Выбрать главу

– Вельмі ўтульны пакой, дзякую, пані Ева, – Тадзік пацалаваў руку гаспадыні.

Яна прыгладзіла ягоныя непаслухмяныя хвалістыя валасы і сказала:

– Вазьмі ў шафе бялізну, там усё ад майго сына засталося. Пойдзем у ванны пакой. памыешся ды і адпачнеш з дарогі. А сваё адзенне пакінь, я памыю.

– Што вы, пані Ева, я сам памыю! – запярэчыў госць.

– Не пазбаўляй мяне, Тадзё, гэтага звыклага жаночага занятку. Мне прыемна клапаціцца пра некага, быццам я вяртаюся ў мінулае добрае жыццё, калі ў мяне былі муж, сын і дачка, а цяпер няма нікога. Ты ўявіць сабе не можаш, як гэта страшна перажыць усіх родных і застацца адной…

– Прабачце, я буду слухацца, – паабяцаў Тадзік, адчыняючы шафу.

На момант яму здалося, што ён ужо аднойчы быў тут ці недзе ў такім самым доме, адчыняў шафу, браў бялізну, ішоў мыцца. А мо гэта яму проста прыснілася аднойчы, ды зараз не мог успомніць калі?

65

Да канца лета Варнак адседжваўся на Воўчай выспе, ягоныя казакі выходзілі толькі на дробныя дыверсіі: аднойчы ўзарвалі рэйкі ля паўстанка, спалілі два драўляныя масткі, разы тры падпілоўвалі тэлеграфныя слупы, хадзілі па хутарах здабываць харчы. А ў канцы жніўня атамана зноў нясцерпна пацягнула ў Вялікую Багну: засумаваў па маці, хацелася сустрэцца з братам, таму выправіўся ў дарогу разам з падначаленымі казакамі. Сяргей, які рухаўся побач, паглядваў на камандзіра і таксама ціха радаваўся, што нарэшце пабачыцца са сваімі. Ад сувязной Гэлі даведаўся, што маці два месяцы ляжала ў Брэсце ў бальніцы для псіхічна хворых, а цяпер вярнулася дамоў, быццам бы лячэнне пайшло на карысць.

Казакі ішлі ўслед за Парахнюком па знаёмых сцежках, даўно вывучаных, цягнуліся доўгім ланцужком. Абміналі балоты па лесе, пакуль не пачалі сустракацца хутары, якія злучаліся паміж сабою гацямі ды кладкамі. Хада па балоце патрабуе асцярожнасці, але пры атамане былі ў большасці хлопцы тутэйшыя, якія ведалі гэтую навуку з маленства. Нарэшце выбавіліся на востраў, дзе было поле. Нечы хлопец пераворваў іржышча. Варнак загадаў сваім казакам застацца ў карчах, толькі з Сяргеем пайшоў да селяніна, якога адразу пазнаў па паставе: Нікадзімаў Мірон. Унураны ў працу чалавек не заўважаў іх, таму ад нечаканага воклічу ўздрыгнуў.

– Памагай, Бог, – сказаў Варнак.

Хлопец азірнуўся, падзякаваў.

– Кідай працу, хадзем са мною, пакуль цябе Саветы ў войска не забралі, – прапанаваў Парахнюк.

– Што міру, тое і бабінаму сыну.

– А я цябе зараз мабілізую.

– Дык трэба ж бацьку папярэдзіць.

– Папярэдзь, але ўвечары прыходзь на вячоркі, мы там будзем таксама, далучышся да нас. Калі не прыйдзеш, знайду і заб’ю.

– Добра, добра, – затрос галавою Мірон.

– Глядзі мне!

Варнак вярнуўся ў карчы, сказаў хлопцам:

– Заварочваем у лес, абсталёўваемся, палуднуем і адпачываем да вечара.

Ён зноў рушыў наперад, казакі пацягнуліся за ім. Кожны ведаў загодзь, каму чым заняцца. Як толькі выбралі гожую паляну, кухары падаставалі свае кацялкі і павешалі іх на трыногах, астатнія хлопцы ладзілі буданы, высцілалі лапнікам падлогу. Варнак з аховаю пайшоў агледзець ваколіцы. Пры сабе ён апошнім часам заўсёды трымаў Удода, давяраў яму найбольш мо таму, што не раз упэўніўся ў ягонай вернасці. Два другія казакі-ахоўнікі: высачэнны і шыракаплечы па клічцы Малы і сухапары Муляр, які сапраўды ўмеў ладзіць печы, таксама былі сімпатычныя яму. З ускрайку лесу яны ўбачылі, што проста да іх ідуць дзве жанчыны і хлопец.

– Хто гэта можа быць? – спытаў Варнак у Сяргея, прыглядаючыся да сялян.

– Старэйшая кабета – жонка Ямелькі, старшыні сельсавета, а маладыя, здаецца, Бруснічанчыны дзеці.

– Дык старэйшую нам і трэба, якраз я хацеў з тым Ямелькам разлічыцца. Малы і Муляр, вядзіце іх да мяне.

Ахоўнікі рушылі, хаваючыся ў карчах, да людзей, каб не наполохаць і не даць ім магчымасці разбегчыся. Запынілі, бы статак, і пагналі проста да Варнака.

– Каго гэта вы прывялі? – быццам не пазнаючы, спытаў Варнак.

– Халера іх ведае, – адказаў Малы. – Спытай у іх сам, пан атаман.

– Пазнаю, пазнаю, гэта ж Тэкля Ямелькава! Начальнікава жонка! А хто тут яшчэ? Сапраўды, дзяўчына на Бруснічанку падобная і хлопец – таксама. Такія ж чырвонашчокія, як іх маці, за што і мянушку атрымала. Ну і што мы з імі будзем рабіць? – Варнак павярнуўся да казакоў, тыя прамаўчалі ў адказ.

Тэкля пачала прасіцца:

– Пусціце нас, людцы добрыя, ці мы ў чым вінаватыя?

– Удод, вядзі брата і сястру ў наш стан, а з гэтаю маладзіцаю нам пагутарыць трэба, распытаць, як яны тут кіруюць нашым людам, – загадаў Варнак.