Выбрать главу

69

За сталом насупраць Удода сядзелі два следчыя і распытвалі яго пра атрад Варнака і самога атамана. Ён расказваў, нічога не тоячы, не бачыў у гэтым сэнсу, тым больш, што яго папярэдзілі: за праўдзівыя звесткі арыштанта чакае нейкая палёгка ў час суда. Слова "суд" яго палохала, бо разумеў, як бы добра ні ставіліся да яго следчыя, суддзямі будуць іншыя людзі, якім ён можа не спадабацца як чалавек, ці ім захочацца паказаць сваю ўладу. А ў такім разе чакай расстрэлу. Пра сябе ён таксама выклаў чыстую праўду, было падобна на тое, што яму верылі, да таго ж усё, сказанае ім, лёгка было праверыць у вяскоўцаў з Вялікай Багны. Калі нехта з казакоў, акрамя яго, таксама трапіў у палон, дык і яны маглі пацвердзіць ягоныя словы, безумоўна, калі не хлусілі самі. Якім чынам чырвонапагоннікі заспелі нечакана казакоў у табары, Сяргей ніяк не мог сцяміць. Ён якраз змяніўся з варты, лёг у будане і заснуў, як забіты. Прачнуўся ад таго, што нехта валачэ яго за ногі, пачуў лаянку па-руску і адразу ўсё зразумеў: аблава. Прагучала некалькі адзінкавых стрэлаў і ўсё заціхла. Напад быў нечаканы, тым больш здзіўляла, як чырвоныя маглі ноччу трапіць на тэрыторыю табара? А пасля здагадаўся, што Птах, які пайшоў здавацца, мог паказаць ім дарогу. Тое, што Сяргей не хітраваў, не выкручваўся, мусіць, падкупіла следчых. Стукала машынка, адзін з іх, ганарысты, з ранняю лысінаю на макаўцы, пісаў пратакол допыту, другі з уважлівымі вачамі настаўніка, рыжаваты, кучаравы, па-добраму ўзіраўся ў твар маладога хлопца і, здавалася, шкадаваў яго.

– Скажы, Клімчук, якія адносіны ў цябе былі з Варнаком, – спытаў ён.

– Звычайныя: як у атамана з падначаленым. Ставіўся ён да мяне добра.

– А што ты думаеш пра яго?

– Што думаю… Усе мы стаміліся ад ляснога жыцця. Думаю, што і Варнаку надакучыла бадзяцца па свеце, таму ён апошнім часам быў такі жорсткі, зганяў злосць на людзях, якія мелі дачыненне да савецкай улады. Некалі ў вёсцы ён быў адметным хлопцам, выдатна граў на гармоніку, людзі яго паважалі, дзяўчаты спрэс былі ў яго закаханыя. Выбраў дачку бацькі багатага, прыгожую ды разумную, ажаніўся, дзіця прычакаў. Але і тут не пашанцавала. У трыццаць дзявятым ўзялі яго ў Польскае войска, як рэзервіста. Восенню пачалася вайна, ён трапіў у палон да немцаў. У саракавым вывезлі ягоную жонку, дачку і цесця невядома куды. Уцёк ён з палону, прыйшоў дахаты, а тут сям’і няма. Немцы могуць расстраляць як былога ваеннапалоннага, партызаны – як былога польскага служаку. Куды было яму дзявацца? Вось і пайшоў ва Украінскае паўстанцкае войска.

– Ты спачуваеш яму?

– Разумею, што выйсця іншага не было ні ў мяне, ні ў яго, – задуменна сказаў Сяргей, не жадаючы нашкодзіць сваёй балбатнёй атаману.

– Аднак ты сказаў, што Варнак апошнім часам стаў вельмі агрэсіўны, небяспечны, дык, на нашу думку, яго варта нейтралізаваць.

– Якім чынам?

– Забіць. Яму ўсё роўна свеціць вышэйшая мера за здзейсненыя злачынствы. Ты мог бы забіць Варнака?

– Не ведаю… Якое я маю права?..

– Зразумей, Клімчук, вайна скончылася, краіне трэба вяртацца да мірнага жыцця, а такія, як Варнак, працягваюць забіваць людзей, бязлітасна вынішчаюць цэлыя сем’і! Яго трэба спыніць, інакш гэтым бедам не будзе канца. Савецкая ўлада ўпаўнаважвае цябе на такі ўчынак. Калі ты здзейсніш яго, дык атрымаеш дараванне. Цябе судзіць не будуць, бо ты аўтаматычна становішся нашым агентам.

Апошнія словы вельмі ўразілі Сяргея. Ён не жадаў нікому служыць і станавіцца нечым агентам, тым больш не жадаў рабіцца катам і некага забіваць па загадзе. Атрымлівалася, што ён трапіў у нейкі страшны лабірынт, адкуль нельга выйсці жывым, каб не стаць здраднікам або забойцам.