Выбрать главу

Ціхі і цёплы вечар апанаваў зямлю, ні адзін лісток не варушыўся на кустоўі, быццам прырода заснула змораная яшчэ даволі спякотным жнівеньскім днём. На поплаве статка ўжо не было, толькі вісеў у паветры пах сырадою, які панеслі каровы ў свае двары. Кожны казак, бо былі тут адны сялянскія сыны, адчуў гэты знаёмы пах і замаркоціўся па сваім родным жытле, па страчаным спакоі і дабрабыце і мо асабліва востра адчуў, што трэба помсціць тым, хто пазбавіў яго ранейшага звыклага жыцця. Ішлі за клунямі, каб асабліва не трапляць на вочы людзям, нарэшце завярнулі да Ямелькі ў двор. Сталі каля прыадчыненага акна, прыслухаліся. У хаце гарэла газавая лямпа. Гаспадар і чацвёра дзяцей сядзелі за сталом, елі бульбу з агульнай міскі, запіваючы яе малаком з кубкаў. Старэйшая дзяўчынка, сноўдаючыся ля печы, занепакоена спытала:

– Тата, дзе наша мама падзелася? Казала пайду па арэхі з Алёшкам і Паўлінкаю…

– Мо заблудзіліся дзе? Пачакаем яшчэ трохі і пойдзем шукаць, калі не з’явяцца, – адкаўзаў Ямелька.

– Я зараз вам раскажу, куды падзелася маці! Малы і Муляр за мною, – крыкнуў Варнак у адчыненае акно і рушыў у хату.

Сяргей глядзеў праз шыбу і ўбачыў, як упаў галавою на стол гаспадар, кроў залівала настольнік. Звалілася каля печы старэйшая дзяўчынка. Сяргея занудзіла ад выгляду крыві, ён рэзка адвярнуўся ад акна. Пачулася яшчэ некалькі стрэлаў, а пасля ўсё сціхла. Тужлівы неспакой авалодаў Сяргеевай душой. Адна справа, калі ты забіваеш ворага, якога ніколі не ведаў, ніякіх пачуццяў да яго не адчуваеш, а зусім іншая, калі па тваёй прыхамаці паміраюць знаёмыя табе людзі, аднавяскоўцы, дзеці… Унутраны пратэст выспяваў у ягонай душы, ён не ведаў, як сказаць пра гэта Варнаку. Ды ці мае права ён пярэчыць, калі кіраўніцтва паўстанцкага войска лічыць, што трэба забіваць прадстаўнікоў савецкай улады, хто б яны ні былі, нават калі яны твае брат або сват. І колькі можна знішчаць? Ён стаміўся, не жадаў больш ваяваць ні з кім, хацеў спакою і вольнага звычайнага жыцця. Думкі ягоныя біліся, як муха аб шкло, не знаходзячы выйсця. Схавацца б ад усяго свету, ад людзей, ад сяброў і ворагаў! І больш нічога ў жыцці не трэба. Кавалак бы зямлі дзе-небудзь на хутары сярод балота і лесу, коніка рахманага, сам сабе здабываў бы хлеб і жыў бы ў радасці ад кожнай хвіліны самай цяжкай працы, ад поту, які залівае вочы. А каб яшчэ ў хаце пасялілася маладзіца ды нарадзіла колькі дзяцей, дык большага шчасця ён і не жадаў бы, толькі ўсе гэтыя мары заставаліся недасяжнымі.

– Удод, ты заснуў там ці што? – паклікаў яго Варнак.

Сяргей спахапіўся, азваўся ў адказ:

– Пакуль не…

– Куды цяпер? – спытаў Малы.

– На базу, – адказаў Варнак.

– Ты ж абяцаў, што пойдзем на вячоркі.

– Ты загад зразумеў, ці табе тлумачэнні патрэбныя?

Сяргей адзначыў: "Злосны Варнак, як сабака, мабыць, не атрымаў задавальнення ад гэтай расправы. Няўжо ўсіх дзяцей пастраляў? Як не напускай на сябе абыякавасць, а сумленне ўсё ж варушыцца, даймае, хіба трэба быць зверам без памяці і жалю, каб не разумець, што чыніш зло. Пайду ад іх, збягу, каб не бачыць гэтага жаху і самому не мець дачынення да бессэнсоўных забойстваў".

Варнак раптам павярнуўся да Сяргея і спытаў:

– Як я заўважыў, ты, Удод пачаў па завуголлю ацірацца, ад справы ўхіляцца. Ці не прызначыць цябе ў расстрэльную каманду?

Сяргей нічога не адказаў, а толькі падумаў, што Варнак хоча і яго запэцкаць па вушы крывёю ахвяр.

– Можа, усё ж хоць на гадзінку завернем да дзяўчат на хутар? – спытаў Малы.

– Дазваляю зайсці на хутар да Ахрэма, ён свой чалавек, – адказаў камандзір. – Там паясце, а пасля без затрымкі – усе на Воўчую выспу. Муляр, будзеш замяшчаць мяне, пакуль я адлучуся па справах.

– Куды ты, атаман? Заўтра пачнуцца аблавы, – папярэдзіў Муляр.

– Трэба сустрэцца з кіраўніцтвам. Прабуду там некалькі дзён. Без мяне ціха адседжвайцеся, нікуды не хадзіце. Запасаў ежы ў нас дастаткова. А мяса ў лесе сабе настраляеце. Не захапляйцеся вельмі паляваннем, не ўчыняйце стральбу, як на фронце. Усё, пакуль, бывайце.

Казакі рушылі, а Варнак застаўся стаяць на месцы, быццам раздумваючы, куды яму пайсці. Калі Сяргей азірнуўся, дык у цемры нічога не ўбачыў, толькі падумаў, што ў атамана, мусіць, ёсць свае таямніцы, якія ён хавае ад падначаленых.

67

Варнаку карцела дазнацца, як паставяцца аднавяскоўцы да смерці Ямелькі. Быў перакананы, што нікому не дасападобы савецкая ўлада з яе падаткамі і заклікамі ўступаць у калгас. Таму і падаўся назад у Вялікую Багну, прыйшоў поначы ў сваю клуню, якая не замыкалася, зашыўся ў сена і заснуў спакойна і моцна з думкаю, што больш Ямелька не будзе есці матчыну яечню, наеўся свінцу раз і назаўсёды. Яго пабудзіла, маці.