Выбрать главу

– Вучыцца? Хіба ёсць дзе?

– Чаму ж… Вайна скончылася, адчыняюцца новыя вучэльні, можна якую заўгодна прафесію выбіраць. Вучоба, дарэчы, кажуць, будзе бясплатная…

На чыстую пляцоўку выйшаў памочнік Руткоўскага, капітан Рак, гучна крыкнуў:

– Увага, панове! Маю гонар паведаміць, што польскі народ давярае вам важную місію – падвезці жаўнераў Арміі Краёвай да Гайнаўкі. За гэта атрымаеце такія паперы, згодна з якімі цэлы год вас ніхто ні на якія шарваркі браць не будзе. Па конях!

– Мне таксама хацелася б дзе-небудзь павучыцца, – нечакана для сябе сказаў Тадзік. – Яшчэ сустрэнемся, абмяркуем. А цяпер мне да камандзіра трэба. Я – ад’ютант.

– Сустрэнемся, – адказаў Ясь, паціскаючы руку сябру.

Тадзік прышпорыў каня, дагнаў Руткоўскага. Той злосна зірнуў на яго і спытаў:

– Дзе швэндаешся?

– Сябра сустрэў.

– Мы паварочваем налева да бліжэйшай вёскі, а Рак сам павядзе абоз далей.

"Скуль узяўся гэты Рак? – злосна падумаў Тадзік. – Пакуль я хварэў, з’явіліся ў аддзеле Руткоўскага новыя афіцэры, казалі, што іх прыслала падполле. Магчыма, і Рак, новы памочнік Руткоўскага, трапіў сюды такім чынам".

У Тадзіка з самага пачатку адносіны з Ракам не склаліся, памочнік камандзіра вельмі прыдзірліва ставіўся да Тадзіка, што часам Руткоўскі быў вымушаны бараніць свайго ад’ютанта. Іншы раз ён нават пытаў:

– Чаго гэта вы, як кот з сабакам, ніяк не можаце паладзіць?

– Не люблю недакладнасці, – адказваў Рак і з пагардай пазіраў на Тадзіка. – Паперы нават у палявых умовах павінны быць у поўным парадку, а ў нас адно бязладдзе.

– Дык вазьмі і зрабі ўсё, як след.

– А што тады будзе рабіць твой ад’ютант?

– Не чапай, Рак, Тадэвуша, ён у мяне не столькі ад’ютантам служыць, колькі добрым абярэгам. Каб ты ведаў, колькі мы з ім дарог сумесна прайшлі! Усё нам удавалася. Думаю, пакуль ён будзе пры мне, і далей пойдзе ўсё выдатна.

Дарога цягнулася праз поле, спрэс засланае снегам. Удалечыні ўзвышаўся лес. Дзень быў змрочны, ціхі, на захадзе грувасціліся хмары, абяцалі снег, ды толькі ў тым выпадку, калі вецер прывалачэ іх з небакраю. Тадзік азірнуўся на абоз. Недзе там сярод мноства саней ехаў Яська, але так і не згледзеў яго. Вёску, да якой яны зараз пад’язджалі, жаўнеры ведалі добра, мінулай зімой стаялі тут тыдні два, жылі па хатах у беларусаў і палякаў, харчаваліся ў гаспадароў, хадзілі да дзяўчат на вячоркі.

– Чаго мы сюды павярнулі, спярша быццам збіраліся на другую базу ехаць? – спытаў Тадзік у Руткоўскага.

– Справы тут ёсць, – адказаў той і нават не павярнуў галавы.

Уехалі ў сяло, мінулі колькі хат, спыніліся насупраць самай большай.

– Тут перадыхнем, – сказаў Руткоўскі, саскочыў з каня, пайшоў у двор.

Тадзік пастукаў у акно, за шыбаю ўзнік жаночы твар, потым з хаты насустрач выйшаў гаспадар, павітаўся, запрасіў:

– Калі ласка, панове, заходзьце.

Тадэвуш і Руткоўскі ўвайшлі ў хату на большую яе палавіну. Маёр адразу разаслаў карту на стале, вывучаў яе. Ад’ютант убачыў дзвюх дзяўчынак на ложку, шугануў іх на кухню, бо ведаў гарачы нораў маёра, крый Божа нечым не дагадзіць. Малыя залезлі на печ і са страхам пазіралі ўніз. Гаспадыня малілася каля абразоў. На панадворку пачуліся стрэлы. "Сваволяць жаўнеры, людзей запалохваюць, а навошта?" – падумаў Тадэвуш, але не адважыўся ў Руткоўскага спытаць, занадта злосны быў сёння камандзір. Калі запалала непадалёку хата, ад’ютант не стрымаўся і спытаў:

– Што мы тут робім?

– А ты яшчэ не зразумеў? Які ж ты някемлівы! Выкурваем беларусаў. Няхай ідуць у рай да Сталіна! Польшча – для палякаў!

– Дык яны ж тут спрадвеку жылі!

– А цяпер не будуць! Годзе нашу зямлю паскудзіць!

– Дазвольце, пан маёр, паглядзець, што ў вёсцы робіцца.

– Ідзі, праветрыся, а то звык, як кот, каля камандзіра ацірацца.

Тадзік пакрыўдзіўся, але змоўчаў, выйшаў на двор і ўбачыў гаспадара хаты, які ляжаў у лужы крыві за весніцамі. Жаўнеры выводзілі з хат жыхароў і гналі ў канец вёскі, там-сям гарэлі пабудовы, трашчала салома, ляцелі іскры, дым узносіўся над вёскаю, засцілаючы неба. Хваляванне ахапіла душу хлопца. "Чаму? Для чаго ўсё гэта? Хіба гэтак мы баронім Польшчу? – пытаў ён у сябе і не знаходзіў адказу. – Ці такое геройства я збіраўся здзяйсняць? Забіваць безабаронных людзей?" Каля бліжэйшага двара жаўнер размаўляў з хлопцам, з выгляду хворым на галаву, дурнаватым.

– Вядзі каня з хлява, – патрабаваў жаўнер.

– У нас мала аўсу, – адказваў хлопец і ўсміхаўся.

– Вядзі каня, скурвысыне, табе кажу!

Хлопец не ішоў да канюшні. А ўсё казаў, што ў іх мала аўсу. Жаўнер секануў з аўтамата. Хлопец зваліўся на зямлю.