Выбрать главу

– Так, але спярша трэба дачакацца доктара.

– Адкуль ён будзе ісці?

– З-пад Ратна. Малы выспіцца, дык паставім яго за вартаўніка, няхай ахоўвае наша каханне. І ты паспі.

– Вельмі смага сушыць. Піць, піць хачу…

– Нельга табе, – адказала дзяўчына і зноў змачыла ягоныя вусны сурвэткаю.

Варнак заплюшчыў вочы, разумеючы, што найлепш было б зараз заснуць, каб не адчуваць ні болю, ні смагі, ні дакукі з-за таго, што не выканаў заданне і загубіў людзей. Усе яны стаялі ў яго перад вачамі, маладыя, здаровыя. І не хапала духу ўявіць, як яны ляжаць цяпер на памежжы дзвюх дзяржаў, урастаюць у нічыйную паласу, становяцца прахам. Раптам Аксана спахапілася:

– Дурніца я, у мяне ж самагонка ёсць. Ад разгубленасці не ведала, што рабіць.

Яна дастала з палічкі, якая вісела каля дзвярэй за белай занавесачкай, пляшку, наліла паўшклянкі гарэлкі, паднесла Варнаку:

– Выпі, Лёнік, няхай сунімецца твой боль і залечыцца рана.

Варнак выпіў і праз колькі хвілін адчуў палёгку і заснуў. Аксана прылегла побач, доўга ўзіралася ў твар каханага, лёгенька пацалавала яго ў вусны, ён нездаволена паморшчыўся праз сон.

– Бач, які прывярэдлівы, – ціхенька засмяялася яна, разумеючы, што не варта чапаць соннага мужчыну, дзякуй Богу, што заснуў, і сама задрамала, супакоеная тым, што каханы побач, палечыць яго, пасля разам вырашаць, як жыць далей.

Прачнулася ад грукату ў акно і крыку:

– Адчыняйце! Адчыняйце!

Малы падхапіўся. Зірнуў за занавеску, разгублена крыкнуў:

– Чырвоныя! Шмат!

Схапіў аўтамат і паласнуў па шыбе, якая са звонам разляцелася, яму адказалі аўтаматныя чэргі, Малы зваліўся на падлогу, вакол яго тулава расцякалася кроў.

– Лёня! – адчайна закрычала дзяўчына, тузанулася ад нечаканага ўдару ў грудзі і ўпала на Варнака.

Той прастагнаў з-за увярэджанай раны, расплюшчыў вочы, убычыў мёртвы твар Аксаны, Малога, распластанага ў лужы крыві на падлозе, салдата з чырвонымі пагонамі, які лез праз акно ў пакой, і ўсё зразумеў. Паспеў толькі падумаць: "Усё, канец…" Выхапіў пісталет з-пад падушкі. Салдат спыніўся, ад разгубленасці не ведаючы, што рабіць, ці сігаць назад за акно, ці страляць у чалавека, які ляжыць на ложку. Варнак прыставіў да скроні пісталет, націснуў курок, свядомасць узарвалася і разляцелася на кавалкі.

72

Целы забітых Варнака, Малога і Аксаны ляжалі пасярод плошчы на брызенце. Іх ахоўвалі чатыры салдаты. Падыходзілі людзі, глядзелі ў твары, шкадавалі.

– Якія маладыя і прыгожыя, – сказала стараватая цётка.

– Пры іх не знайшлі дакументаў, калі ніхто не пазнае, так і пахаваюць невядомымі, а бедныя мацяркі будуць гараваць ды чакаць, – азвалася хударлявая маладзіца.

– Няхай бы жылі, як усе людзі, дык і былі б жывыя, – буркнула таўставатая кабета.

– У кожнага свой лёс, яго не перапішаш, – азвалася першая і пайшла, каб не трывожыць душы палеглых пустымі спрэчкамі.

Сярод гараджан паціху перамяшчаліся капітан Сяргей Новікаў і лейтэнант Антон Скавышоў, апранутыя ў цывільныя гарнітуры і плашчы, прыслухоўваліся да гаворак, спадзяваліся, што раптам нехта пазнае бандытаў. Ноч была з марозцам, а раніца выдалася ясная, што вельмі рэдка здараецца ў лістападзе, быццам прырода дала магчымасць Варнаку і ягоным паплечнікам у апошні раз палюбавацца сонцам, каб назаўсёды сысці ў невядомасць, толькі ў нейкім таемным архіве застануцца пра іх звесткі ды і тыя будуць ляжаць сто гадоў пад забаронным грыфам "сакрэтна". Новікаў і Скавышоў адышлі трохі ў бок ад натоўпу, закурылі па казбечыне, з насалодаю пыхкалі дымам.

– Казаў я табе, Сярожа, што мы яшчэ пабегаем за Удодам. Няма яго ні сярод забітых на мяжы, ні тут. Дзе ён можа быць? – спытаў Скавышоў.

– Мабыць, заданне мы яму далі не па сіле. Не адважыўся ён забіць Варнака. Безумоўна, мог бы проста вярнуцца ў ягоную банду…

– А мо яны яго самі забілі? Адчулі здраду і…

– Можа быць і такі варыянт. Але здаецца мне, што Удоду і самому набрыдла бандыцкае існаванне. Мо хаваецца недзе, звык за столькі гадоў падполля, як воўк, жыць у лесе. Тым больш, што мясцовасць тутэйшая гэтаму спрыяе. Але чалавек – істота сацыяльная. Яму без людзей не выжыць. Як трохі вызвалімся, дык падпільнуем яго, калі жывы. Далёка ад нас не ўцячэ.

– Для цябе, капітан, справа гонару – злавіць яго, бо ты выпусціў.

– Ведаеш, я людзей добра адчуваю. Неблагі ён чалавек. Абставіны вымусілі…

– Ты ў дадатак яшчэ і легкаверны?

– Перакананы, што добрых людзей на свеце шмат, калі хто дзе і схібіў, дык з-за нейкай мінутнай слабасці.

– Нешта позняцца з Вялікай Багны. Гэты новы старшыня сельсавета не выклікае ў мяне даверу, – заўважыў Скавышоў.