Выбрать главу

– Я па цябе зайду, – сказаў Удод.

– Добра, – адказаў Птах і пашыбаваў у процілеглы бок.

Сяргей подбегам кінуўся да сваёй хаты, адчуваючы нясцерпнае жаданне хутчэй пераступіць родны парог. У вокнах было цёмна. Дзверы ў сенцы не замкнёныя. Ён увайшоў у хату, убачыў, што маці ляжыць на запечку апранутая.

– Добры вечар у хату, – павітаўся ён ціха.

– Хто там? – спытала маці.

– Гэта я, Сяргей.

– Хто такі?

Голас маці прагучаў абыякава. Сяргей запаліў газавую лямпу. Думаючы, што маці сама ўбачыць яго і ўзрадуецца, а яна зноў спытала:

– Хто ты такі?

– Сын твой, мама.

– Ты не Кастусь, хто ты?

– Што здарылася, мама?

Жанчына села на запечку, узіралася ў твар сына.

– Косцік ліст прыслаў, – яна паказала вачамі паперку на стале.

Сяргей прабег вачамі паперку, у якой паведамлялася, што ягоны брат прапаў без вестак. Маці была непісьменная. Мо яна не ведае, што тут напісана.

– Мама, можа, наш Кастусь яшчэ знойдзецца…

– Хто ты, чалавеча, што табе тут трэба? – спытала жанчына.

– Я твой сын Сяргей.

– А хіба ў мяне ёсць Сяргей? Я ведаю толькі Кастуся. Хутка ён вернецца – і будзе мне палёгка. Як мы добра зажывём…

– А дзе нявестка, дзе Кастусёва жонка?

– Пайшла да доктара, ці што… Не ведаю… Мусіць, яна захварэла. А ты ідзі прэч…

– Мама, які доктар сярод ночы?

Жанчына злосна паглядзела на сына. Страшная здагадка ўсхвалявала Сяргея, але ён яшчэ не даваў веры сваім прадчуванням, таму сказаў:

– Я зараз, пачакай…

Ён выйшаў з хаты і спыніўся ў нерашучасці, раздумваючы куды падацца. Перабег вуліцу, пастукаў у цёмнае акно дзядзькі Пракапея.

– Хто там? – спытаў стары.

– Сяргей, ваш сусед…

Пракапей пазнаў яго па голасе, адчыніў дзверы, выйшаў на ганак, павітаўся:

– Даўно цябе не бачыў! Ой, даўно!

– Дзядзька Пракапей, што з маёй маці?

– Захварэла на галаву. Як атрымала паведамленне, што Кастусь прапаў, дык перастала людзей пазнаваць.

– А дзе ж наша нявестка?

– Пабегла да Цупрыяніхі, каб пашаптала. А калі тыя шэпты не памогуць, дык заўтра павязу яе да дактароў. А як ты?

– Ды я нічога, а маці шкада.

– Што ж ты думаеш, Сяргей, як тваёй маці было перажыць столькі бяды? Старэйшага сына забілі, ты – невядома дзе, а тут і малодшанькі згінуў. Як такое вытрываць? Хоць жывой у магілу лезь. Вось свядомасць і адключылася, каб зусім не сканаць ад гора.

– Што ж мне рабіць? – сам у сябе спытаў Сяргей.

– Заставайся ды дапамагай тут.

– Нельга мне, нявольны я чалавек, гэта па-першае, а па-другое, чырвоныя ці іхнія памагатыя ўсё роўна дазнаюцца, і жыцця мне не будзе.

– А вы як маецеся?

– Усё па-старому. Улады мяняюцца, а мы імкнёмся жыць, як было раней. Толькі, на вялікі жаль, нічога ў нас не атрымліваецца.

– Дзякую, дзядзька Пракапей, хоць вы мне расказалі, што адбываецца. Я сам ледзь не звар’яцеў, калі ўбачыў, што маці мяне не прызнае. Бывайце…

– Шчасліва табе, Сяргей.

Удод вярнуўся ў хату, убачыў, што маці зноў ляжыць на запечку. Сеў на лаву, каля парога, вырашыў дачакацца нявестку, каб распытаць, што ды як, а пасля зноў надоўга развітацца, бо нічым ён не мог памагчы хворай маці, хіба паплакаць разам з ёю. Падумаў яшчэ, што трэба зайсці да цёткі Куліны і расказаць ёй пра матчыну хваробу, мо яна што парадзіла б, хаця безумоўна, толькі лекары могуць разабрацца з псіхічнаю хваробаю. А зрэшты, каб раптам вярнуўся Кастусь, дык мо яна адразу ачуняла б, ды толькі, дзе згінуў малодшы брат, ніхто не ведае, нават тыя, з кім ён ваяваў. "А зрэшты, навошта мне чаго чакаць? – раптам падумаў ён. – Толькі лішнія жаночыя скавытанні слухаць. Разбяруцца тут неяк без мяне, чым я памагу?" Ён падняўся і ціха выйшаў з хаты, накіраваўся да Птаха.

Яму адчыніў Птахаў бацька і сказаў:

– Не пушчу больш сына з табою.

– А што ж ён будзе рабіць?

– Здавацца будзе. Вайна заканчваецца, няхай ідзе ў войска, ваяваць яму ўжо не давядзецца. Ці чуў? Саветы – у Берліне!

– Ці даруюць яму, што ён быў з намі?

– А мы не прызнаемся. Скажам, што хавалі хлопца, а цяпер прыйшлі павініцца. Вось і ўсё. Ідзі, Сяргей, сваёю дарогаю!

– Дайце, дзядзька, я ў сына вашага спытаю, ці хоча ён застацца?

– Хоча, не сумнявайся! Ідзі з Богам, не чапляйся!

– Глядзі, дзядзька, каб не прагадаў!

– Не страшы мяне, я ўжо сваё адбаяўся! Прыйшла новая ўлада – трэба падначаліцца. Я за свой век усялякіх начальнікаў пабачыў: немецкіх, польскіх, расійскіх. Кожная ўлада свае парадкі ўладкоўвае. Трэба змірыцца, інакш не выжыць. І вам у лесе доўга не ўседзець, пераловяць, пераб’юць. Вунь колькі войска ў іх, немца адолелі! Нават нашых "ястрабкоў" узброілі, а ты кажаш… Думай лепш, як самому ўратавацца…