– Дачка прыходзіць раз на тыдзень, пячэ хлеб, тое-сёе гатуе. Дрэнна без жонкі. Мая надта добрая была, сэрца баліць, што заўчасна адышла на той свет. Сядай, дзе табе зручна.
– Дзякую, дзеду, пажадана, каб мяне ніхто тут не бачыў.
– Зразумела, папярэджу, калі што…
Стары паклаў у вялікую міску твораг, заліў малаком, укроіў некалькі лустаў хлеба, сказаў:
– Спажывай на здароўе, а я пайду сваю ўпраўляць. Можа, хочаш адпачыць, дык кладзіся на запечак.
– Трэба было б, амаль суткі на нагах…
Стары выйшаў, а Варнак узяў лыжку і пачаў паспешліва есці. Толькі зараз ён па-сапраўднаму адчуў голад. Так з ім здаралася не раз. Калі не было ніякае ежы, ён пра яе не думаў, абыходзіўся вадою, а потым, калі ўдавалася паесці, набіваў паўнюткае чэрава. Міску апаражніў – голад не наталіў, але прасіць яшчэ нешта ў старога не стаў, вырашыў, што ў абед дабярэ рэшту, якой не хапіла да поўнай сытасці. Пайшоў да запечка, зняў брудныя боты, агледзеў нагавіцы, запэцканыя тванню, але зараз не было жадання варушыцца і мыць іх, ад бяссоння ажно гуло ў галаве. Распрануўся, з насалодаю разлёгся на запечку, успомніў Аксану і ў тую ж хвіліну заснуў. Абудзіўся толькі пад вечар, калі гаспадар пачаў бразкаць каля печы чыгунамі, спытаў:
– Мо якія навіны ёсць?
– Навіны толькі ў курэй, яны штодня яйкі нясуць і кудахкаюць пра гэта. А для мяне быццам час спыніўся, – адказаў стары.
– Ніякіх навін лепш, чым дрэнныя весткі. Мне трэба ісці.
– Павячэрай са мною. Я салонічкаў наварыў.
– Гэта можна. Калі яшчэ давядзецца?
– Сядай, хлопча, да стала. Зараз падсмажу яечню з салам ды павячэраем па-людску. Сам цэлы дзень хаджу, пра ежу ані згадкі, не хочацца, абсыхаю, да смерці рыхтуюся. Якога малака кубак вып’ю раніцай, на гэтым і ўсё. Толькі павячэраю ўжо ўсмак.
– Няўжо табе, дзеду, паміраць не страшна?
– Часам страшна, а як дапячэ якая хвароба, калі ў хаце адзін, дык думаю: хутчэй бы да жонкі. На тым свеце жыццё лепшае, кожны мае тое, што жадае.
– А што ты жадаеш, дзеду, для сябе?
– Каб было, як у маладосці: папрацаваць ды павесяліцца, самому стаць маладым ды здаровым, жонку зноў кахаць. Ты думаеш, што я заўсёды быў такі гарбаты і зморшчаны? Былі і мы маладыя ды прыгожыя, яшчэ якія… Калі вянчаліся, чуў: маладзіцы між сабою казалі, што прыгажэйшых маладых не бачылі.
Стары паставіў на стол чыгунок з варанаю бульбаю і патэльню з яечняю, усё пахла гэтак смачна, што Варнак ажно сліну праглынуў у прадчуванні добрай вячэры. Мікіту пацягнула на размовы і ён не еў, а ўсё згадваў, як будаваўся ды абжываўся гаспадаркаю. Госць еў і не слухаў, ягоныя думкі сягалі туды, дзе яму належала сёння ноччу быць. Пасля вячэры ён падзякаваў старому і рушыў у дарогу. Прыхапіўшы надзейную тычку, якую яму выдзяліў гаспадар. Пайшоў па коўзкіх кладках ды грэбельках, але хадок ён быў спрактыкаваны, умеў трымаць раўнавагу, таму ні разу не ўваліўся ў твань, чым быў вельмі задаволены. На Кулікоў востраў прыйшоў глыбокай ноччу, у пэўным месцы яго спыніў вартавы:
– Хто тут?
Варнак пазнаў па голасе Малога, азваўся:
– Свой.
– Пан атаман, нарэшце! Мы не ведалі, што думаць! Думалі, ты ў засаду трапіў, – узрадавана ўскрыкнуў казак.
– У мяне ўсё добра, а з вамі, што здарылася?
– Акружылі нас ноччу. Хто ж думаў, што яны знойдуць дарогу?
– І што ў выніку?
– Выйшла шэсць чалавек. Астатнія невядома дзе. Безумоўна, нехта загінуў, магчыма, нехта трапіў у палон. Мы хадзілі на разведку, там яны пакінулі засаду.
Малы пачаў пералічваць, хто прыйшоў на Кулікоў востраў пасля таго, як на іх напалі чырвонапагоннікі. Варнак выслухаў, спытаў:
– Дзе Муляр?
– Бачыў, што ён упаў, сперазала яго аўтаматная чарга. Ён бег перада мною.
– Дзе Удод?
– Не бачыў яго, ён спаў у іншым будане.
– Хто мог трапіць у палон?
– Не ведаю…
Варнак накіраваўся ў штабную зямлянку. Думаючы з дакукаю, што зноў давядзецца шукаць людзей, вучыць іх вайсковай справе і толькі пасля таго паспрабаваць выканаць заданне Цэнтра – пераправіцца ў Польшчу і заняцца перасяленцамі. З гэтай базы таксама давядзецца сыходзіць. Калі нехта з казакоў трапіў у палон, можа не вытрымаць катаванняў, раскажа пра дадатковую базу. Наперадзе восень і зіма, трэба падрыхтавацца да халадоў, знайсці новае ціхае месца, пабудаваць зямлянкі і сховішчы, запасціся ежаю, пакуль Саветы ў сялян не забралі зерне ды бульбу. Становішча складвалася непрыемнае, але з яго можна было, хоць і турботна, ды ўсё ж знайсці выйсце. Ён паглядзеў у цёмнае неба з бухматымі зоркамі. У гэты час сарвалася знічка. Заварожаны, нават не паспеў загадаць жаданне і пашкадаваў. А яму так хацелася выпрасіць сабе і Аксане доўгае і шчаслівае жыццё. Увайшоў у зямлянку. Да раніцы яшчэ было далекавата, можна было паспаць, але як ні ўкладваўся, так і не здолеў заснуць. Прыкідваў, дзе можна заснаваць новую базу, у якую вёску пайсці па навабранцам, а ў якую па харчы. Згадваў Аксану. Яе ўсмешлівы твар час ад часу выплываў у памяці, замінаў думаць, прымаць нейкія рашэнні. Хацелася толькі марыць пра сустрэчу з ёю, каб больш ніколі не разлучацца. Ён вырашыў для сябе, калі ўдала вернецца з Польшчы, возьме яе да сябе. А там, што будзе, тое будзе. Калі жыць, дык у любасці, калі паміраць, дык разам. Ён памятаў, што некалі вельмі кахаў жонку і цяпер яна яму неабыякавая, але аддзеленая непераадольнай сцяной разлукі. Выходзіла, што цяпер ён аднолькава кахаў адразу дзвюх жанчын і сам дзівіўся гэтай праяве.