Дзядзька Хведар сустрэў Сяргея няветліва, спытаў:
– Што здарылася?
– Схавацца мне трэба часова, – патлумачыў хлопец.
– Нічым не магу памагчы, мае дзеці ў школу ходзяць, яшчэ прагаворацца, дык усіх нас з табою разам замятуць у Сібір. Усе ж ведаюць, дзе ты быў і чым займаўся…
– Прабач, што патурбаваў, – адказаў Сяргей, павярнуўся і пайшоў.
Думаў, што дзядзька верне яго, у хату запросіць, пакорміць ці даць чаго з сабою, а той, мусіць, узрадаваўся, што адбіўся ад нежаданага родзіча. Крыўда апанавала хлопцаву душу, слёзы навярнуліся на вочы, злосна падумаў: "Каб ты падавіўся тымі пеўнікамі і баранкамі, якімі мяне частаваў". Дзядзька знешне быў вельмі падобны да Сяргеевага бацькі, які памер маладым. Пляменнік назіраў, як старэў Хведар, уяўляў, якім мог быць цяпер ягоны бацька, таму, можа, асабліва любіў яго і вылучаў сярод іншых родзічаў. Аказалася, што ягоная любоў нічога не азначала, гэта былі толькі юнацкія перажыванні. Дзядзька Хведар мае сваё жыццё і сям’ю, якую ён аберагае і рызыкаваць не збіраецца. Няпэўнасць вывела хлопца з раўнавагі. Наперадзе зіма, каратаць халады самотна ў якой-небудзь лясной зямлянцы яму не хацелася, таму ён вырашыў не адкладаць візіт да цёткі Куліны, каб высветліць канчаткова, што яго чакае, ды шукаць нейкае выйсце.
Кулінін хутар быў далекавата ад Вялікай Багны. Але туды Сяргей наведваўся з маці часцей. Сёстры падтрымлівалі добрыя стасункі, спачувалі і дапамагалі адна адной, бо абедзьве засталіся без гаспадароў. Кулінін мужык яшчэ пры Польшчы паехаў на заробкі ў Амерыку, прыслаў два лісты, грошай на карову, а пасля згінуў. Не вярнуліся і тыя трое аднавяскоўцаў, што паехалі з ім разам. Невядома што здарылася з тымі людзьмі.
Цётка Куліна шчыра ўзрадавалася Сяргею, нічога не распытвала, а найперш пасадзіла за стол і накарміла, бо сям’я ўжо паабедала. Аднак усе сабраліся за сталом: маці, старэйшая дачка Люба і малодшы сын-падлетак Паша, так што хлопцу і есці было няёмка. Ды цётка падахвочвала:
– Частуйся, частуйся, не саромейся…
Сяргей усмак паеў крышаноў з грыбамі, бабкі са шкваркамі. Запіў кубкам малака.
– Дзякую, добрым людзям, за абед.
– Што ў вас дома? Як маці? – спытала Куліна.
– Усё добра, Кастусь вярнуўся.
– Вось гэта радасць! Я і не ведала…
– Дык ён толькі-толькі… А маці нічога, галава пабольвае, а так…
– Пагасцюй, калі ў вас усё добра, і нам будзе радасць, – сама прапанавала цётка.
– Таму і прыйшоў, каб папрасіцца пажыць, – сказаў весела Сяргей, быццам цяжар зваліўся з душы.
Люба і Паша заўсміхаліся, мусіць, і яны нудзіліся на хутары і былі радыя свежаму чалавеку.
– Добра пад’еўшы, трэба папрацаваць. Што тут у вас, цётка Куліна, гарыць, якая справа не трывае адкладу?
– Чаго добрага, а працы ў нас, як смецця! – засмяялася жанчына. – У хляве страха дзіравая, воз ледзьве ліпіць. Ды сам ведаеш: восень – работ восем!
Толькі цяпер адчуў Сяргей, што трапіў у родную сям’ю, безумоўна, трэба быць асцярожным, але тут ён быў жаданы і патрэбны.
71
Варнак пасля доўгага роздуму вырашыў не рыхтаваць новую базу да зімы. Меркаваў так: калі ўдасца перайсці мяжу, дык варта застацца на тэрыторыі Польшчы, а пасля пастараецца перабрацца куды далей на захад, у Германію ці Аўстрыю. Разумеў, што на радзіме яму месца няма, калі схопяць, дык нічога лепшага, як расстрэл, яго не чакае, а могуць яшчэ і павесіць прылюдна. А гэта ганьба не толькі для яго, але і для ўсёй радні. Шмат думаў, як узяць з сабою Аксану. А пасля прыйшоў да простага рашэння: яна можа прыехаць у Польшчу ў якасці перасяленкі. Атаману ўдалося пад пагрозаю расправы завабіць у свае шэрагі трохі навабранцаў з вясковай моладзі. Цяпер атрад налічываў пятнаццаць чалавек. Змарнаваў час на вайсковую падрыхтоўку новых казакоў, але ж без гэтага нельга ніяк, бо хлопцы не ўмелі ні поўзаць, ні страляць. Доўга вывучаў сітуацыю ў памежнай паласе, сачыў за зменаю пагранічных нарадаў, разлічваў, калі і як лепш пераадолець гэты няпросты бар’ер – польскую і савецкую мяжу. Нарэшце настаў той дзень, каля ён вырашыў дзейнічаць, папярэдне выбраў бязмесячную ноч. Калі ўжо пачало добра падмарожваць, а снег яшчэ не выпаў. Менавіта белага покрыва баяўся Варнак, бо на ім занадта бачныя сляды, таму і спяшаўся, хаця мо трэба было яшчэ пазаймацца з хлопцамі вучобаю.