У гэты час пачалі вяртацца да стала жаўнеры. Адзін з пасланых пяці выцягнуўся перад Руткоўскім і адрапартаваў:
– Заданне выканана.
Ён паклаў на стол два вайсковыя білеты, яшчэ нейкія паперы, аўтамат і пісталет. Руткоўскі прагледзеў дакументы і задаволена сказаў:
– Мы злавілі буйную рыбу: палкоўнік і лейтэнант. Урэшце рэшт усіх акупантаў Польшчы чакае такі лёс. За нашу перамогу!
Жаўнеры тост падтрымалі і дружна выпілі. Сядзелі ў рэстаране доўга, нікому не хацелася выходзіць на мароз. Пасля апоўначы прыйшоў гаспадар і паведаміў, што рэстарацыю трэба зачыняць. П’янаваты і вясёлы Руткоўскі адказаў, што ўстанова зачыніцца пасля таго, калі яны пойдуць. Гаспадару нічога не заставалася, як пагадзіцца. Пілі шмат, елі са смакам, калі адчулі сытасць, пачалі спяваць, пасля паснулі проста за сталом. На світанку Руткоўскі абвясціў пабудку. Гаспадар сам абслужыў гасцей, паднёс гарбату і бутэрброды. Пасля сняданку вялыя і ўсё яшчэ п’янаватыя жаўнеры выходзілі з памяшкання на вуліцу, удыхалі свежае паветра, ішлі да коней, прывязаных у двары, каля чорнага ўваходу рэстарана.
– За мной! – скамандаваў Руткоўскі, і жаўнеры патрусілі на сваіх коніках за камандзірам.
На паўдарозе да старой базы сустрэлі Рака з сялянскімі санямі, на якіх ужо не было вазакоў. Тадзік устрывожана зірнуў на Ясевага Каштана, які трапіў яму на вочы першы і спытаў незнаёмага жаўнера:
– Дзе сяляне, гаспадары саней?
– Пастралялі іх яшчэ ўчора.
– Дзе?
– Не ведаю, недзе ў лесе. Я там не быў, мы вёску палілі.
– Усіх, усіх пастралялі?
– А колькі там іх было? Як раз плюнуць…
"Няўжо майго Яську расстралялі?! Сабакі! Ваўкі крыважэрныя! Не веру. Пайду да Рака, няхай ён пацвердзіць гэтую паганую вестку". Ён наблізіўся да памочніка Руткоўскага і сказаў:
– Вы абрабавалі людзей ды яшчэ пазабівалі іх. Як можна чыніць такое зло?
– Гэта не людзі, гэта праваслаўныя! Ім няма месца на нашай зямлі!
– У нас адзін Бог – Ісус Хрыстос.
– Ты хто такі, каб мяне вучыць? Падшыванец, скурвысын!
Тадзік абурана зірнуў на Рака і сказаў:
– Выклікаю пана на двубой!
– Што тут зноў дзеецца? – паміж імі ўзнік Руткоўскі.
– Гэты… гэты малакасос мяне жыццю вучыць, на двубой кліча. Паглядзі, Каэтан, я магу адным пальцам яго раздушыць, як клапа, – выкрыкнуў Рак, твар ягоны наліўся чырванню.
– Годзе, годзе, няма калі разводзіць спрэчкі, вяртаемся дамоў, нас чакае адпачынак і падзяка начальства. Пайшлі, Рак, на твае сані, нам трэба тэрмінова абмеркаваць план на наступны тыдзень.
Тадзіка распірала ад злосці, ён правёў афіцэраў гнеўным позіркам, ускочыў на каня, рухаўся ў самым хвасце абоза, каб ні з кім не размаўляць, нікога не чуць і не бачыць. Доўга ехаў, ажно пачаў драмаць, яго разбудзілі стрэлы. Аказалася, што першыя коннікі напароліся на засаду. Абоз павярнуў назад. Калі Тадзік зірнуў па баках, дык убачыў, што іх акружаюць чырвонаармейцы. Адразу зразумеў – напаткала помста за афіцэраў, забітых у рэстаране. Ззаду быў яшчэ прагал, праз які можна было праскочыць. Тадзік ужо наважыўся накіравацца туды, але раптам пачуў голас Руткоўскага:
– Базан! Базан!
Хлопец азірнуўся і ўбачыў, што маёр вываліўся з перавернутых саней і ляжыць у снезе. Тадзік падскакаў да яго, дапамог ускараскацца на каня і паляцеў. Над галавою свісталі кулі, як тады ў першыя дні вайны, калі яго даганяў немец. Яны ўдала праскочылі небяспечны прагал, калі стрэлы сціхлі, Тадзік азірнуўся. Ззаду кола аблогі сціснулася, ахапіла жаўнераў.
– Шмат паб’юць, шмат возьмуць у палон, паглядзіце, што робіцца, – разгублена сказаў ён, а сам падумаў: "Гэта адплата за ўчыненае зло".
– Непапраўная памылка, зарваліся мы, – падвёў рысу Руткоўскі.
– Куды паедзем?
– На новую базу.
– Нехта з нашых расколецца і прывядзе да яе чырвоных.
– Калі тое яшчэ будзе? Ноч ці дзве мы там перакантуемся без турботы. Трэба сабрацца з думкамі. Да таго ж, можа, нехта з нашых усё ж вырвецца з аблогі і таксама прыбяжыць туды. Толькі сабраўся стварыць кавалерыйскі эскадрон… І ўсё прахам!
– На снезе застануцца сляды, якія могуць прывесці да нас ворагаў.
– Занадта асцярожны ты стаў, пакуль цябе лячылі.
– Беражонага Бог беражэ, кажуць разумныя людзі.
База сустрэла іх спакоем і цішынёй.
– Вось тут наш рай, – сказаў Руткоўскі. – Ідзі, Тадэвуш, звары бульбы і падсмаж сала. А я трохі пасплю, нешта стаміўся ад гэтых мітрэнгаў…
– А можа, паямо сала з хлебам ды і годзе. Я таксама страшэнна хачу спаць, а мне ж яшчэ давядзецца стаяць на варце.