Выбрать главу

У сераду з ранку ў двор маёнтка пачаў збірацца вясковы люд. Прыводзілі – хто карову, хто каня, хто прыганяў авечак, прыносілі ў кашах курэй, гусей, качак і розныя харчы: масла, сала, яйкі. Сам пан Руткоўскі, які найчасцей начаваў у гарадской кватэры, прыехаў, каб прыняць пастаўкі, якія пазней належала адправіць у Брэст. Не забываўся ён лепшае з прынесенага пакінуць на ўласны абыходак, мармычучы пры гэтым: "Колькі немца ні кармі, ён вечна галодны". Пан уладна хадзіў між сялянскага гурту, пастукваючы згорнутым бізуном па халяве правага бота, прыдзірліва азіраў жывёлу, раптам спыніўся ля маладога хлопца, мусіць, яшчэ падлетка, але высокага і худога:

– Што ты, псякрэў, прывёў такога добрага каня?

– Солтыс загадаў – я і прывёў.

– Хіба вы з солтысам не маглі памяняць яго на паганую кабылку? Розуму не хапіла?

Хлопец апусціў галаву, панура маўчаў.

– Адступі ў бок са сваім канём, я падумаю, што з табою рабіць.

Хлопец паслухмяна адышоў ад гурту і спыніўся ў чаканні далейшага вырашэння ўласнага лёсу. Ён без усялякай цікавасці пазіраў навокал, паглыблены думкамі ў патаемныя перажыванні. На твары ягоным панавала туга, якую ён не мог прыхаваць за абыякавасцю да таго, што адбывалася навокал. Тадзік сачыў менавіта за гэтым хлопцам, які, мусіць, быў ягоным равеснікам, меркаваў, што з ім можны было б пагутарыць і, магчыма, паразумецца, тым больш, што на пляцоўцы каля панскіх варот сабраліся мужыкі ды бабы пераважна сталага веку, якіх заклікаць да барацьбы за вызваленне Польшчы не мела сэнсу. Усе яны былі звязаныя сямейнымі абавязкамі і турботамі, ад якіх іх магла б адарваць толькі пагроза смерці. Тадзік падышоў да хлопца, спытаў:

– Ты скуль?

– З Вялікай Багны.

– Гэта назва вёскі?

– Так, селішча наша спрэс акаляюць гнілыя балоты, толькі там-сям на выспах раскіданыя хутары.

– Выходзіць, што ты вялікабагнюк, – засмяяўся Тадзік… – А я лазняк, з вёскі Лазнякі. Завуць мяне Тадэвуш Сапранецкі. А цябе як?

– Сяргей Клімчук, – панура адказаў хлопец, мусіць, жадаючы скончыць гутарку, ледзь пачаўшы.

– Чаму ты такі невясёлы?

– Каня забіраюць, на сабе араць давядзецца ці што?..

– А хто ў тваёй сям’і яшчэ ёсць, акрамя цябе?

– Два браты: адзін малодшы, яшчэ работнік ніякі, а старэйшы мусіў пайсці на службу ў паліцыю, каб не вывезлі ў Германію.

– Трэба гуртавацца і гартаваць сілу, каб біць немцаў, – горача сказаў Тадзік. – Вызвалім Польшчу, утворым Трэцюю Рэч Паспалітую і зажывём у міры ды згодзе.

– У той Рэчы Паспалітай кожны паляк зноў будзе панам, а беларус – хамам, мы ўжо натрываліся гэтага жыцця, – адказаў Сяргей і адвярнуўся, не жадаючы працягваць гутарку, глядзеў на пана Руткоўскага і Альберта, якія загадвалі сялянам прывязваць прыведзеных кароў і коней да слупоў і адпускалі хадакоў дамоў.

Тадзік расчаравана накіраваўся зноў на свой ток, каб заняцца малацьбой, думаючы, што беларусы занадта пакорныя для таго, каб бунтаваць, любяць яны адседзецца ў зацішку, пакуль ім на галаву дах не зваліцца, але ж аднойчы і ім давядзецца варушыцца, калі добра прыпячэ. Ён быў нездаволены і сабою, што пагадзіўся застацца за сувязнога, у той час, калі іншыя людзі з брыгады атрымалі сапраўдныя заданні. Каго тут можна сагітаваць на барацьбу, калі скрозь балотныя палешукі, звыклыя сядзець у дрыгве, скуль іх і агнём не выкурыш, бо гнілое балота, мусіць, не гарыць. Ён увайшоў у прасторны ток, дзе справа ляжала гара снапоў ажно пад столю, узяў цэп і стаў апантана малаціць калоссе, быццам зганяў на іх злосць. Толькі пад вечвар маркотны ягоны настрой трохі развеяўся, калі нечакана з’явіўся Вітольд, зайшоў да яго на ток з мноствам навін. Яны сядзелі на саломе і ціха размаўлялі.

– Што? Як там у Брэсце? – нецярпліва пытаў Тадзік.

– Усё выдатна! Паглядзі, – Вітольд дастаў з нагруднай кішэні курткі лісток і падаў Тадзіку. – Газета "Шанец", выдаецца кожны тыдзень у Брэсце. Пачытай, пачытай!

Тадзік прабег вачамі паперыну і застаўся задаволены зместам і асабліва лозунгам, які вянчаў атымістычны артыкул пра будучае вызваленне Радзімы: "Наша адзіная мэта – вольная і незалежная Польшча!"

– Тыднёвік – гэта добра! А дзе ж сапраўдная барацьба! Дзе тыя змагары, да якіх я хачу далучыцца!

– Не спяшайся. З голымі рукамі ворага не зваюеш. Трэба запасацца зброяй, вучыцца валодаць ёю, спасцігаць навуку ваяваць, а не кідацца ў вір змагання, бы ў палонку.

– Дзе ты ўзяў гэту газетку?

– Пан Руткоўскі даў.

– Дык, мусіць, ён ведае тых людзей, што яднаюцца ў барацьбе супраць акупантаў.

– Калі і ведае, дык абы-каму не скажа. А хто мы з табою для яго? Толькі пешкі! Нас яшчэ трэба правяраць… Можа, Маўчуну ён усё сказаў, а нам не спяшаецца…