З тым жа сувязным нарэшце вярнуўся ён на базу і быў цёпла сустрэты паплечнікамі. Яго абдымалі, паціскалі руку, пыталі пра здароўе. Пан Руткоўскі, як бы правяраючы, стукнуў яго па параненым плячы і застаўся задаволены вынікам лячэння, бо ад’ютант толькі зморшчыўся.
– Што, нагадвае пра сябе рана? З вінтоўкі цяпер не стрэліш, аддача ў яе вялікая. Трымай мой аўтамат.
Тадзік вельмі ўзрадаваўся падарунку, але спытаў:
– А як жа пан маёр будзе без зброі?
– Хапае ў нас зброі, запасліся. Ты паглядзі на мяне, які мундзірчык.
Толькі цяпер Тадзік звярнуў увагу, што Руткоўскі сапраўды апрануты ў вайсковы мундзір, новы, як з іголачкі.
– Палову каманды апрануў, выдаў неабходную амуніцыю, – ганарыста сказаў Руткоўскі. – Цяпер не сорамна і на людзі паказацца.
– Рады за вас, як жа вам гэта ўдалося?
– Падполле жыве і працуе. У нас шмат спраў наперадзе, так што, Тадэвуш, ідзі да кухараў і паабедай, а пасля будзем меркаваць, што рабіць далей.
Хоць Руткоўскі намякаў на нейкія грандыёзныя справы, а насамрэч аказалася, што ў гэты час жаўнеры ў асноўным займаліся нарыхтоўкай харчоў, клапаціліся пра запасы на зіму, а Тадзік зноў заняўся штабною работаю. Аднойчы ён папракнуў Руткоўскага, колькі можна лайдачыць. На гэта маёр адказаў, што яны выконваюць стратэгічную задачу – клапоцяцца пра харчовую бяспеку, а вялікія справы, безумоўна, іх чакаюць наперадзе.
Непрыкметна настала зіма. Сціпла адсвяткавалі Каляды, сустрэлі Новы год. Толькі ў канцы студзеня Руткоўскі нарэшце зрушыў свой атрад. Было ў яго заданне падполля на выкананне спецыяльнай акцыі, якую ён усё адкладаў, нешта ўтрымлівала яго. Але час ішоў, трэба было хоць разведаць сітуацыю, бо акцыя скіроўвалася супраць беларусаў, якія не спяшалі перасяляцца з Беласточчыны ў Савецкі Саюз.
Марозным студзеньскім ранкам выйшлі жаўнеры з цёплых зямлянак і рушылі па цаліку да бліжэйшага лясніцтва, там была дарога. Руткоўскі, яго ад’ютант і яшчэ некалькі афіцэраў і разведчыкаў ехалі на конях, якім хада ў снезе па калена была малапрыемнаю. Астатнія жаўнеры перамяшчаліся пешкі. Вельмі здзівіліся, калі заспелі каля лясніцтва дзясятка паўтара фурманак.
– Тое, што нам трэба, – сказаў Руткоўскі і загадаў жаўнерам рассаджвацца на сані.
– Пан афіцэр, людзі прыехалі па дровы, – спрабаваў заступіцца за сялян ляснічы.
– Дровы нікуды не ўцякуць, а мне трэба людзей падвезці да Гайнаўкі.
Тадзік глядзеў на сялян у кажухах ды валёнках і думаў, што і яму няблага было б займець такі камуфляж на зіму, годзе ўжо мерзнуць у адной і той жа куртачцы, што служыць яму ва ўсялякую пару года. Самому быццам і не надта холадна, але параненае плячо баліць і мерзне.
– Тадзік, гэта ты? – нехта аклікнуў яго, ён павярнуў галаву і ўбачыў юнака, які ўсміхаўся з-пад аўчыннай шапкі, насунутай на вочы.
– Яська! Добры дзень, – Тадзік саскочыў з каня, падбег да сябра, абняў яго. – Ты прыкметна падрос!
– А ты не змяніўся. Як ты, што, дзе?
– З войскам, ваюем…
– Мяне солтыс па дровы паслаў, а тут столькі люду сабралася! Навошта столькі фурманак было збіраць у адзін дзень?
– І конік у цябе той жа. Каштан, Каштан, – паклікаў Тадзік Ясевага каня і пагладзіў грыву, конь павярнуў галаву, глядзеў, пазнаваў даўняга знаёмца.
– Стараваты ўжо, ды дзе ж грошай на новага ўзяць?
– Чым займаешся?
– Дома пакуль, хацеў паехаць вучыцца, дык маці захварэла, адклаў…