Выбрать главу

– Ну што, Птах, праведаем родных?

– Трэба было б, – азваўся хлопец, але Варнак будзе сварыцца.

– А ты думаеш ён сам пройдзе міма роднай вёскі?

– Не ведаю… Ён такі зацяты…

– Чалавек ён неблагі, толькі камандзірскія абавязкі вымагаюць ад яго быць патрабавальным, а часам нават жорсткім.

Птах быў трохі маладзейшы за Удода, яму толькі споўнілася васямнаццаць гадоў, таму хлопца адразу прыклікалі ў ваенкамат, але якраз на той час у вёсцы быў Варнак і ўгаварыў навабранца ісці да яго, а не ў Чырвонцую армію, пры гэтым гарантаваў цікавае і насычанае прыгодамі жыццё. А галоўнае, пераканаў Птахавых бацькоў, што хлопцу сярод казакоў нішто не пагражае, а там, на вайне, такому неабстралянаму ніяк не выжыць. Нават псеўданім прыдумаў навабранцу самы просты, бо ўжо перабыло сярод украінскіх паўстанцаў птахаў самай рознай масці: чаек, сокалаў, орлікаў, гракоў, крумкачоў і іншых, толькі проста птаха яшчэ не было.

– Слухай, а дзе твая стрэльба? Ты чаго з пустымі рукамі?

– Кінуў у балоце. Яна цяжкая, халера, замінала ўцякаць.

– Ты ж не кажы Варнаку, што знарок кінуў, скажы, што шуснуў у балотнае акно, сам ледзьве выкараскаўся, а зброя там засталася. Прыдумай што-небудзь, бо ён і застрэліць можа за страту вінтоўкі, – папярэдзіў Сяргей. – І ніколі не кідай зброю, бо чым будзеш ваяваць ды бараніцца?

– Не ведаю, што і рабіць. Не жадаю ваяваць, – разгублена адказаў юнак. – Хачу дадому, ваўком гатовы выць…

– Я таксама спачатку па дамоўцы вельмі сумаваў, а пасля прывык.

– І што гэта за жыццё? На цябе палююць, як на дзікага звера. А ты сядзіш у лесе, зубамі ад голаду клацаеш, або людзей аббіраеш, каб самому пракарміцца.

– Яны абавязаныя нас карміць. Мы змагаемся за іхнюю волю.

– Хіба яны нас прасілі? – абурана спытаў Птах.

– Не мы з табой гэтае жыццё прыдумалі, не нам яго перайначваць, – задуменна сказаў Сяргей. – Ці ж я хацеў ісці ў лес? Калі хочаш ацалець, мусіш хавацца.

Ён паглядзеў на дрэвы, якія за некалькі дзён акрыялі, асцярожна зазелянелі, выпусцілі першыя лісточкі і, здавалася, самі сабою любаваліся. Зноў пачыналася вясна, якая несла сялянам клопаты, звязаныя з сяўбою. Як маці ўправіцца? Каб хоць памагчы ёй бульбу пасадзіць, дык будзе чым самой пажывіцца зімою, ды мо якога парсючка выгадуе. Хоць вынік адзін: кармілі нямецкае войска, цяпер давядзецца ўтрымліваць савецкае.

– Бачыш, пакуль мы ад чырвоных хаваліся, дык і вясна настала, – сказаў Сяргей.

– Пара нам, Удод, гнёзды віць, – пасміхнуўся Птах.

З лесу яны нарэшце выбавіліся на непралазнае балота, якое трэба было абысці, забіраючы трохі ўлева, а там ад Хвядосавага хутара павіна быць грэбелька з масточкамі ды кладкамі, якія звычайна размываліся ў паводку, але зноў і зноў ладзіліся гаспадарамі, каб мець магчымасць выбірацца да сваякоў у вёску ці на суседнія хутары. Сяргей добра ведаў ваколіцы роднай вёскі. Ці мала пахадзіў тут у маленстве, калі ганяў на пашу кароў, зграбаў сена, рубаў маладыя алешынкі на дровы ці рэзаў лазу на кашы. А яшчэ ж былі вандроўкі ў лес па чарніцы, брусніцы, ажыны, суніцы, грыбы, арэхі, а на балота – па журавіны. У копанках, балацянках, канавах лавілі ўюноў. А гэта быў ласунак адмысловы, безумоўна, калі не згадваць, як падскоквае гэтая дзіўная рыба, падобная на змей, на патэльні, быццам грэшнікі ў пекле. Кожная мясціна нагадвала Сяргею ягонае не такое і далёкае маленства.

Каля Хвядосавага хутара яны заўважылі дзяцей, не жадаючы трапляць на вочы людзям, абышлі сядзібу праз карчы. А грэбелька сапраўды знайшлася. Была яна спраўная, праўда, з мокрымі, коўзкімі кладкамі, таму хлопцы для падтрымання раўнавагі выламалі сабе па жэрдцы з кволых бярэзінак, якія там-сям тырчэлі на купінах, жадаючы неяк існаваць у гэтым асяродку, не надта прыдатным для іхняга жыцця. Хутка і без перашкод пераадолелі балота, праўда, Птах усё ж адзін раз па пояс уваліўся ў багну, вылез запэцканы тванню, якую немагчыма ададраць, хіба толькі добра памыць адзенне. Было яшчэ далекавата да вечара. Хлопцы вырашылі ўвайсці ў вёску поначы. Каб не трапляць лішні раз на вочы аднавяскоўцам. На ўзлеску сушылі адзенне і абутак, трывалі голад, толькі папілі трохі вады з ручаінкі, спадзеючыся, што родная – не атруціць. Ад няма чаго рабіць палеглі проста на добра ўгрэтай зямлі падрамаць ды так і праспалі да вечара. Калі ледзь сцямнела, рушылі ў вёску. Кожнаму хацелася хутчэй убачыць родную хату, таму ішлі моўчкі, не размаўлялі, толькі ўважліва глядзелі ўперад ды па баках, каб не нарвацца на якую засаду. Вёска сустрэла іх звычайным рэдкім брэхам сабак. За клунямі хлопцы разышліся ў розныя бакі, толькі абмяняліся поціскамі рук.