– Зараз ідзе абмен жыхарамі. Палякі вяртаюцца з Савецкага Саюза ў Польшчу, украінцаў выціскаюць сюды. Трэба, па-першае, абараніць нашых людзей ад польскіх драпежнікаў, якім заўсёды мала зямлі, а па-другое, заварочваць тых, якія ўсё ж адважыліся ехаць да Саветаў.
– Цяжкая задача. Колькі нас тут? Што мы можам зрабіць, калі Польшча мае сваё войска, паліцыю і ўсё, што трэба дзяржаве.
– Ах, Лёня, каб ад мяне залежала, я цябе ні на крок ад сябе не адпусціла б, – абняла яго Аксана.
– Не бядуй, вярнуся да цябе, каб жыць і памерці разам.
– Кажуць, ты быў жанаты? – спытала яна насцярожана.
– Быў, але маю сям’ю выслалі яшчэ ў саракавым годзе. Ці выжылі яны там, і хто іх адпусціць?..
– Ты кахаў сваю жонку?
– Кахаў, але тое каханне было скараспелае і маладое. Здаецца, толькі зараз я даспеў, каб быць мужам і бацькам…
– Як бы я хацела, Лёнік, нарадзіць табе сыночка, як дзве кроплі падобнага на цябе. Якое гэта недасяжнае шчасце! Нашаму змаганню няма канца. Ды і загінуць можам у кожны момант – вось што сумна. Смерць, здаецца, увесь час стаіць ля майго парога. Няма мне спакою і ўпэўненасці ні ў чым і нідзе...
– Нічога не бойся, Аксана, – і ніхто цябе не кране. Я зараз ішоў напрасткі праз балоты, не думаў ні пра аблавы, ні пра засады, хоць ведаў: недзе яны ўжо побач, чакаюць мяне. І бачыш, дайшоў, ніхто мяне не запыніў.
– Гэта маё каханне ахоўвала цябе, вяло і клікала. Няхай так будзе заўсёды, – зноў Аксана прыпала да яго і доўга не выпускала з моцных абдымкаў.
Ён апантана адказваў на яе любасць. Калі ж яна супакоілася і зморана адкінулася на падушку, ён спытаў:
– У які тэрмін нам трэба пераправіцца ў Польшчу?
– Сказалі, да першага снегу.
– Часу яшчэ дастаткова.
– Галоўнае, што ты зараз прыйшоў да мяне. Мне здаецца, што чытаеш мае думкі, – засмяялася яна.
– Вельмі кахаю цябе і ўвесь час шукаю нагоды, каб пабачыцца.
– Ты мой, мой, нікому цябе не аддам, – Аксана шчасліва ўсміхнулася. – Колькі ты ў мяне прабудзеш?
– Бадай, дні на тры магу затрымацца.
– Тры дні шчасця! Есці хочаш?
– Нічога не хачу, акрамя цябе, – прашаптаў ён, тулячы да сябе яе разгарачанае цела.
68
Думаў Варнак прабыць у Аксаны тры дні, а затрымаўся на тыдзень, не мог адарвацца ад любай жанчыны. Вельмі ж палкая і ласкавая была. Яны страціў лік гадзінам і дням. Нават пасцель не засцілалі, цешылі, мілаваліся, зрэдзь калі згадвалі пра ежу, тады Аксана нешта рыхтавала на хуткую руку, і зноў не выпускала любага з абдымкаў.
На світанку выправіўся ён да сваіх казакоў, хоць і спяшаў, ды дайшоў да Воўчай выспы толькі апоўначы. Ля раздвоенай бярозы ў густым кустоўі павінен быў спыніць яго вартавы, але там нікога не аказалася. "Няўжо заснуў, падла!" – злосна падумаў Варнак, агледзеў карчы, але нікога не знайшоў. Гэтая акалічнасць насцярожыла яго. Ён затаіўся, прыслухаўся. Ад базы пацягнула цыгарэтным дымком, потым пачулася прыглушаная гаворка, яна набліжалася, гаварылі па-руску. Адзін другому субяседнікі скардзіліся на камароў і на балота. "Чырвонапагоннікі!.. Маіх хлопцаў тут няма. Дзе яны, што з імі здарылася? Трэба ісці на Мікітаў хутар, напэўна, стары нешта ведае", – думкі замітусіліся ў галаве. Ён пачакаў, пакуль два салдаты пройдуць міма, асцярожна выпаўз з карчоў і падаўся ў бок другой базы, якую ён абачліва падрыхтаваў на Куліковых астравах. Ад Воўчай выспы праз балота казакі праклалалі таемную гаць, пра якую мала хто ведаў. Якім чынам чырвонапагоннікі маглі трапіць сюды, заставалася для Варнака загадкаю. Ён выламаў тычку з чахлай бярэзінкі і па калена ў мулі асцярожна дыбаў па гаці. Яму ўдалося прайсці і ні разу не ўваліцца ў багну, якая магла паглынуць яго гэтаю начною парою і нават следу не пакінуць. На світанку выйшаў да Мікітавага хутара. Стары, які жыў адзін, ужо сноўдаўся на двары.
– Добрага здароўя, дзеду! – голасна павітаўся Варнак, ведаючы, што Мікіта недачувае.
Стары павярнуўся на вокліч, кіўнуў галавою, падаўся насустрач нечаканаму госцю, падаў руку.
– Што чуваць, дзеду? – спытаў Варнак.
– Глухому нічога не чуваць, – пасміхнуўся бяззубым ротам гаспадар, агаліў голыя дзясны, як у малога дзіцяці.
– Ці не бачыў маіх хлопцаў?
– Бачыў, як ішлі на балота, а пасля за імі чырвоныя пасунуліся. Шмат іх там было…
– І што?
– Адкуль жа мне ведаць? Больш нікога не бачыў…
– Зразумела… Дай што паесці…
– Заходзь у хату.
Мікіта першы ўвайшоў у сенцы, дзверы пакінуў адчыненыя, каб не шукаць клямку ў цемры. Пакой ягонай прасторнай хаты быў абстаўлены па-сялянску проста: печ, запечак, лавы ўдоўж сцен, у чырвоным куце віселі тры іконы, ухутаныя вышыванымі рушнікамі, стаяў стол, не акрыты настольнікам, пры ім – доўгі ўслон. Пахла грыбамі, малаком, яблыкамі, зёлкамі. Пакуль Варнак удыхаў знаёмыя пахі і азіраў хату, стары паспеў схадзіць у камору, прынёс вялікі бохан хлеба і сказаў: