Выбрать главу

Казакі ішлі ланцужком у цемры, якая ратавала, але адначасова таіла ў сабе вялікую небяспеку, бо нечакана можна было напароцца на памежнікаў. Лоўка і хутка перарэзалі калючы дрот, перайшлі кантрольна-следавую паласу і ўзрадаваліся, што палавіна справы зроблена. Наперадзе была польская тэрыторыя, праз якую яны мелі намер прарывацца, калі спатрэбіцца, не шкадуючы патронаў. Як толькі наблізіліся да другой кантрольна-следавой паласы, казакоў асляпіў пражэктар, кулямётны агонь прымусіў уціснуцца ў халодную цвёрдую зямлю. Аўтаматныя чэргі пачуліся з процілеглага боку таксама.

– Адступаем назад, – загадаў Варнак, разумеючы, што паміж дзвюх ліній агню мала каму ўдасца ацалець.

Малы адчайна прыкрываў атамана, другі ахоўнік з навабранцаў, Авадзень, сам імкнуўся за каго-небудзь схавацца. З-за сваёй мітусні ён першы быў цяжка паранены і голасна стагнаў.

– Адпаўзаем назад і разбягаемся ў розныя бакі, – крыкнуў Варнак хлопцам і сам падаўся ўправа, каб хутчэй выбавіцца з тэрыторыі, яскрава асветленай пражэктарам, менавіта ў гэты момант адчуў, як апякло бок і кроў заструменіла з раны.

Побач стагналі яго казакі. "Панішчаць усіх, – падумаў ён, заціскаючы рану. – І я ці выберуся? Няўжо гэта канец? Трэба выкараскацца!"

– Малы, я паранены, шыбуем уперад і не азіраемся.

– Бегчы зможаш, атаман, ці трэба несці?

– Пакуль магу, а пасля – не ведаю. Пакінь каго, няхай прыкрыюць нас.

Так ганебна яшчэ ніколі Варнаку не даводзілася ўцякаць. Ён пакідаў сваіх людзей без нагляду і падтрымкі, ратаваўся сам, апраўдваючы свой учынак тым, што шараговыя казакі для таго і існуюць, каб аддаць жыццё на полі бою, атаман жа павінен выжыць, бо ён здатны павесці за сабою новых людзей.

Малы адстаў на колькі хвілін, але адразу дагнаў Варнака. Нарэшце яны выбіліся ў неасветленую паласу. Ахоўнік падхапіў Варнака пад руку і дапамагаў бегчы. Спрытна рэзрэзаў калючы дрот, нарэшце яны апынуліся ў ратавальным лесе, прадзіраліся скрозь густыя зараснікі, ды не спыняліся, бо ведалі, хутка будзе пагоня. На шчасце сустрэлася зацягнутая тонкім лядком плыткая ручаіна, па якой яны прайшлі з паўкіламетра, каб схаваць сляды ад сабак.

Варнак губляў сілу з-за страты крыві, якая ўжо намачыла адзенне і студзіла бок.

– Трэба перавязаць рану. Хутка я не здолею ісці.

Малы моўчкі распрануўся, зняў з сябе ніжнюю сарочку, падраў на доўгія латкі, зноў апрануўся і перавязаў атамана. Цяпер ён ужо не проста падтрымліваў Варнака, а валок яго на спіне, бачачы, як той выбіваецца з сілы. Неўзабаве дайшлі да нейкай лясной хаціны, гаспадары яшчэ спалі.

– Трэба раздабыць каня, – сказаў Малы.

– Паспрабуй, – з надзеяй прамовіў Варнак, бездапаможна асядаючы на зямлю і адчуваючы непрыемныя дрыжыкі ў целе.

Казак пайшоў проста да хлява, да яго кінуўся вялізны сабака. Варнак бачыў, як ахоўнік кароткім узмахам нажа, выхапленага з-за халявы, паклаў сабаку, прыкладам збіў замок з дзвярэй, вывеў каня.

– Ну, цяпер нас і вецер не дагоніць, – усміхнуўся Малы, памагаючы Варнаку ўзлезці на каня.

Камандзір прастагнаў і аціх, адчуваючы млявасць ва ўсім целе і жаданне сагрэцца. Яго ўжо неміласэрна трэсла ліхаманка. Малы таксама ўскочыў на каня, атуліў цела Варнака, спытаў:

– Куды цяпер?

Варнак на імгненне задумаўся. А потым сказаў:

– Да Аксаны, хутчэй…

Першая думка прыйшла, што трэба ехаць дамоў, а пасля схамянуўся, што там даўно яго шукаюць і чакаюць чырвоныя, таму і вырашыў: у Аксаны яму будзе лепш. Калі і памрэ, дык на руках каханай жанчыны. Маці яго таксама любіць па-свойму, але судзіць занадта строга. Малы падганяў каня, той перайшоў на рысь. Варнак стагнаў, кожны рух адгукаўся болем, рана смылела невыносна, а пасля раптам заціх, ці заснуў, ці страціў прытомнасць, гэтага не ведалі ні ён, ні ягоны ахоўнік.

Варнак прыйшоў да памяці ўжо на Аксаніным ложку. Яна выціралі кроплі поту з ягонага лба і шаптала:

– Мой ты міленькі, мой родненькі, ачуняй хутчэй…

– Піць, – папрасіў ён.

Яна змазала ягоныя вусны вільготнаю сурвэткаю:

– Табе нельга піць, сонца маё.

– Дзе Малы? – спытаў Варнак.

– Спіць, не турбуйся. Я паслала па нашага доктара, усё будзе добра…

– Зноў я з табою. Гэта добра. Калі ішоў у Польшчу, думаў, што трэба было цябе з сабою забраць. Без цябе мне не шанцуе.

– Малы мне ўсё расказаў…

– Такога правалу ў мяне яшчэ не было. Мусіць, усе мае хлопцы палеглі там. Нікога не здолелі вынесці. Самі ледзьве выратаваліся.

– Нехта паранены мог у палон трапіць, – задуменна прамовіла Аксана. – Чырвоныя ўмеюць развязваць языкі.

– Лічыш, што нам трэба сыходзіць адсюль?