Выбрать главу

– Колькі я буду малаціць гэтыя снапы? Да наступнага ўраджаю?

– Не гарачыся, – сказаў Вітольд, схіліўся да вуха, зашаптаў. – Задумаў я адну справу. На складзе, куды я ўладкаваўся грузчыкам, захоўваюцца харчы для параненых немцаў: віно, шакалад, печыва, яшчэ тое-сёе. Склад мае двое дзвярэй, каля кожных стаіць ахоўнік з аўтаматам. Вось я і падумаў, чаму нам хаця б аднаго ахоўніка не раззброіць?

– А калі ён пакліча другога?

– Узяць яго трэба без шуму, абяззброіць і збегчы.

– Калі пойдзем? – з гатоўнасцю спытаў Тадзік.

– Адклад не йдзе на лад. Можна і сёння…

– Тады я мушу папярэдзіць пана Альберта, што адлучуся па справе ў горад.

– Нічога нікому не трэба казаць. За ноч мы зробім сваю справу. Ты раніцай вернешся, і ніхто нічога не заўважыць, – запэўніў Вітольд хлопца.

Яны доўга абмяркоўвалі, якім чынам будуць абяззбройваць фашыста-вартавога, нават план намалявалі алоўкам у Вітольдавым нататніку, разлічылі, колькі хвілін ім спатрэбіцца для выканання той справы, каб па завяршэнні разбегчыся ў розныя бакі. Зброю наважваўся ўзяць з сабою Вітольд, бо з горада вынесці аўтамат не так і проста. Для гэтага давядзецца выкарыстаць калі-небудзь Альберта, які разы два на тыдзень прывозіць пану Руткоўскаму харчы на кватэру ў горад. Аканому можна нічога не казаць, проста папрасіцца, каб падвёз да маёнтка, а ў яго ёсць надзейны аусвайс, які гарантуе, што немцы абшукваць брычку не будуць. Ісці ў Брэст вырашылі адразу пасля вячэры. Меркавалі, калі ўдала пройдзе аперацыя, дык гэткім жа чынам можна будзе абяззброіць і другога вартавога. Калі б удалося завалодаць адразу двума аўтаматамі, гэта было б выдатна! Тадзікава сэрца білася ўзбуджана і трывожна ў прадчуванні небяспечнай прыгоды. Ён разумеў, што іхні план вельмі рызыкоўны, але верылася: у іх усё павінна атрымацца, інакш як яшчэ можна было здзейсніць тую мэту, якую ён паставіў перад сабою. Без зброі няма сэнсу думаць пра барацьбу з ворагамі. Толькі яна давала магчымасць адпомсціць захопнікам за крыўду і знявагу, за смерць сяброў і акупаваную Айчыну. Тадзікава душа так моцна прагнула ўсталявання справядлівасці, што ён не думаў пра небяспеку і пагрозу смерці.

8

Вітольд і Тадзік сцішыліся ў кустоўі і назіралі за вартаўніком. Лісце ўжо апала, голыя галіны мала хавалі змоўшчыкаў, але ратавала непраглядная восеньская ноч. Вецер стукаў бляхаю на даху суседняга будынка. Было холадна, ад нерухомасці ці хвалявання прабіралі дрыжыкі. Немец хадзіў удоўж тарцавой сцяны ўзад і ўперад, часам спыняўся, каб прыкурыць цыгарку, і тады ягоны твар час ад часу асвятляўся цьмяным агенчыкам. Іншы раз ён перагукваўся са сваім напарнікам, які хадзіў каля процілеглых дзвярэй. Калі немец у чарговы раз павярнуўся да хлопцаў спіной, Вітольд ціхенька штурхнуў Тадзіка і кінуўся бегчы да немца. Той пачуў тупат ног, азірнуўся, але ў гэты момант Вітольд абхапіў яго рукою за шыю, пачаў душыць і валіць на зямлю. Тадзік схапіўся за аўтамат і цягнуў да сябе. Немец захрыпеў пераціснутым горлам. Тадзік ткнуў яму ў зяпу кулак. Немец упіўся зубамі ў хлопцаву руку, здалося, што ажно пальцы хруснулі, але адразу аціх. Тадзік ледзьве стрываў боль, каб самому не закрычаць, выхапіў руку, агледзеў, ды ў цемры нічога не ўбачыў. З процілеглага боку склада падаў голас другі вартаўнік, які клікаў свайго напарніка, а потым пачуліся ягоныя крокі. Тадзік з усяе сілы тузануў з немцавых рук аўтамат і адляцеў разам з ім. Вітольд таксама выпусціў абмяклага немца і шапнуў:

– Бяжым!

