Выбрать главу

– За што ты яго? – спытаў Тадзік, адчуваючы, як сэрца напаўняецца абурэннем і нянавісцю.

– За тое, што не выконваў загад. А табе што? Думаеш, калі ты каля камандзіра прыгрэўся, дык цябе ніхто не кране? Ці ты ведаеш, малакасос, што свае страляюць у спіну? – злосна сказаў жаўнер, плюнуў пад ногі і падаўся ў бок хлява.

Вяскоўцаў заганялі ў адну даволі вялікую хату, якая мела два выхады. Набілася туды сялян, як семак у гарбуз. Жаўнеры пазачынялі дзверы, вокны завесілі аканіцамі, хату падпалілі, пастаялі, назіраючы, ці добра ўзялася гарэць будыніна. Калі ў сярэдзіне хаты пачалі людзі жудасна крычаць, жаўнеры палічылі за лепшае адысці далей, каб не чуць галасу. Саламяны дах гарэў хутка, узяліся кроквы, агонь ахапіў сцены, хата енчыла. Тадзік саскочыў з каня, кінуўся да дзвярэй з боку хлява, адчыніў іх, закрычаў:

– Выходзьце! Выходзьце! Пагарыце! Хутчэй! Хутчэй!

Людзі імгненне стаялі ў нерашучасці. Нарэшце нейкі хлапчук шмыгнуў праз дзверы. За ім рынулі астатнія, беглі да бліжэйшай вёскі, а калі ўбачылі, што і тая палае, кінуліся да ратавальнага лесу. Тадзік праводзіў іх задаволеным позіркам, усё ж сарваў нялюдскую акцыю. Жаўнеры заўважылі ўцекачоў, адкрылі агонь. Але вяскоўцы былі ўжо далёка.

Цяжар, які наваліўся на Тадзікава сэрца, трохі адлёг, але ён адчуў, што не жадае бачыць Руткоўскага і падпарадкавацца яму, не жадае служыць. Узнікла жаданне збегчы да Ванды, заняцца нейкімі будзённымі справамі, наведаць маці, каб распытаць, як яна жыла ўсе гэтыя гады, што новага ў яе, мо ад бацькі які ліст прыйшоў, цяпер жа Польшча і Савецкі Саюз быццам сябруюць.

– Ад’ютант, цябе камандзір шукае, – сказаў яму незнаёмы жаўнер.

– Дзе ён цяпер?

– Вунь там, пад дрэвамі.

Тадэвуш накіраваўся да гурту, якія сабраўся вакол камандзіра, але перш азірнуўся і з жудасцю ўбачыў, што ўся вёска палала. Агонь ахапіў два рады хат, шалёна шугаў, злучаўся над дахамі, утвараў пякельную арку. "Гэта ўчынілі мы, якія называемся выратавальнікамі Польшчы?! Не разумею, ніколі не прыму гэтага злачынства!" – падумаў Тадзік, падыходзячы да гурту.

– Жаўнеры, мы добра папрацавалі і заслужылі смачную вячэру. Едзем у местачковую рэстарацыю! Я частую! – абвясціў Руткоўскі.

У адказ пачуліся радасныя воклічы. У большасці жаўнераў было па два ці нават па тры кані. "Абрабавалі і пазабівалі сялян, забралі коней, папалілі маёмасць, ацалелых людзей ператварылі ў жабракоў-пагарэльцаў, – з горыччу думаў Тадзік. – І з гэтымі рабаўнікамі і забойцамі я збіраюся прынесці волю Польшчы? Што я тут наогул раблю? Як магло здарыцца, што пан Руткоўскі, барацьбіт за вызваленне Айчыны, раптам ператварыўся ў атамана бандыцкай шайкі? І ўсё гэта здарылася на маіх вачах! Выходзіць, што і я такі самы…"

– Чаго ты, Тадэвуш, сумны? – спытаў раптам маёр ад’ютанта.

– Шкадую тую хату, у якой кватараваў два тыдні, грэўся на печы, а цяпер яе няма…

– Знайшоў пра што шкадаваць! Глядзі, колькі ў нас коней. Нарэшце я магу завесці сваю кавалерыю, пра што даўно марыў.

– Віншую…

– Што гэта за тон! Як размаўляеш з камандзірам!

Тадзік нічога не адказаў, ускочыў на каня, сцебануў яго і моўчкі паскакаў уперад.

74

Жаўнеры ўвайшлі ў рэстаран, загадалі афіцыянтам ссунуць сталы, пасля самавіта расселіся. Афіцыянты хутка прынеслі талеркі з нарэзанай і прыгожа выкладзенай каўбасой, вяндліну, салаты, гарэлку. Налілі кілішкі, стоячы выпілі за Польшчу і сталі закусваць. У гэты час пачуўся шум матора. Выглянулі ў акно з цікаўнасці, бо самаходы тут былі з’явай рэдкай, убачылі вайсковы "газік", з якога выйшлі два савецкія афіцэры.

– Хлопцы, наша здабыча ідзе, – крыкнуў нехта з жаўнераў.

Руткоўскі таксама падышоў да акна, ацаніў сітуацыю, загадаў пяці падначаленым:

– Сустрэць на лесвіцы, раззброіць, завесці ў прыбіральню і там скончыць справу.

– Будзе зроблена, – казырнулі жаўнеры.

Аднак на лесвіцу высыпалі не толькі прызначаныя пяць, а ўсе, за сталом засталіся толькі Руткоўскі і Тадзік.

– Чаму ты не пайшоў разам з усімі? – спытаў маёр.

– Без мяне справяцца.

– Няўжо табе не цікава.

– Мне пасля гэтыя мерцвякі будуць сніцца.

– Слабая нервовая сістэма, не змагар…

– Гледзячы за што і як змагацца, – агрызнуўся Тадзік.

– Не падабаецца, дык шукай сабе новага камандзіра.

Тадзік бачыў, што Руткоўскі абураны ягоным выказваннем, таму змягчыў адказ:

– Справа не ў камандзіры, а ў метадах барацьбы, якія абрала Армія Краёва.

– У Варшаве і Лондане сядзяць людзі значна разумнейшыя за нас з табою. Яны вырашаюць і загадваюць, а мы выконваем.