Выбрать главу

– Чаго ты тут, сынку? Чаму ў хату не ідзеш?

– Позна прыйшоў, не хацеў будзіць.

Голас у маці быў нязвыкла нізкі, быццам ёй спазмы сціскалі горла, яна спытала:

– Гэта твая работа, Лёня?

– Ты пра што?

– Пра Ямельку…

– Мая! А што? Больш не будзе гаспадарыць у нашай хаце…

– А тая дзяўчынка пяцігадовая, што ў кросны схавалася ад вас таксама вам нашкодзіла? Навошта знішчылі дзіцятка нявіннае…

– Ворагаў трэба знішчаць пад корань.

– Заўтра на месца Ямелькі паставяць якого Івана ці Сцяпана, а ты зноў прыйдзеш вынішчаць яго разам з малымі дзецьмі? Які грэх нялюдскі!

– Маці, як ты не разумееш, яны нашы ворагі! Ты іх шкадуеш! А чаму яны не пашкадавалі маю жонку і дачку, а выслалі іх невядома куды, што і слядоў не знойдзеш.

– Яны выслалі – іхні грэх. Ты забіў – твой грэх! Як мне цяпер людзям у вочы глядзець? Мой сын – кат, забойца!

Матчын голас загучаў звонка, з металічнымі ноткамі. Ніколі раней не бачыў яе такой Варнак. Да сваіх дзяцей яна раней заўсёды ставілася лагодна. Старэйшанькім Лёнем наогул ганарылася, бо і разумны ўдаўся, і ажаніўся добра, і на гармоніку гожа граў. Ці ён сам мог ведаць раней, што апусціцца да такога жыцця, калі нават родная маці будзе яго асуджаць.

– Я – найперш салдат. Для мяне вайна не скончылася. Я выконваю заданні майго камандавання.

– У вёску наехала поўна міліцыі і салдатаў. Зараз я прынясу табе есці і выбірайся адсюль асцярожна.

– Не трэба мне нічога.

Варнак устаў, абтрос з сябе сена, пайшоў да дзвярэй.

– Не забівай дзяцей, Лёня! Гэты грэх ніхто не даруе: ні Бог, ні людзі, – ціха сказала маці. – Іх жа для нечага паслалі на гэты свет…

– Годзе табе! – агрызнуўся сын, выйшаў з клуні і знік за рогам.

Ён быў злосны на ўвесь свет. Калі родная маці не разумее і не спачувае, дык на каго яму спадзявацца? Сцежкаю адразу павярнуў да балота, ведаў, калі ёсць засада, дык найхутчэй у лесе. Абыякавасць апанавала ягоную душу, зараз ён нават не думаў, што яго могуць злавіць ці забіць. Проста ішоў знаёмаю кладкаю самым найкарацейшым шляхам і думаў, што толькі адна жанчына заўсёды спагадала яму, адчувала, папярэджвала ўсялякае ягонае жаданне. Нават жонка не была такою блізкаю, якою стала Аксана за гады змагання. Не адразу даверылася яму, аднак пасля раскрылася душою, нібы кветка пад сонцам. Бязмерна радавалася кожнай сустрэчы. Не раз казала, што ў яе ўсяго і радні, што ён: бацькі паўміралі, браты палеглі ў змаганні. Менавіта да яе кіраваўся Варнак самым кароткім шляхам ад хутара да хутара. Нікога, акрамя балотных птушак, не сустракаў на сваім шляху, людзей знарок абыходзіў, толькі на адным хутары дазволіў сабе папрасіць есці, каб не ісці да Аксаны галодным. Апоўначы асцярожна пастукаў у яе акно.

– Хто там? – азвалася яна.

Ён пачуў родны голас і душа, закарэлая крыўдаю на маці, раптам адтала.

– Свой, – адказаў ён.

Праз хвіліну яна адчыніла дзверы і замерла ў ягоных абдымках, з жарсцю цалуючы вусны, твар, вочы.

– Як жа я засумавала па табе! Думала, што зусім ты мяне пакінуў.

– Што ты, Аксаначка! Ні на хвілінку не забываў пра цябе.

– Заходзь, заходзь хутчэй.

Яна ўпусціла яго ў хату, зашчабятала:

– Зараз, зараз пакармлю майго саколіка.

– Не трэба, Аксанка, ежы. Сыты… Да цябе ішоў… Пабачыцца, ачах душою…

– Ах ты, мой родны, – зноў яна прыпала да яго і ўжо не адыходзіла ні на хвіліну, пакуль памагала памыцца, памяняць бялізну, а потым кахала так палка, што стамілася сама і стаміла яго да забыцця, да сну, які знянацку апаноўвае змораных людзей. Толькі пасля, калі прачнуліся, сказала яму:

– Своечасова ты прыйшоў. Атрымала новае распараджэнне з Цэнтра. Давядзецца нам разлучыцца надоўга, выпала табе дальняя дарога.

– Чаму? Куды ісці?

– У Польшчу.

– А хто павядзе праз мяжу?

– Пойдзеш сам. Хочаш, я пайду з табою?

– Нельга, Аксанка, табе гэтак рызыкаваць. Пераход мяжы – справа складаная. Трэба вывучыць сітуацыю, выбраць найбольш бяспечную мясціну, пасля адважыцца на пераход. Гэта ж не адна, а дзве кантрольна-следавыя паласы, савецкія і польскія памежнікі.

– Разумею…

– Каб якая падтрымка з боку Польшчы, – выказаў ён пажаданне. – Праваднік ці што?

– Пакуль ніхто нічога не абяцаў.

– Няхай сабе, абмазгуем гэтую справу пазней. Скажы, для чаго нам туды ісці?