Выбрать главу

– Прыйдуць, нікуды не дзенуцца, – спакойна адказаў Новікаў. – Якая маці адмовіцца апазнаць сына?

– Надакучыў гэты балаган. Ляжаць тут, як героі, быццам з ганароваю вартаю. Усе іх шкадуюць, нават спачуваюць...

– Сёння шкадуюць, заўтра забудуць. Не зайздросці іхняй славе.

Скавышоў і Новікаў чакалі маці Варнака, якая павінна была пазнаць сына і, магчыма, тых, хто ляжаў побач з ім. Мо праз гадзіну з’явіліся дзве жанчыны ў чорным: адна сталага веку, з рэзка акрэсленымі рысамі твару, які прыкметна пазначылі маршчыны, другая – маладая, сціплая, з галавою нахіленаю ўперад, быццам саромелася ўвагі людзей.

– Ідуць, – сказаў капітан. – Твар старэйшай жанчыны чорны ад гора, сына страціла...

– Які гэта сын? Бандыт! Нягоднік! – адказаў Скавышоў. – А хто тая, маладзейшая?

– Нявестка, жонка малодшага брата.

– Мо той брат таксама бандыт? – кінуў падазроны позірк на Новікава Скавышоў.

– Невядома пакуль. Быў мабілізаваны, прайшоў курс маладога байца, прапаў без вестак на тэрыторыі Польшчы.

Жанчыны спыніліся каля трупаў, малодшая заплакала, старэйшая прыкрыла рот рукою, мусіць, каб не загаласіць. Новікаў падышоў да яе, назваў сябе, спытаў:

– Ці пазнаеце свайго сына?

– Пазнаю, вось ён, – адказала жанчына і ўсё узіралася ў Лёнеў твар, строгі і такі ж прыгожы, як пры жыцці.

"Мо ён жывы? Здаецца, яшчэ падрос. Куды ж яго параніла?" – прамільгнула думка, маці зноў акінула позіркам усю постаць сына і ўбачыла маленькую чорную ранку на скроні. – Ах, сыночак мой, чаго ж ты так рана пакідаеш мяне?.. Куды ж ты сабраўся?.. Вазьмі мяне з сабою…"

– Назавіце прозвішча, імя і імя па бацьку вашага сына.

– Парахнюк Леанід Мікалаевіч, – сказала яна глухім голасам. – Сабаку сабачая смерць.

Маладую ажно скаланула ад гэтых словаў, яна зірнула на свякруху, апусціла вочы і зноў заплакала. Жаночы голас у натоўпе нездаволена сказаў:

– Чаго яна так? Каму, можа, – і сабака, а ёй – родны сын.

– Не твайго розуму справа, – адказаў нехта і спрэчка спынілася.

Капітан Новікаў уважліва зірнуў на Варнакову маці і яшчэ раз перапытаў:

– Дык вы пацвярджаеце, што гэта сапраўды ваш сын?

– Так.

– Астатніх ведаеце?

– Не, ніколі не бачыла.

– У такім разе вы вольныя, працэдура апазнання скончана.

– Аддайце мне яго, трэба ж пахаваць па-людску, – папрасіла маці.

– Не магу, такі загад начальства. Разумееце? Вы не хвалюйцеся, мы самі яго пахаваем. Трэба яшчэ высветліць асобы астатніх нябожчыкаў.

Жанчына павярнулася і пайшла са скамянелым тварам, вочы яе напаўняліся слязьмі, за якімі яна нічога не бачыла. Натоўп расступіўся. Яна выцерла далонямі твар, сцерла слёзы, не маючы сілы азірнуцца назад, адзінае, чаго ёй зараз хацелася, прыпасці да сына і памерці разам з ім. На момант ёй здалося, што губляе прытомнасць, каб на каго абаперціся, паклікала нявестку:

– Дзе ты, Ніна?

– Тут, мама.

