзіка, зазірнуў у пахмурны хлапечы твар і суцешыў. – Не бядуй, абжывуся ў горадзе, дык што-небудзь прыдумаю. Сам разумееш, наган – зброя не надта надзейная. Трэба мець аўтамат. Кулямёт таксама быў бы не лішні. Узброімся з часам, не ўсё адразу. Нам трэба абсталяваць базу, набраць людзей, стварыць сапраўдныя партызанскія атрады, а пасля і фашысцкі гарнізон можна браць…

– Твае словы ды Богу ў вушы, – адказаў Тадзік, які паверыў Вітольду і супакоіўся з надзеяй, што сапраўдная барацьба з фашыстамі чакае наперадзе, трэба толькі набрацца цярплівасці і не сядзець бяздумна, а дзейнічаць, разлічваючы за два крокі наперад.

7

На другі дзень Вітольд разам з панам Руткоўскім паехаў Брэст. Тадзік застаўся адзін. Аканом убачыў, што хлопец нудзіцца без справы, прапанаваў яму малаціць жыта на таку. І той згадзіўся, разумеючы, што трэба хоць харчы адпрацоўваць, толькі спытаў у Альберта:

– У які дзень вам вяскоўцы прыводзяць жывёлу на здачу?

– Звычайна па серадах.

– Тады мне трэба будзе пагутарыць з людзьмі. Такое ў мяне заданне, – паважна сказаў Тадзік.

– Калі ласка, рабі, што хочаш, толькі нікому не расказвай пра сваё заданне і пра таго, хто табе яго даў.

– Што вы, пан Альберт, ці ж я не разумею? Я толькі вам, бо вы ж павінны ведаць…

– Па цяперашнім часе лепш нічога не чуць, не бачыць і не ведаць, ці хаця б рабіць выгляд, што гэтак жывеш, дык спакайней будзеш спаць.

Тадзік зразумеў, што аканом, мусіць, занадта баязлівы, таму пан Руткоўскі не давярае яму ніякіх сакрэтаў. Альберт – усяго толькі слуга. Тадзік пашкадаваў, што раскрыўся перад аканомам і надалей вырашыў больш ніколі язык не распускаць, а пайшоў на ток, узяўся за працу, думаючы, хутчэй бы ўжо наступіла тая серада. Успаміны перанеслі яго ў родны дом. Згадалася мама. Яна, напэўна, хвалюецца, але ж сын напісаў ёй, што пайшоў бараніць Радзіму. А больш ён нічога не мог ёй сказаць, бо і сам не ведаў, што яго чакае.