Выбрать главу

– Разумная думка.

Пасля вячэры Тадзік пратапіў печку ў зямлянцы, потым стаяў на варце, чакаў, калі Руткоўскі выспіцца, прыслухоўваўся, ці не вяртаецца хто з жаўнераў. Найболей яму зараз хацелася апынуцца дома, убачыць маці, пацалаваць яе рукі і папрасіць прабачэння за тое, што столькі гадоў не паказваўся на вочы. Хоць, безумоўна, мог знайсці магчымасць, а вось не выйшла, не атрымалася. Проста баяўся, што яна не адпусціць яго, забароніць вярнуцца ў тое жыццё, да якога ён ужо звык за гады вайны.

Ніхто з жаўнераў не прыйшоў і праз суткі. Магчыма, нехта і выратаваўся, але, мусіць, палічыў за лепшае вярнуцца дамоў, а не шукаць небяспечных прыгод.

– Далей тут заставацца не мае сэнсу. Што мы, два рабінзоны, можам зрабіць? – спытаў Тадзік.

– Мы можам шмат, – цвёрда адказаў Руткоўскі. – Ты з якой вёскі, я забыўся…

– З Лазнякоў.

– У вас якое насельніцтва?

– Да вайны былі палякі, беларусы, габрэі…

– Ну, габрэяў там, напэўна, не засталося, а беларусаў мы можам выкурыць.

– Як гэта? – насцярожана спытаў Тадзік.

– Вельмі проста. Ты ж ведаеш, дзе і хто жыве. Ноччу падпалім іхнія хаты і ўсё. Сабакі не брахалі, а беларусаў павыганялі, – засмяяўся Руткоўскі.

"Мала таго, што з ягонай згоды забілі майго сябра, ён хоча яшчэ і вёску маю спапяліць! Вылюдак!" – абурана падумаў Тадзік.

– Новая польская ўлада павінна адчуваць, што не яна тут гаспадарыць, разумееш? Мы павінны дзейнічаць і дзейнічаць! – даводзіў Каэтан.

– Не дазволю паліць маю вёску!

– Ты мне не дазволіш! Я расстраляю цябе за невыкананне загаду! – Руткоўскі схапіўся за аўтамат.

Тадзік у адно імгненне выхапіў пісталет і ўсадзіў у нянавіснае цела ўсю абойму. Руткоўскі са здзіўлена выцягнутым тварам абсунуўся на падлогу і знерухомеў.

75

Пасля нядоўгіх разваг Тадзік вырашыў спярша зайсці да маці, пабачыцца ды і развітацца надоўга, бо разумеў, што хутка пачнуць шукаць Руткоўскага, а заадно ад’ютанта, таму трэба было тэрмінова дабірацца да Беластока, адшукаць кіраўніцтва Арміі Краёвай, а пасля вырашыць, як жыць і чым займацца. Наладзіць сувязі ён збіраўся праз доктара, у якога лячыў параненае плячо. Надвячоркам прыйшоў да старой грушы-дзічкі, схаваў у дупле аўтамат. Калі зусім сцямнела, накіраваўся да роднай хаты. Маці, мусіць, ужо адпачывала, бо вокны былі цёмныя. Падышоў да весніц, адчыніў іх, прайшоў па двары, падняўся на ганак і раптам на яго наваліліся ззаду, скруцілі рукі, надзелі наручнікі.

– Нарэшце дачакаліся мы цябе, Базан-Сапранецкі, – сказаў нехта па-польску.

"Свае паліцыянты, – падумаў Тадзік са злосцю. – Як жа я мог так неабачліва трапіць у пастку?"

– Не будзіце маці. Няхай яна нічога не ведае, – папрасіў ён.

– Ідзі, ідзі, нам твая маці без патрэбы.

Яго падштурхнулі ў спіну і павялі да будынка гміны, а стуль на кані павезлі ў мястэчковую турму, дзе ўжо, як ён зразумеў, сядзела шмат жаўнераў з тых, што трапілі ў палон пры аблозе. Два паліцыянты адразу дапыталі, хто ён такі і што рабіў у двары Сапранецкіх.

– Вы ж самі назвалі маё прозвішча і клічку. Дык навошта яшчэ лішнія размовы? – здзіўлена спытаў Тадзік.

– Так, мы шукалі Тадэвуша Сапранецкага, але ці таго злавілі? Такое ў нас пытанне.

– Таго, можаце не сумнявацца.

– Ты быў у бандзе Руткоўскага?

– У аддзяленні Арміі Краёвай.

– Банда ёсць банда, як ты яе ні называй. Знішчалі людзей, палілі вёскі, дзейнічалі, як фашысты, выдаючы сябе за патрыётаў Польшчы! – павысіў голас адзін з паліцыянтаў.

– Асабіста я гэтага не рабіў, – адказаў Тадзік, якога пакутліва даймала пытанне: хто мог ведаць яго сапраўднае прозвішча і імя, акрамя Руткоўскага, закралася сумненне, мо маёр выжыў і яго знайшлі на базе.

– Гэта мы яшчэ высветлім. Зараз прывядуць чалавека для апазнання тваёй асобы.

Праз колькі хвілін прывялі вязня з апушчанаю галавою, ускудлачанымі валасамі, з сінякамі пад вачамі, у ім Тадзік ледзьве пазнаў Рака.

Паліцыянт звярнуўся да былога памочніка Руткоўскага і спытаў, хто гэты хлопец. Рак зірнуў на Тадзіка і сказаў:

– Тадэвуш Сапранецкі, псеўданім Базан, ад’ютант Руткоўскага.

– Ці браў ён удзел у спальванні вёсак?

– Не ведаю, у той дзень Руткоўскага з намі не было, а Базан заўсёды быў пры ім і на аперацыі не хадзіў. Маёр казаў, што трымае яго пры сабе як шчаслівы талісман.

– Выведзіце, арыштанта, – загадаў паліцыянт.

Жаўнер узяў пад руку Рака і павёў на калідор. Тадзік здагадаўся, скуль былы памочнік маёра ведаў ягонае прозвішча. Ён патрабаваў, каб былі дакладныя спісы жаўнераў з адрасамі і прозвішчамі быццам для таго, каб нічыё імя не было забытае пасля перамогі над акупантамі, а спатрэбілася тая праца, якую не надта ахайна вёў ад’ютант, для выкрыцця.