Ніна дагнала свякруху, пайшла побач. Толькі зараз яна зразумела словы, сказаныя старою над нябожчыкам-сынам, якая найбольш клапацілася пра жывога Ігнася, які мусіў хавацца з-за дызерцірства. Калі зловяць і яго, тады ўжо ўсю сям’ю вывезуць немаведама куды, а мо яшчэ і пазабіваюць. Нявестка ведала, што яе свякруха – разумная і добрая жанчына, калі б не гэтыя бясконцыя мітрэнгі, як бы ладна жылі яны ўсе разам. І Лёня знайшоў бы сабе нейкае месца ў жыцці, не ляжаў бы зараз сярод плошчы, а граў бы на гармоніку, весяліў душы аднавяскоўцаў. Можа, некалі вернуцца ягоная жонка і дачка з высылкі, а мужа і бацькі няма, нават ніхто не даведаецца, дзе яго магіла. Ніна ўздыхнула і падумала, што неяк вельмі ж не па-чалавечы ўладкаваны гэты свет, дзе зброі болей, чым людзей, і кожны, хто дапяў яе займець, імкнецца скарыстацца ёю. Кажуць вайскоўцы не разабраліся і пастралялі сваіх жа бальшавікоў з райвыканкама, якія прыехалі ў суседнюю вёску наводзіць новыя парадкі. А мо гэта іх Бог пакараў і паслаў смерць ад сваіх. Хоць бы ўдалося Ігнасю выратавацца, каб ніхто яго не выдаў, каб не забілі без жалю, як Лёню.

73

Да восені жыў Тадзік у пані Евы, сумаваў, спрабаваў чытаць кніжкі, якія знайшліся ў хаце. Яму найбольш спадабалася "Старая казка" Крашэўскага пра каралеўскую дынастыю Пястаў, у якой яскрава паказвалася польская даўніна яшчэ да хрышчэння. Ён захапляўся адважнымі рыцарамі, іхнімі высакароднымі подзвігамі і перамогамі, уяўляў, што і сам стане некалі героем. Вялікае ўражанне зрабіў на яго раман Баляслава Пруса "Лялька", галоўны персанаж якога Станіслаў Вакульскі браў удзел у паўстанні 1863-1864 гадоў, быў высланы за палітычную дзейнасць, а пасля зрабіўся паспяховым камерсантам-мільянерам. З такога чалавека, здатнага пераадольваць жыццёвыя цяжкасці, заставацца добрым і чулым да людзей, таксама варта было браць прыклад. Але большасць кніг, якія мела гаспадыня, былі пра няшчаснае каханне паненак. Такое чытво не цікавіла хлопца. Ім бы, мусіць, зусім авалодала дэпрэсія, каб не дальні сваяк пані Евы, дзядок Лукаш, які добра гуляў у шахматы. Занятыя гульнёю стары і малады, праседжвалі цэлымі днямі за шахматнай дошкаю, забываючы пра абед і вячэру, што часам абурала, часам смяшыла гаспадыню. Яна ўсяляк пацвельвала з гульцоў, але тыя, занятыя важнаю справаю, не звярталі ўвагі на з’едлівую кабету, маўляў, няхай балбоча, колькі хоча, абы з хаты не выгнала. Колькі разоў наведваў Тадзіка сувязны, прыносіў навіны, што пан маёр заснаваў дзве базы, цяпер ёсць дзе жыць і чым харчавацца. Хваліўся, быццам жаўнеры Руткоўскага здзейснілі некалькі смелых нападаў на пастарункі паліцыі і чыгуначнай аховы, двойчы абстралялі на дарозе машыны з чырвонаармейцамі, маюць цяпер удосталь зброі. Тадзіку вельмі карцела хутчэй вызваліцца з-пад улады лекара і пані Евы, вярнуцца да выканання службовых абавязкаў. Але час цягнуўся марудна, рана зажывала дрэнна.