Хлопцы кінуліся за рог першага будынка. Услед ім прагучала аўтаматная чарга. Перабеглі вуліцу, нырнулі ў чужы двор, схаваліся за хлеўчыкам.

– Выбірайся з горада праз Кіеўку, як сюды прыйшлі, мінай пасты. Аўтамат я пакуль прыхаваю недзе, а раніцай забяру.

Тадзік толькі зараз адчуў, што кісць рукі крывавіць і смыліць ад болю. Пашукаў насоўку ў кішэні і абматаў рану.

– Што там у цябе?

– Укусіў гэты сабака… Я ж яму кулак у рот засунуў, а ён і ўпіўся зубамі.

– Добра ты дадумаўся заткнуць яму рот! – ціха засмяяўся Вітольд. – Нарабіў бы ён гвалту…

– Смешна табе...

– Што, моцна баліць? Можа, ён шалёны? – зноў засмяяўся Вітольд.

– Фашысты ўсе шалёныя! Толькі яны гатовы знішчыць усіх, каб панаваць над тымі, якім усё ж удалося выжыць.

– Годзе філасофстваваць. Пану Альберту скажаш, што сабака пакусаў, калі ты дзяўчыну праводзіў. Ну, ідзі, шчаслівай дарогі, – падштурхнуў хлопца Вітольд.

Тадзік пераскочыў праз плот, апынуўся ў іншым двары, пад сабачы брэх перабег яго, зноў пераадолеў чарговы плот, выскачыў на вуліцу, выглянуў з-за рога дома: скрозь было бязлюдна. Ён асцярожна рушыў далей. У горадзе дзейнічаў каменданцкі час. Пачуўся гул матацыкла. Тадзік прыпаў да сцяны, урос у яе і застыў. Немцы праехалі міма і не заўважылі хлопца. Дварамі ён выбіўся на вуліцу Шырокую, якая з двух бакоў акалялася канавамі. Праз іх у двары вялі кладкі з некалькіх дошак. З-за павароткі паказалася легкавушка, Тадзік залёг у бруднай канаве, каб не быць заўважаным. Як толькі ўсё сціхла, ён падняўся, агледзеўся і бягом кінуўся на процілеглы бок. Зноў дварамі, сігаючы праз платы, рушыў да чыгункі, гэта была самая небяспечная перашкода, бо яна ахоўвалася. Калі ішлі ў Брэст, Вітольд здолеў правесці Тадзіка нейкім толькі яму вядомым калідорам, але цяпер у цемры хлопец ніяк не мог сарыентавацца ў прасторы. Перад ім стаяў таварняк, удоўж якога хадзіў немец. Тадзік пераскочыў цераз плот, прайшоў гародам уперад, дзе не было цягнікоў, нізка прыгнуўся і накіраваўся праз пуці. Вакол нікога не было відаць, і раптам прагрымеў стрэл. На імгненне хлопец спыніўся, быццам нечаканы гук прымусіў яго прыслухацца да наваколля, а потым імгненна выпрастаўся і кінуўся бегчы праз пуці. Грымнуў наступны стрэл, куля свіснула зусім побач. Тадзік спатыкнуўся, упаў, разбіў калена, але зноў падскочыў. Наперадзе цямнеў плот, за ім было выратаванне. Страх гнаў яго, надаваў сілы, хоць, здавалася, сэрца вось-вось разарвецца ад напружання і стомы. Ён паспеў ускочыць у агарод і схавацца за хлеў, калі тое месца, дзе ён толькі што стаяў, прашыла аўтаматная чарга. Пасля хлопец ужо не помніў, колькі ён пераскочыў платоў, колькі агародаў і двароў перабег. У адным месцы апынуўся перад ім вялізны сабака, ухапіў за калашыну. Тадзік адарваў штыкеціну і адбіўвася ад звера. Сабака шалёна хапаўся зубамі за штыкеціну, не шкадуючы ўласных іклаў, паспеў яшчэ раз ухапіць Тадзіка за нагавіцы, пакуль хлопец у чарговы раз пераскочыў плот, а потым яшчэ доўга чуў за спіною хрыплы брэх. Горад нарэшце скончыўся, і хлопец здолеў спакойна агледзець пакусаную нагу, падраную калошыну ды пакрочыў у маёнтак Руту. Быў задаволены, што выйшаў цэлым з гэтае прыгоды, шкадаваў толькі: усяго адзін аўтамат здабылі. Мусіць, яго возьме сабе Вітольд, а Тадзіку давядзецца зноў адваёўваць сабе зброю. Вядомая рэч, які ты ваяка з пустымі рукамі? А як добра было б да вяртання Маўчуна займець хоць якую зброю! Можа, папрасіць у Вітольда яго пісталет? Але ж зброі шмат не бывае, мабыць, нічога ён не дасць, а шкада.